Эталон ветлівасці

Споўнілася 90 год з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля, лаўрэата шматлікіх дзяржаўных і літаратурных прэмій.
Споўнілася 90 год з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля, лаўрэата шматлікіх дзяржаўных і літаратурных прэмій.

Ён быў эталонам шляхетнасці, ветлівасці, аб’ектыўнасці, уважлівым да іншых, што і я адчуў на сабе, а паходзіў Янка Брыль не са шляхты, а з сям’і рабочага-чыгуначніка, які ў сувязі з падзеямі Першай сусветнай вайны мусіў падацца ў бежанства. Аднак хутка вярнуўся на радзіму, у вёску Загор’е цяперашняга Карэліцкага раёна.

У дзяцінстве будучы пісьменнік, не маючы магчымасці закончыць гімназію, шмат займаўся самаадукацыяй, захапляўся творчасцю Льва Талстога і Антона Чэхава, стварыў у роднай вёсцы драматычны гурток, урэшце, у 1938 годзе пачаў пісаць у віленскія беларускія газеты. У пачатку Другой сусветнай вайны абараняў ад фашыстаў Гдыню, трапіў у палон, уцёкшы з яго, пайшоў у партызаны. Вайна назаўсёды пакінула свой жудасны след, нездарама працаваў разам з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам над кнігай успамінаў ахвяр нацызму “Я з вогненнай вёскі”.

Янка Брыль — на каляндарыкуПрыгадаю, што Івана Антонавіча не стала год таму. А першая наша сустрэча адбылася дзесьці ў 1953 годзе — пасля таго, як яго аповесць пра калектывізацыю ў Заходняй Беларусі атрымала Дзяржаўную прэмію СССР. Мы, студэнты Беларускага дзяржаўнага універсітэта, сабраліся на чытацкую канферэнцыю па гэтай кнізе. Я ўжо не помню дакладна, што тады гаварыў, але, у адрозненне ад іншых, выказаў і некалькі дробных крытычных заўваг. Гэта спадабалася аўтару, які, спыніўшы мяне ў канцы сустрэчы, пацікавіўся, адкуль я родам і ці не “крэмзаю” чагосьці сам.

Памятаецца, потым нашы сустрэчы, ужо больш “раўнапраўныя” адбываліся на кватэры Караткевічаў. Застаўся запіс, датаваны 23 лістапада 1968 года, калі адзначаўся дзень нараджэння Валодзі. Апошні пахваліўся, што ў Віцебскім драматычным тэатры нарэшце бяруцца ставіць яго “Кастуся Каліноўскага”. У адказ на гэта Брыль задумліва прыгадаў словы Хемінгуэя: “Пішы сумленна, а некалі цябе прызнаюць — хоць пасля смерці, што ўжо сумна”. Пасля гэтай цытаты знайшоў я і ўласны “каментарый”: “Брыль разумее, што ўжо належыць гісторыі, і гэта разуменне бачна ў яго жэстах, постаці. Цікава, ці піша ён дзённікі. Мабыць, піша”.

Другая сустрэча, якая адбылася на той жа кватэры роўна праз год, прайшла досыць канфліктна. Янка Брыль стаў папракаць мяне за тое, што я заклікаю ў друку перакласці на беларускую мову аповесць “Неўтаймаваныя сэрцы” польскай пісьменніцы Эміліі Кунавіч, якая да вайны настаўнічала на заходнебеларускай Вілейшчыне, у Ільі. Маўляў, Беларусь паказана там “вашываю і толькі”; лепш ужо перакладаць “Іскры Сібіры” Гушчы або творы Радзевіч, Гамуліцкага. Я слаба бараніўся: да вайны былі і “вашывыя” беларусы, што зробіш. А ў цэлым аповесць напісана сумленна, гэта прызнаюць і вучні Кунавіч. Адна з іх узялася перакладаць аповесць, то няхай выходзіць. Дарэчы, нядаўна ў Ільі ўрачыста адзначылі 100-годдзе з дня нараджэння Э. Кунавіч, пра што пісаў і “Голас Радзімы”.

Польская літаратура з’яўля-лася ў нас частай тэмай падчас сустрэч, бо Янка Брыль быў дасведчаным яе прадстаўніком — асабліва тых яе пісьменнікаў, якія нарадзіліся на беларускай зямлі. 21 жніўня 1976 года, ужо на кватэры Янкі Брыля, я пазнаёміўся з гданьскім празаікам Збігневам Жакевічам, улюбёным у Маладзечаншчыну, край свайго дзяцінства, якому прысвечаны некалькі яго кніг. Памятаецца, яны ездзілі з Семашкевічам у Беніцу да хворага настаўніка будучага польскага празаіка Юльяна Сергіевіча. Жакевіч нават намагаўся за сталом гаварыць па-беларуску. Другі раз, у маі 1978 года, нашым супольным госцем быў лодзінскі пісьменнік, перакладчык беларускай паэзіі Мацей Юзаф Канановіч. Памятаецца, у рэстаране “Юбілейны” па яго гучнай прапанове мы стоячы выпілі за памяць Тадэвуша Касцюшкі, і польскі госць быў крыху, але прыемна здзіўлены, калі яго заклік дружна падтрымалі за суседнімі сталамі і некалькі савецкіх афіцэраў. (“А как же, ведь под Ленино вступила в бой Первая польская дивизия его имени”).

Застаўся ў памяці вечар у Данілы Канстанцінавіча, сына Якуба Коласа, прысвечаны 93-й гадавіне з дня нараджэння Песняра. Застолле было і сямейным, і дзелавым. Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі там упершыню падзяліўся радасцю, што нарэшце пад Мікалаеўшчынай яму ўдалося знайсці рэчышча пра-Нёмана і што пра гэта ён піша кнігу. Па камандзе гаспадара за кожнае сужонства гаварыў тост нехта з прысутных. Пасля Коласа, Міцкевічаў, Гарэцкіх, Брылёў, Караткевічаў дайшла чарга і да нас з Марыяй. Янка Брыль, гаворачы тост, успомніў тое, пра што і я сам забыўся: у верасні 1939 года, калі рабавалі панскія маёнткі, мой бацька замест іншага дабра прывёз з паўвоза кніг…

Былі і іншыя, “грамадскія” сустрэчы — на пісьменніцкіх пленумах і вечарах, чытацкіх канферэнцыях. 26 студзеня 1980 года такая канферэнцыя прайшла ў акадэмічнай бібліятэцы. Была яна незвычайнай, бо складалася з адказаў на загадзя сабраныя пытанні. Памятаецца, пра Караткевіча ён сказаў, што вельмі высока яго цэніць, што ён самы чытабельны (“Яго бяруць з сабой нават у Туніс, а пачытаць просяць ледзь не кожны дзень”). У 90-ыя гады Янка Брыль быў частым госцем кангрэсаў і канферэнцый беларусістаў, Цэнтра імя Скарыны. Перадаў у падарунак Цэнтру частку сваёй багатай бібліятэкі.
Наша апошняя, ужо тэлефонная размова адбылася літаральна за месяц да смерці Янкі Брыля. Тады ён прыслаў мне сваю новую кнігу, як заўсёды спрыяльна падпісаную і акуратна запакаваную. Мне заставалася падзякаваць. І голас Янкі Брыля, як мне здалося, гучаў яшчэ бадзёра.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter