У Мінску працягваецца праект Theatre HD

Эпатажная Лулу

У Мінску працягваецца праект Theatre HD. На гэты раз 21 лістапада ў зале кінатэатра «Цэнтральны» гледачы ўбачаць прамую трансляцыю з Metropolitan Opera авангарднай оперы «Лулу». Гэты шакіруючы шэдэўр — гісторыя  пра маладую жанчыну, перад сексуальнасцю якой немагчыма ўстаяць, але  паводзіны якой разбураюць жыццё кожнага, хто падпадае пад яе чары.


Партытуру стварыў аўстрыйскі кампазітар Альбан Берг, адзін з вядомейшых прадстаўнікоў экспрэсіянізму ў музыцы. У аснову лібрэта леглі тэксты Франка Ведэкінда, смелыя нават для свабоднай Еўропы пачатку стагоддзя. У 1904-м аўтара асудзілі за абразу грамадскай маральнасці, а ўжо праз стагоддзе творы, якія ўзнiмаюць праблемы палоў і пошукаў новай маралі, ставяцца на лепшых сцэнах свету. Цікавасць да «Лулу» вялікая і дзякуючы дзёрзкай і дынамічнай пастаноўцы Уільяма Кентрыджа з уласцівай яму самабытнай і пазнавальнай мастацкай манерай. Дырыжорам выступіць Джэймс Лівайн, для якога «Лулу» — адна са знакавых опер у кар’еры: ён стаяў за пультам з самага першага яе з’яўлення ў рэпертуары Metropolitan Opera ў 1977 годзе.

Сваё майстэрства ў ролі Лулу прадэманструе Марліс Петэрсан, яе партнёрамі стануць Сюзан Грэм, а таксама Даніэль Брэн, Пол Гроўз, Ёхан Ройтэр і Франц Грундхебер, яны сыграюць мужчын, якія сталі ахвярамі чар галоўнай гераіні.

Theatre HD — праект, які аб’ядноўвае больш за 35 гарадоў Расіі, Украіны, Казахстана, а з нядаўняга часу і Беларусі. У Мінску Theatre HD стартаваў з пачатку кастрычніка операй «Трубадур». Сутнасць праекта ў тым, што на экранах кінатэатраў дэманструюцца тэатральныя, оперныя і балетныя пастаноўкі самых вядомых сцэн свету. У рэжыме рэальнага часу на вялікім экране можна ўбачыць і пачуць лепшых выканаўцаў сучаснасці, пабываць на спектаклях, пра якія гаворыць увесь свет, не пакідаючы родны горад.

У снежні аматарам оперы прапануюць яшчэ адзін музычны шэдэўр — «Чароўную флейту». Працяг праекта Theatre HD арганізатары абяцаюць і ў наступным годзе.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter