Пра асаблівасці атрымання энергіі з аднаўляльных крыніц гаварылася на прэс-канферэнцыі ў Мінску

Энергія сонца і ветру

Пра асаблівасці атрымання энергіі з аднаўляльных крыніц гаварылася на прэс-канферэнцыі ў Мінску


Энергабяспека — тэма для краіны па-ранейшаму актуальная, і таму Беларусь перакройвае свой энергабаланс. Трымаем курс на тое, каб спажываць больш электрычнасці, цяпла з аднаўляльных крыніц. “Ужо у 2018 годзе іх доля ў агульным энергабалансе краіны дасягне 6 працэнтаў”, — паведаміў журналістам начальнік аддзела навукова-тэхнічнай палітыкі ды знешнеэканамічных сувязяў Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржкамітэта па стандартызацыі Андрэй Мінянкоў.


Сонечная электрастанцыя сёлета запрацавала ў Брагіне

Як вядома, у краіне створана сістэма Мінэнерга, якая забяспечвае розных спажыўцоў паліўна-энергетычнымі рэсурсамі. Адкуль яны? Ёсць крыніцы традыцыйныя, з’яўляюцца новыя. За апошнія дзесяць гадоў у Беларускай энергасістэме ўведзены ў эксплуатацыю звыш 2000 МВт якасна новых высокаэфектыўных генерыруючых магутнасцяў. І ўжо сёння, гаварылася на прэс-канферэнцыі, дзякуючы ім зменшана спажыванне прыроднага газу, амаль у тры разы скарочаны імпарт электраэнергіі.

Паказчык выкарыстання энергіі з аднаўляльных крыніц — адзін з індыкатараў энергабяспекі краіны. Па выніках 2015 года значэнне індыкатара 5,5%, сёлета, мяркуецца, будзе 5,7%. Хоць і няшмат, але “энергаголад” нам не пагражае. “Сёння ў свеце 19% усёй энергіі вырабляецца за кошт аднаўляльных крыніц, — развіў думку прадстаўнік “Белэнерга” Андрэй Нягодзька. — У Германіі на долю альтэрнатыўнай энергетыкі прыходзіцца 25% у агульным энергабалансе краіны. У Беларусі паказчык набліжаецца да 6%, але наша энергасістэма надзейная і стабільная”. І калі ўявіць сабе, што нашу краіну ўсе суседнія ў адзін момант адключаць ад сваіх энергасістэм, то электрычнасць, лічыць Андрэй Нягодзька, у нас не прападзе.


Вясковы пейзаж з ветракамі — гэта сучасна
Цяпер у Беларусі выкарыстоў­ваецца энергія біямасы, ветравая і сонечная энергія, геатэрмальныя рэсурсы нетраў, энергія вады і біягазу. Асноўны альтэр-рэсурс у нас — драўніна. У Беларусі працуюць 22 міні-ЦЭЦ на драўняным паліве. Дынамічна развіваецца ветраэнергетыка: у 2006-м сумарная ўстаноўленая магутнасць ветраэнергаўстановак была 0,9 МВт — а магутнасць толькі аднаго ўведзенага ў строй сёлета дзяржаўнага ветраэнергетычнага парку пры вёсцы Грабнікі Навагрудскага раёна Гродзеншчыны складае 9 МВт. Усяго на тэрыторыі краіны выяўлена 1840 пляцовак для размяшчэння ветраўстановак з тэарэтычна магчымым энергапатэнцыялам больш 1600 МВт, і працуе ужо 65 ветракоў.

Самая стабільная і эфектыўная сярод альтэрнатыўных у Беларусі — энергія гідраэлектрастанцый. Хоць такі рэсурс у краіне нязначны, але ёсць патэнцыял, каб узводзіць малыя ГЭС у паўночнай і цэнтральнай частцы краіны. Як вядома, у Беларусі — больш за 20 тысяч рэк агульнай працягласцю звыш 90 тыс. кіламетраў, патэнцыйная магутнасць усіх вадацёкаў — 850 МВт, з іх тэхнічна мэтазгодна асвоіць — каля 200 МВт. Цяпер працуюць 23 гідраэлектрастанцыі сумарнай устаноўленай магутнасцю 26,5 МВт. Самая магутная (17 МВт) — Гродзенская на Нёмане, працуе з 2012 года. Цяпер будуюцца яшчэ дзве ГЭС на Дзвіне з агульнай магутнасцю 63 МВт (Полацкая і Віцебская), будзе і Немнаўская на Нёмане. Да 2020 года ў энергасістэме Беларусі больш за 3% зойме энергія з гідракрыніц.

Каштоўная крыніца энергіі — біягаз, атрыманы з адходаў раслінаводства, жывёлагадоўлі, камунальных адходаў. Паводле звестках Мінпрыроды, у Беларусі біягазавыя ўстаноўкі прадукцыйнасцю кожная звыш 500 кВт можна ўсталяваць на 537 аб’ектах. Сумарна яны маглі б даць пад 270 МВт. Аднак перспектыўны рэсурс пакуль што вельмі слаба выкарыстоўваецца: па краіне працуе толькі 16 біягазавых установак.

А што з энергіяй Сонца? Выкарыстоўваем! У краіне дзейнічае 30 фотаэлектрастанцый, і ёсць перспектывы для іх пашырэння. У прыватнасці, сёлета ў жніўні ў Брагіне (Гомельская вобласць) запушчана самая вялікая ў краіне сонечная электрастанцыя, памерам з 60 футбольных палёў — яе збудавала кампанія velcom. “Займае плошчу звыш 41 гектара, а яе намінальная магутнасць дасягае рэкордных для беларускіх геліяўстановак 18,48 МВт. Ніводзін іншы аб’ект, які працуе ў краіне ад сонца, не валодае такімі характарыстыкамі”, — пішуць калегі з інтэрнэт-партала “Правда. Гомель”.

Працуе і каля 100 геатэрмальных установак: іх сумарная цеплавая магутнасць — каля 5,5 МВт. Два гады таму ўведзена ў доследную эксплуатацыю пілотная геатэрмальная станцыя магутнасцю 1 МВт: на тэрыторыі цяплічнага комплексу “Бярэсце” ў Брэсцкім раёне. Дзякуючы ёй часткова абаграваюцца цяпліцы гаспадаркі.

Цяпер, як вядома, у Беларусі, пад горадам Астраўцом будуецца атамная электрастанцыя. Як адзначалася на прэс-канферэнцыі, з уводам яе ў строй (2019 год) імпартаваць электрычнасць у краіну наогул не плануецца.

Беларусь не багатая на вуглевадародную сыравіну. Таму ўжо сёння варта думаць: чым нашы нашчадкі будуць абаграваць дамы, асвятляць іх. “Аднаўляльныя крыніцы — гэта фактычна неабмежаваны энергарэсурс, прычым рэсурс у большасці выпадкаў бясплатны, — сказаў напрыканцы прэс-канферэнцыі Андрэй Мінянкоў. — Аднак тэхналогіі, абсталяванне для іх выкарыстання значна даражэйшыя, чым традыцыйныя. Ды ўсё ж аднойчы выдаткаваўшы грошы для стварэння такіх установак, неабходнай інфраструктуры, мы потым практычна маем толькі прыбытак. У 2035-м Беларусь плануе выйсці на ўзровень 9% спажывання энергіі з аднаўляльных крыніц у агульным энергабалансе”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter