Ельскія. Прозвішча абавязвае…

Радзівілы, Сапегі, Ельскія… Паводле лёсу гэтых і іншых знакамітых родаў навукоўцы абараняюць дысертацыі, архівісты — складаюць генеалагічныя дрэвы. Родавыя паданні звязаны з загадкавай, часам незразумелай альбо не да канца даследаванай гісторыяй мінулых гадоў. Між тым, галінкі родаў жывыя і сёння. У тым мяне пераканала размова з нашчадкам роду Ельскіх — прафесарам медыцыны Віктарам Ельскім, які цяпер жыве ва Украіне, у Данецку.
Прафесар Віктар ЕльскіРадзівілы, Сапегі, Ельскія… Паводле лёсу гэтых і іншых знакамітых родаў навукоўцы абараняюць дысертацыі, архівісты — складаюць генеалагічныя дрэвы. Родавыя паданні звязаны з загадкавай, часам незразумелай альбо не да канца даследаванай гісторыяй мінулых гадоў. Між тым, галінкі родаў жывыя і сёння. У тым мяне пераканала размова з нашчадкам роду Ельскіх — прафесарам медыцыны Віктарам Ельскім, які цяпер жыве ва Украіне, у Данецку.

Трэба сказаць, што Віктар Мікалаевіч — адзін з самых актыўных прадстаўнікоў сваёй знакамітай сям’і. Сам цікавіцца радаводам, наладжвае і аднаўляе сувязі паміж нашчадкамі роду, якія жывуць цяпер у розных краінах — Расіі, Украіне, Польшчы, Літве, Германіі, Францыі. Гэта яму належыць задума міжнароднай канферэнцыі “Ельскія ўчора і сёння (500-годдзе роду Ельскіх герба “Пелеш”)”, што нядаўна прайшла ў Данецку. Менавіта з аповеду пра тое свята і пачаў гаворку Віктар Ельскі:

— Актавая зала Данецкага дзяржаўнага універсітэта была поўнай: навукоўцы, проста людзі, якія цікавяцца гісторыяй... Мяне вельмі ўзрадвала, што на мерапрыемства прыехалі Анджэй і Евяліна Ельскія з Польшчы, было шмат гасцей з беларускага таварыства ў Данецку. Сярод мноства дакладаў мне падаліся цікавейшымі — пра продкаў маршалка пінскага Лукаша Ельскага, скульптара Караля і яго сыноў Яна і Казіміра. Расказвалі і пра братоў Аляксандра, Казіміра і Міхала Ельскіх. Міхал, дарэчы, быў маім прапрадзедам. Прызнаюся, параўноўваў звесткі, знойдзеныя навукоўцамі ў бібліятэках, з тым, што маю ад дзеда і маці. Супадала…

Слухаючы Віктара Мікалаевіча, думала: наколькі ж адзін род можа быць багатым на таленты! Аляксандр Ельскі, напрыклад, быў паэтам, перакладчыкам, этнографам, краязнаўцам, вядомым калекцыянерам. Міхал Ельскі праславіўся як віртуозны скрыпач: гэта ў яго гонар у родавым памесці Дудзічы (цяпер там музей матэрыяльнай культуры “Дудуткі”) праходзяць «Вечары духоўнай музыкі”. Яго імем названы Міжнанародны конкурс струннай музыкі ў Мінску. Работы ж скульптара Казіміра Ельскага ўпрыгожваюць Вільнюскі кафедральны сабор і Вільнюскі універсітэт.

Сярод вядомых асоб гэтага роду былі і вучоныя. Самая знакавая фігура — Канстанцін Міхайлавіч Ельскі: біёлаг, геолаг і географ, прадзед майго суразмоўцы. Па слядах дзеда пайшла і маці Віктара Мікалаевіча — Соф’я Іванаўна Ельская.

Менавіта пра яе рабіў даклад на канферэнцыі сын. Заслужаны генетык, яна выхавала не адзін дзесятак вучняў. Але галоўнымі вучнямі для яе заўсёды былі дзеці і ўнукі. Як склалася іх жыццё?

— У 1952 годзе я паступіў у Данецкі дзяржаўны універсітэт. Пасля вучобы быў аспірантам, асістэнтам, дацэнтам, загадчыкам кафедры, цяпер — прафесар, член Акадэміі навук Украіны. Мае вучні — гэта семнаццаць дактароў навук, столькі ж кандыдатаў. Напісаў шмат манаграфій, навуковых прац. Кансультую ў інстытуце траўматалогіі, у інстытуце неадкладнай хірургіі. Сыны таксама ў медыцыне. Старэйшы — доктар навук, біёлаг, малодшыя — урачы-хірургі. І ўнукі праяўляюць схільнасці да навукі. Дарэчы, а гэта ўжо 15-е пакаленне Ельскіх, мая мара — дачакацца шаснаццатага.

Напрыканцы гутаркі Віктар Мікалаевіч, трохі расхваляваўшыся, прызнаўся:

— Ведаеце, хоць я і нарадзіўся ва Украіне, часам так не хапае беларускай зямлі, на якой жылі продкі. Усяго ў Беларусі мне давялося пабываць тройчы. У 80-х гадах пазнаёміўся з журналістам Зайцавым, які напісаў грунтоўны артыкул пра трох Ельскіх — Аляксандра, Канстанціна і Міхала. У 1999 годзе прысутнічаў на канферэнцыі да 165-годдзя Аляксандра Ельскага ў Дудутках. У 2001-м быў запрошаны на кангрэс беларускай дыяспары. Тады ж разам з прафесарам Анатолем Федаруком ездзілі ў ся-дзібу прапрадзеда ў Ляды — цяпер Чэрвеньскі раён. Дом, на жаль, не захаваўся. Я набраў той зямелькі і падабраў тры каменьчыкі. І ляжаць яны цяпер у мяне ў хаце пад абразамі, як сімвалічны ўспамін аб радзіме.

Кацярына Немагай
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter