Экспедыцыі ў мінуўшчыну

Пра тое, як спрадвечныя беларускія традыцыі жывуць у сучасным свеце, расказвае фотавыстава, што падарожнічае па краінеНекаму падасца неверагодным, але ў беларускіх народных абрадах, нібы ў чароўным люстэрку, можна разгледзець вельмі даўні зрэз надзвычай багатага духоўнага жыцця продкаў. Цяпер некаторыя ўспрымаюць дзеі вяскоўцаў з глыбінкі як перажытак ці забаву. А ўявіце сабе, якую сілу мелі раней, ды і цяпер маюць у некаторых мясцовасцях, напрыклад, Купалле ці традыцыі калядавання: у іх удзельнічала пераважная большасць вяскоўцаў. І калі чыю хату калядоўшчыкі абыходзілі, тое ўспрымалася як вялікая знявага для гаспадароў. Чаму? З дахрысціянскіх часоў лічылася, што пад час гэтых ды іншых абрадаў нейкім таемным чынам ладзіцца непасрэдны кантакт людзей з вышэйшымі сіламі, ад якіх вельмі залежыць не толькі здароўе і дабрабыт — жыццё кожнага.
Прыгожых коней гадуюць у кааператыве “Палеская ніва”Пра тое, як спрадвечныя беларускія традыцыі жывуць у сучасным свеце, расказвае фотавыстава, што падарожнічае па краіне
Некаму падасца неверагодным, але ў беларускіх народных абрадах, нібы ў чароўным люстэрку, можна разгледзець вельмі даўні зрэз надзвычай багатага духоўнага жыцця продкаў. Цяпер некаторыя ўспрымаюць дзеі вяскоўцаў з глыбінкі як перажытак ці забаву. А ўявіце сабе, якую сілу мелі раней, ды і цяпер маюць у некаторых мясцовасцях, напрыклад, Купалле ці традыцыі калядавання: у іх удзельнічала пераважная большасць вяскоўцаў. І калі чыю хату калядоўшчыкі абыходзілі, тое ўспрымалася як вялікая знявага для гаспадароў. Чаму? З дахрысціянскіх часоў лічылася, што пад час гэтых ды іншых абрадаў нейкім таемным чынам ладзіцца непасрэдны кантакт людзей з вышэйшымі сіламі, ад якіх вельмі залежыць не толькі здароўе і дабрабыт — жыццё кожнага.
Адметны летні абрад “Ваджэнне куста” яшчэ бытуе на ПалессіТак што народны абрад можна ўспрымаць і як калектыўную малітву, і як своеасаблівае прычашчэнне яго ўдзельнікаў да таямніц быцця. Да такіх дзей у вяскоўцаў вялікая павага. “Таму і свята шануюць беларусы свае спрадвечныя традыцыі, абрады, звычаі, — лічыць фалькларыст, балетмайстар Мікола Котаў. — Нямала вандруючы па Бацькаўшчыне, я вельмі радуюся, што не разгубілі землякі духоўныя скарбы бацькоў і дзядоў”. У кожнай мясцовасці, аднак, у правядзенні святаў ёсць адметнасці. Гэта вельмі цікавы матэрыял для даследчыкаў народнай культуры з розных краін. Вось трое энтузіястаў — Мікола Котаў як кансультант і “наводчык”, а таксама яго сябры-фатографы Ірына Аляксандрава і Яўген Бурдукоў — у апошнія гады нямала паездзілі па Палессі, фіксуючы праявы спрадвечнай духоўнай культуры ў сучаснасці. Дарэчы, падрыхтаваная імі пры падтрымцы Жыткавіцкага райвыканкама Гомельшчыны фотавыстава так і называецца: “Мінулае і сучаснасць”. Больш за сто фотаздымкаў, а таксама відэазапісы абрадаў, зробленыя на Палессі, нядаўна дэманстравалася ў Жыткавічах, у раённым Доме культуры. Цяпер, як расказаў Мікола Котаў, выстава ў Століне, далей паедзе ў Камянец.
На вяселлі ў вясковай нявесты павінен быць куфар з багатым пасагамШто ж удалося адзняць удзельнікам этнаэкспедыцый сёлета на Століншчыне? Свята “Багач”, напрыклад. Яно сугучнае са святам Дажынак, а ладзіцца ў розных месцах краіны, калі з поля сабрана ўся гародніна. Звычайна ўдзельнікі свята спяваюць восеньскія песні, водзяць карагоды, частуюць адзін другога стравамі з лепшых дароў зямлі. “У вёсцы Адвержыцы Столінскага раёна мы адзнялі, як робяць піраміду з гародніны, — расказвае Мікола Котаў. — Там кожны прыносіць лепшае, што вырасла ў яго на агародзе ці ў полі, кладзе ў кучу-піраміду і пры гэтым прыгаворвае: “Зямля-зямліца, дай Бог і на тое лета ўрадзіцца!”. Кажуць яшчэ: “Мы цябе, зямля, прыбярэм, мы цябе шануем, мы табе кланяемся”. Вельмі добра, што разам з дарослымі святкуюць “Багача” і дзеці: традыцыі прадаўжаюцца”.
У гарадскім пасёлку Рэчыца экспедыцыя адзняла цікавы вясельны абрад, а ўлетку ў вёсцы Рэмель — “Ваджэнне куста”. Была фотасесія і ў мясцовым сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве “Палеская ніва”: там на конеферме вырошчваюць добрых скакуноў, слава пра якіх ідзе і за межы Беларусі. Ёсць на здымках фотавыставы юныя жыхары з вёскі Фядоры: дзеці малююць восень, вырабляюць розныя рэчы з саломкі, займаюцца разьбой па дрэве. Што ж, восень не толькі ўраджаем радуе, яна ж і на творчасць натхняе.
Мікола Котаў лічыць, што з відэа- і фотаматэрыялам, адзнятым пад час этнаэкспедыцый на Палессі, вельмі цікава будзе пазнаёміцца і беларусам з замежжа, якія шануюць народныя традыцыі. Энтузіясты гатовы да супрацоўніцтва, разгледзець усе прапановы. А цяпер яны робяць новую фотавыставу “Беларускае Палессе”: яе замовіла ўпраўленне культуры Гомельскага аблвыканкама.

Іван Ждановіч
На здымках:
Прыгожых коней гадуюць у кааператыве “Палеская ніва”
Адметны летні абрад “Ваджэнне куста” яшчэ бытуе на Палессі
На вяселлі ў вясковай нявесты павінен быць куфар з багатым пасагам
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter