На Магілёўшчыне збіраюцца адкрыць музей Алеся Адамовіча

Экспазіцыя ў аптэцы

На Магілёўшчыне збіраюцца адкрыць музей Алеся Адамовіча. Размесціцца музей у пасёлку Глуша Бабруй-скага раёна, дзе правёў дзяцінства і быў пахаваны аўтар вядомых і любімых многімі кніг “Хатынская аповесць”, “Апошняя пастараль”, “Я з вогненнай вёскі...”, “Блакадная кніга”, сцэнарыяў да фільмаў “Сыны ідуць у бой”, “Ідзі і глядзі” і іншых.



Пакуль толькі ёсць ідэя, адкрыты дабрачынны рахунак па зборы сродкаў на стварэнне музея і дакладна вядома, дзе будзе размяшчацца музей пісьменніка, — гэта будынак былой аптэкі 1935 года пабудовы, дзе доўгі час працавала маці Алеся Міхайлавіча. Вядома таксама, што ў часы Вялікай Айчыннай вайны гэтая аптэка служыла явачнай кватэрай партызан.

Досыць карысны факт, улічваючы, што музей будзе не проста прысвечаны жыццю і творчасці пісьменніка — у яго экспазіцыях пастараюцца адлюстраваць жыццё літаратурных і кіношных герояў Алеся Адамовіча, прататыпамі якіх сталі мясцовыя жыхары, і іх барацьбу з нямецка-фашысцкімі акупантамі. Шмат дакументаў, фотаздымкаў, рукапісаў і асабістых рэчаў Алеся Міхайлавіча для стварэння экспазіцыі збіраецца перадаць дачка пісьменніка Наталля Адамовіч, якая даўно марыла аб стварэнні музея свайго бацькі.

Калі атрымаецца хутка сабраць дастатковую колькасць сродкаў, не выключана, што адкрыюць музей ці хаця б частку экспазіцыі ў 2017 годзе, калі будзе адзначацца 90-годдзе з дня нараджэння пісьменніка.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter