Экспарт ведаў — гэта перспектыўна

Больш за сотню аспірантаў з замежных краін штогод вучацца ў вышэйшых навучальных і навуковых установах Беларусі
Больш за сотню аспірантаў з замежных краін штогод вучацца ў вышэйшых навучальных і навуковых установах Беларусі.

Гэтыя маладыя людзі з КНР у свой час былі выпускнікамі Беларускага дзяржаўнага універсітэтаЯк адзначалася на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Інавацыі і падрыхтоўка навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў Беларусі і за мяжой”, што прайшла ў Мінску, за апошнія адзінаццаць гадоў у краіне ступень кандыдатаў і дактароў навук прысвоена 330 замежным грамадзянам з пяцідзесяці чатырох краін свету. Цікавасць да супрацоўніцтва з Беларуссю ў галіне падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі ўвесь час расце. А найболей папулярнымі сярод замежных аспірантаў з’яўляюцца такія дысцыпліны, як медыцына, эканоміка і кіраванне, мэнеджмент.

Намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Ігар Войтаў, выступаючы на канферэнцыі, адзначыў, што цяпер Дзяржкамітэт вядзе перамовы аб узмацненні ўзаемадзеяння ў галіне падрыхтоўкі кадраў з навуковымі ўстановамі і універсітэтамі шэрагу краін, у тым ліку Венесуэлы, В’етнама, Кітая, Ірана. “Яны зацікаўлены ў навучанні сваіх аспірантаў у нас, а таксама ў прыцягненні беларускіх вучоных да выкладання ў сваіх навучальных установах” — адзначае Ігар Войтаў. Асаблівую цікавасць у зарубежных партнёраў выклікае супрацоўніцтва з беларускімі вучонымі ў сферы нана- і біятэхналогій, інфармацыйных і касмічных тэхналогій, а таксама ў галіне прыборабудавання і лазерных тэхналогій.

На канферэнцыі ў Мінску абмяркоўваліся праблемы кадравага забеспячэння навукі, сістэмы адукацыі, а таксама пытанні міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы падрыхтоўкі спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі. У форуме прымалі ўдзел кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў Беларусі, а таксама навуковых устаноў Расіі, Украіны, Казахстана, Малдовы, Таджыкістана, Арменіі, Кітая, Ірана.

Вольга Карняйчук
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter