В Национальном художественном музее экспонируются произведения-подарки

Экспанаты з гісторыяй

На гэтым тыдні Нацыянальны мастацкі музей афіцыйна адзначыў сваё 80-годдзе. Святкаваць знакавы юбілей ён пачаў яшчэ ў студзені. За гэты час у яго сценах прайшло нямала яркіх падзей. У прыватнасці, наведвальнікаў парадавалі скульптурамі вядомага іспанскага аўтара Сальвадора Далі, выставай швейцарскага мастака з Ліхтэнштэйна Іагана Людвіга Блойлера, праектам, прысвечаным французскай мастачцы родам з Беларусі Надзі Лежэ, і шмат чым яшчэ. І вось чарговы сюрпрыз.

Адзін з падарункаў музею.
artmuseum.by
«Прашу прыняць у дар…» — гэта выстава экспанатаў, падораных або перададзеных музею за апошнія 20 гадоў рознымі інстытуцыямі, мастакамі, калекцыянерамі, арганізацыямі. З 1999-га па 2019 год музейная калекцыя папоўнілася амаль 5 тысячамі экспанатаў — магло б хапіць на асобны музей! Вядома, усе дары праходзяць строгую фільтрацыю: прымаюцца толькі каштоўныя і неабходныя музею творы. Так, дзякуючы падарункам у Нацыянальным мастацкім музеі з'явіліся работы Марка Шагала, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Міхаіла Шамякіна, Барыса Заборава, Іосіфа Лангбарда, Напалеона Орды, Віталя Цвіркі, Леаніда Шчамялёва і многіх іншых мастакоў.

Вядома, на выставе прадстаўлены далёка не ўсе дары. Пасля стараннага адбору для экспанавання адабрана каля 170 самых цікавых, мастацка значных, характэрных для сваёй эпохі твораў з некалькіх калекцый. Сярод іх, напрыклад, творы мастакоў Парыжскай школы, якія былі выкуплены па ініцыятыве пасольства Беларусі ў Швейцарыі пры падтрымцы ганаровых консулаў Беларусі ў Лазане і Цюрыху, а таксама з дапамогай бізнесменаў і мецэнатаў.

Асобныя экспазіцыйныя блокі адве­дзены пад выратаваныя каштоўнасці — перададзены мытным камітэтам творы мастацтва, якія былі затрыманы на мяжы. Прадстаўлены на выставе дары і прыватных асоб, напрыклад Леаніда Новака, які перадаў музею ікону XVIII стагоддзя. Усяго пад праект «Прашу прыняць у дар…» адведзена 5 залаў. Пазнаёміцца з каштоўнымі падарункамі можна да 1 снежня.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter