Эксклюзіў ручной работы. Міжнародная выстава- продаж “Млын” сабрала тых, хто не пабаяўся зрабіць захапленне бізнесам.

У нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭкспа” ў гэтыя дні прыемна пахне саломай і лазой. Такая вось адметнасць у міжнароднай выставы-продажу вырабаў народных промыслаў і рамёстваў “Млын”. У паказе ўдзельнічае каля 100 рамеснікаў. Гэта людзі, якія, захапляючыся пэўнымі промысламі, вырашылі ператварыць сваё хобі ў прафесію. Для многіх з іх рамесніцтва – адзіны спосаб зарабіць на жыццё. Што толькі не прапаноўваюць яны патэнцыяльным пакупнікам: ад традыцыйных гліняных глякаў, саламяных лялек і літых падсвечнікаў да арыгінальных работ у сучасных тэхніках дэкупажу, скрапбукінгу і лэмпворка.

Сяргей Кулажын нават і падумаць не мог, што калісьці будзе вырабляць керамічныя гаршкі, пано і сувеніры і больш таго — карміць дзякуючы гэтаму сям’ю.
— Керамікай пачаў займацца выпадкова, — прызнаецца Сяргей. — Калі ў 95-м прыйшоў з арміі, не ведаў, куды падацца вучыцца. Мама прапанавала пайсці ў Бабруйскае мастацкае вучылішча № 15. Трапіў на аддзяленне керамікі. Паўгода добрасумленна вучыўся, а потым захварэў ёю. І хварэю па сёння. Каб свабодна прадаваць вырабы ды каб падатковая не мела прэтэнзій, зарэгістраваўся як рамеснік.
Аказалася, зрабіць гэта беларусам вельмі проста. Сяргею прыйшлося ўсяго толькі напісаць заяву ў падатковыя органы па месцы жыхарства і да пачатку дзейнасці выплаціць збор — адну базавую велічыню, якая бярэцца з рамесніка раз у каляндарны год. А пасля — калі ласка, можна і гандляваць.
Аднак займацца “народным” бізнесам не так і проста. Сяргею, напрыклад, для сваёй майстэрні прыходзіцца арандаваць памяшканне. Печ для абпалу вырабаў давялося самому змайстраваць, бо “завадская” каштуе каля 10 тысяч долараў. Матэрыял з цяжкасцю дастаецца. Таму, на думку Сяргея, займацца рамесніцтвам можа толькі той, хто  па-сапраўднаму гэтым “гарыць” і “хварэе”.
Але тым не менш такіх ахвотнікаў з кожным годам становіцца ўсё больш.
Дар’я Залуская хоць і займаецца вельмі рэдкім відам мастацтва — дэкупажам, аднак аб магчымых зменах не вельмі турбуецца. Магчымасць займацца дэкупажам на рамесніцкіх правах яна атрымала яшчэ восенню мінулага года.
— Усё пачалося з таго, што я вяла тэлепраект “Вясельны перапалох”, — расказвае Дар’я. — Адным з маіх абавязкаў было праводзіць майстар-класы — дапамагаць будучым нявестам зменшыць расходы на вяселле і зрабіць штосьці сваімі рукамі. Калі ўсё, што магчыма, паспрабавала, знайшла ў інтэрнэце такую цікавую тэхніку, як дэкупаж. Тое, што атрымалася ў эфіры, разумею сёння, быў зусім не дэкупаж, — смяецца Дар’я. — Але ён мяне зацікавіў, і я вырашыла ім заняцца.
Рамяство сапраўды цікавае. Дар’я выбірае спачатку нейкі матыў з паштоўкі, шпалер, часопісаў. Выразае, прыклейвае на той прадмет інтэр’ера, які хоча ўпрыгожыць, а потым дэкарыруе з дапамогай спецыяльных сродкаў. Такім чынам, каб гледачу здавалася, што ўсе гэтыя кветкі, птушкі, фігуры намаляваны майстрам. У выніку атрымліваюцца дзіўныя скрыначкі, рамкі для фотаздымкаў, лямпы...
— Асноўная праблема рамесніцтва, на мой погляд, — рэалізацыя тавару, — прызнаецца Дар’я. — Я адчуваю недахоп інфармацыі аб тым, дзе якія ярмаркі і выставы праходзяць. Спрабую распаўсюдзіць інфармацыю пра сябе і свае вырабы праз сацыяльныя сеткі. Атрымліваецца нядрэнна.
Майстар па лямцу Маша Барысава разам з трыма сяброўкамі-аднадумцамі знайшла іншы спосаб рэалізацыі сваіх касматых тавараў. Дзяўчаты адкрылі краму — “Шарсцяная шафа” ў адным са сталічных гандлёвых цэнтраў. Тут можна не толькі набыць лямцавыя лялькі, упрыгожанні, прадметы інтэр’ера і гардэробу, але і паспрабаваць самім стварыць шарсцяны шэдэўр.
— Мы захапіліся лямцам яшчэ 4—5 гадоў таму, калі ў  Беларусі пра гэта амаль не чулі, — расказвае Маша Барысава. — Два гады таму адкрылі краму. Пераходзіць на новы этап было страшна, але нам дапамагала шмат людзей. Зараз адчуваем сябе на моцных  нагах. Шмат ездзім па фестывалях, выставах, кірмашах.
Той, хто наведае выставу, што будзе доўжыцца да 15 мая ў Мінску, можа здзівіцца ці нават збянтэжыцца, убачыўшы на прылаўках акрамя звыклых народных гліняных гаршкоў ці лазовых кошыкаў лямцавыя камізэлькі з “Шарсцяной шафы” Машы Барысавай ці яблыкі-скрынкі ў стылі дэкупаж ад Дар’і Залускай. А дзе ж тут народныя промыслы, скажаце? Такую разнастайнасць растлумачыла куратар выставы Таццяна Антончык:
— У нас суб’ектыўнае ўяўленне аб тым, што народныя промыслы — гэта  “ложкі-дошкі”. Тое, што прадстаўлена сёння на выставе, можна назваць народнымі промысламі на сучасны лад. Ёсць нейкія старыя традыцыі, але ўсё ўдасканальваецца, з’яўляюцца новыя напрамкі. Тое, што прадстаўлена на выставе, з’яўляецца вынікам рамесніцкай дзейнасці, індывідуальнай работы майстра.  Гэта арыгінальныя вырабы, не падобныя ні на што іншае.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter