Жніво: у краіне намалочана ўжо больш як 5 млн тон збожжа

Экіпаж машыны палявой

Хлеб — наш галоўны харчовы «эшалон». У тое, каб ён не пуставаў, сваю працу ўкладваюць многія. Вытворцы сучаснай тэхнікі, занятай на жніве. Повары і кулінары, што гатуюць абеды для камбайнераў і вадзіцеляў. Родныя і блізкія аграрыяў, якія забяспечваюць надзейны тыл дома. Але самы важкі ўклад ва ўборцы збожжавых, зразумела, саміх хлебаробаў, якія ведаюць сваю справу і любяць родную зямлю.

Сельгаспрадпрыемства «Авангард». Жнiво.

Магутнасць — вышэй сярэдняга

Сельгасфіліял «Авангард» Магілёўскага аддзялення чыгункі — адна з самых моцных і стабільных гаспадарак Магілёўскага раёна. Вялікая гарачая пара тут пачалася з 1 жніўня, і кожны новы дзень набліжае аграрыяў да фіналу гэтага важнага этапу работ на 7 і больш працэнтаў. Камбайнер Мікалай Вандзілоўскі — ў ліку тых, чый уклад у агульны каравай вельмі важкі. У сваёй прафесіі ён далёка не пачатковец. За штурвал машыны сеў два дзесяцігоддзі таму, адразу пасля заканчэння школы. Спачатку быў памочнікам у свайго бацькі, які і навучыў яго асновам кіравання такой тэхнікай. Потым пачаў працаваць самастойна. Паспеў асвоіць нямала відаў камбайнаў: працаваў на «Палессі» старой мадыфікацыі, імпартнай тэхніцы. А летам мінулага года яму як аднаму з лепшых механізатараў гаспадаркі даверылі тэхніку новага пакалення — «Палессе» GS2116. Мікалай Мікалаевіч лічыць, што айчынны энерганасычаны камбайн «Гомсельмаша» дасць фору шматлікім замежным:

— У ім створаны ўсе ўмовы для таго, каб механізатару было зручна і камфортна. Але самае галоўнае — магутнасць у паўтара раза вышэйшая, чым у камбайнах старой мадыфікацыі, таму і справа ідзе спарней. Захоп жняяркі, да прыкладу, у «Палесся» GS2116 — 9 метраў, а яго прапускная здольнасць — 16 кілаграмаў збожжа за секунду.

Праўда, кіраваць такой тэхнікай зможа не кожны. Для гэтага патрэбны добрая падрыхтоўка і навыкі зносін з электронікай. Але і магчымасці яе шырокія. З дапамогай адмысловай камп’ютарнай праграмы можна адсачыць усе нюансы працы, у тым ліку тэхнічны стан самога камбайна. Да прыкладу, калі патрабуецца дадатковая змазка, механізатар можа правесці гэтую аперацыю літаральна адным клікам. «Перастройка» з уборкі адной культуры на ўборку іншай, устаноўка рэжыму кандыцыянавання — усе неабходныя для працы задачы вырашаюцца за лічаныя секунды.

Механізатар таксама адзначае надзейнасць такой тэхнікі. Служыць, упэўнены, яна можа і павінна як мінімум паўтара дзясятка гадоў. Але — пры ўмове пастаяннага граматнага догляду. Асабіста ён пытанню тэхнічнага кантролю камбайна надае асаблівую ўвагу. «Мой працоўны дзень у гарачую пару пачынаецца з праверкі стану камбайна. Часу гэта патрабуе нямала — каля дзвюх гадзін. Але такая «рэвізія» вельмі важная для бесперабойнай работы падчас жніва», — падзяліўся Мікалай Вандзілоўскі.

Камбайнер Мiкалай Вандзілоўскi.

Два ўраджаі за год

Хлеб, прызнаецца механізатар, у гэтым годзе асабліва радуе. Але і не дае часу расслабляцца. Перапынкі — толькі на абеды і вячэры: пагодлівыя жнівеньскія дні для аграрыя дарагога каштуюць. Па гэтай жа прычыне і на размовы з журналістамі Мікалай Мікалаевіч выдзеліў усяго некалькі хвілін: справа не чакае. Кіраўнік сельгаспрадпрыемства «Авангард» Леанід Капцоў удакладняе, што ўсяго ва ўборачнай кампаніі ў гаспадарцы занята 8 камбайнаў.

— Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых прыкметна вышэйшая, чым у мінулым годзе, у сярэднім яна складае 50—52 цэнтнеры з гектара. А на азімай пшаніцы ўзялі і таго больш — каля 60 цэнтнераў з гектара, — адзначыў Леанід Капцоў.

Так што ў «Авангарда» ёсць усе шанцы папоўніць засекі на 20—25 працэнтаў больш, чым у мінулым сезоне.

Першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага райвыканкама Аляксей Шуплякоў расказаў, што ў раёне ўбрана ўжо звыш трэці плошчаў. Дзякуючы добраму тэхзабеспяченню ўдаецца трымаць высокі тэмп уборачнай. Сёння на палях Магілёўскага раёна задзейнічана 119 камбайнаў, з іх 23 — новыя, набытыя ў лізінг літаральна напярэдадні жніва. Сёлета, як і іншыя хлебаробы вобласці, аграрыі гаспадаркі раёна зрабілі стаўку на азімыя — пшаніцу, трыцікале, жыта, павялічыўшы іх клін на 25 працэнтаў. І выйгралі: ураджай хлеба вышэй сярэдняга і па раёне, у сярэднім гэта 40 цэнтнераў з гектара. Дарэчы, унікальныя эксперыментальныя праекты сведчаць: узяць ад зямлі можна яшчэ больш. Сёлета, да прыкладу, аграрыі раёна маюць намер узяць адразу два ўраджаі за сезон — з адной пляцоўкі ў сто гектараў. Аляксей Шуплякоў расказаў, як працуе задуманая схема:

— Спачатку пасеялі свірэпу ра-зам з жытам — у якасці корму такое спалучэнне прыкметна павышае пажыўнасць зялёнай масы. А калі прыбралі, гэты ж участак аддалі ўжо пад кукурузу, гэта значыць у дадатак да атрыманага аб’ёму атрымалі яшчэ адзін.

Не выключана, што гэты вопыт у будучым можа атрымаць шырэйшае распаўсюджванне.

Хлеб у гэтым годзе асабліва радуе. 

І студэнты ў дапамогу

У сезон у вёсцы праца кіпіць не толькі на полі, але і на многіх іншых участках. Спраўляцца з аб’ёмам спраў, што ўзрос, земляробам дапамагаюць пазаштатныя сілы, у тым ліку будучыя спецыялісты сельскай гаспадаркі. Скажам, студэнты Белсельгасакадэміі працуюць у некалькіх гаспадарках Магілёўскага раёна. «Яны заняты і на мехдвары, на зернетаках, на падсобных працах», — для хлопцаў і дзяўчат гэта, прызнае Аляксей Шуплякоў, адначасова і практыка, і магчымасць трохі папоўніць свой бюджэт. Дарэчы прыйшлася таксама і дапамога аграрыям з боку выхаванцаў Магілёўскага агратэхнічнага каледжа імя Кірыла Арлоўскага: навучэнцы таксама аддалі перавагу рэальнай працы на сельгаспрадпрыемствах перад адпачынкам на канікулах.

Жніво на Магілёўшчыне ўжо перасягнула экватар. Зараз блі-жэй за ўсіх да фінішу кіраўскія хлебаробы, якія ўбралі звыш 80 працэнтаў плошчаў. А аграрыі Глускага, Краснапольскага, Бабруйскага раёнаў — каля дзвюх трэцяў. У вобласці ёсць усе перадумовы, каб па намалоце перасягнуць леташні рубеж. Сёння ў актыве хлебаробаў рэгіёна звыш шасцісот тон сабранага хлеба. Паралельна са жнівом яны працягваюць таксама і іншыя сезонныя працы — у прыватнасці, нарыхтоўку кармоў і падрыхтоўку глебы для пасеву азімага рапсу.


markova@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter