
Адзін з асноўных арганізатараў дырэктар Інстытута магістарскай падрыхтоўкі БДЭУ Вольга Маразевіч — старшыня савета маладых навукоўцаў. За развіццём і ідэйнай эвалюцыяй «Навуковага слэму» сочыць з самага яго зараджэння:
— «Навуковы слэм» — гэта своеасаблівы трэнінг для тых, хто плануе абараняць свае навуковыя працы ў будучыні. Для маладых навукоўцаў гэта наша самае асноўнае мерапрыемства, якое мы штогод праводзім. Кожны раз мяняем фармат і час правядзення, спрабуем яго рабіць максімальна нестандартным.
Міністр эканомікі Дзмітрый Крутой прызнаўся, што кантраст у назве мерапрыемства выклікаў яго цікаўнасць і ён з задавальненнем пагадзіўся наведаць мерапрыемства:
— Калі вы звернеце ўвагу на апошніх пераможцаў Нобелеўскай прэміі па розных дысцыплінах, то ўбачыце, што вельмі складана аднесці гэтых людзей да нейкай канкрэтнай сферы. Гэта значыць, што і многія навукі сталі міждысцыплінарнымі. Адбываецца трансфармацыя сістэмы адукацыі і даследаванняў. Эканоміка ў гэтым плане таксама не павінна быць статычнай навукай. Яна абавязкова, акрамя сваіх базавых функцый і тэорый, павінна ўлічваць усе трэнды і павевы, якія адбываюцца ў сумежных галінах. «Індустрыя 4.0» і рабатызацыя запатрабуюць кардынальных змен і апісанняў з пункта гледжання эканамічных законаў ужо ў бліжэйшы час.
Па выніках конкурсу перамог студэнт эканамічнага факультэта БДУ Уладзімір Сабаеў. Тэма яго навуковай працы — «Тэорыя бяздзейнага класа і яе актуальнасць у XXI стагоддзі». У сваім выступленні Уладзімір адзначыў, што ў грамадстве склалася супярэчлівая сітуацыя, калі многія стараюцца спажываць менавіта ў тым кантэксце, у якім гэта робяць людзі навокал. З аднаго боку, такім чынам адбываецца нерацыянальнае спажыванне, з другога — стварыліся сферы ў эканоміцы, якія могуць даць лепшую якасць сэрвісу.
kryzhevich@sb.by