Эканомія паважае альтэрнатыву

Лепшай па зберажэнні паліва і энергіі ў 2012-м стала Магілёўшчына

Лепшы вынік па зберажэнні паліўна-энергетычных рэсурсаў дасягнула ў 2012 годзе Магілёўшчына.

Як адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік на выніковым пасяджэнні выканкама, паказчык энергазберажэння склаў 6,6 пры заданні 5 працэнтаў, выкарыстанне мясцовых відаў паліва павялічылася на 24 працэнты. Дзеля дасягнення гэтай мэты на Магілёўшчыне было ажыццёўлена каля 3,5 тыс. энергазберагальных мерапрыемстваў, кошт якіх ацэньваецца ў паўтара трыльёна рублёў.

Пры гэтым губернатар паставіў задачу выправіць сітуацыю ў асобных раёнах, дзе мэтавы паказчык па энергаэфектыўнасці ніжэй планавага ўзроўню. У прыватнасці, Бабруйскі раён выканаў яго на 4,7 працэнта, а Слаўгарадскі, Горацкі, Мсціслаўскі і Быхаўскі раёны відавочна знізілі выкарыстанне мясцовага кацельна-пячнога паліва.

Актыўна падтрымалі мясцовыя ўлады развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі: у СВК «Рассвет им. К.П. Орловского» Кіраўскага раёна больш за год працуе біягазавы комплекс магутнасцю 4,8 МВт, ветраэлектрастанцыя на 950 кВт, а таксама гідраэлектрастанцыя на 55 кВт пачалі дзейнічаць у ААТ «Александрыйскае» Шклоўскага раёна.

Сёлета ў Магілёўскім раёне будуць пабудаваны ветрагенератары магутнасцю 2,3 МВт, панэлі — назапашвальнікі сонечнай энергіі, а таксама з’явяцца гідраэлектрастанцыі на ачышчальных збудаваннях.

Аблвыканкам падпісаў інвестыцыйныя дамовы, якія прадугледжваюць здабычу і вытворчасць паліўных тарфяных гранул у радовішчы Карытняншчына Асіповіцкага раёна са штогадовай магутнасцю 26 тыс. тон паліва.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter