Экалагічная рэабілітацыя

Высушаныя некалі тарфянікі сёння зноў забалочваюць
У Беларусі адноўлена каля дзесяці працэнтаў усіх парушаных тарфянікаў. Пра гэта казала на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да Сусветнага дня барацьбы з апустыньваннем і засухай, начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталля Мінчанка.

Яшчэ нядаўна тэрыторыя краіны адносілася да рэгіёна залішняга ўвільгатнення. Кожны сёмы гектар быў балотам. У выніку ж меліярацыі савецкіх часоў палова з іх была асушана. Сёння вучоныя ўпэўнены, што такое “паляпшэнне” земляў прынесла больш праблем, чым карысці: парушаны флора і фаўна балот, сталі нярэдкімі тарфяныя пажары, адбыліся лакальныя змены клімату. Таму і было прынята рашэнне аб “вяртанні да жыцця” балотных комплексаў.

Экалагічная рэабілітацыя беларускіх балот пачалася ў 2006 годзе. Адпаведнае пагадненне тады падпісалі ПРААН, Глабальны экалагічны фонд і Савет Міністраў Беларусі. Згодна з дакументам, Беларусь мае намер аднавіць да 2030 года не менш за 75 000 гектараў парушаных тарфянікаў. І адзін са спосабаў экалагічнай рэабілітацыі — паўторнае забалочванне. У якасці прыкладу спецыяліст расказала пра выратаванне тарфянога радовішча Барценіха, што ў Валожынскім раёне Міншчыны.

Дарэчы, на тэрыторыі Беларусі праводзяць і сумесныя міжнародныя праекты па аднаўленні зямельных угоддзяў. Практычная рэалізацыя гэтых праектаў дасць магчымасць не толькі спыніць працэс дэградацыі зямель, але і палепшыць іх урадлівасць, а значыць, умацаваць харчовую бяспеку краіны.


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter