Сырные конфеты, зеленые спелые томаты: чем привлекают покупателей производители экологически чистой продукции

Эка смачна і карысна!

Смачна, а галоўнае, натуральна i экалагiчна — вось прынцыпы, якiмi мы кiруемся, выбiраючы прадукты. Тыя, хто самастойна вырошчвае садавiну, гароднiну, гадуе жывёлу для мяса i малака, дакладна ведаюць, што спажываюць самi i прапануюць пакупнiкам. Дарэчы, днямi ў Беларускiм дзяржаўным iнстытуце метралогii ўпершыню ўручаны сертыфiкаты адпаведнасцi на арганiчную прадукцыю фiзiчнай асобе. Гэта значыць, што прадукцыя з гонарам вытрымала даследаванне на ўтрыманне пестыцыдаў, антыбiётыкаў, ГМА, радыёнуклiдаў i iншых шкодных рэчываў i можа лiчыцца абсалютна чыстай. Верагодна, гэта была першая ластаўка, таму што вытворцаў смачных i экалагiчных прадуктаў у нас хапае — у гэтым лёгка пераканацца пры наведваннi экарынку «Валяр'янава».

Фізічныя асобы могуць рэалізаваць на рынку ўласную прадукцыю.

I колькi ж карова дае малака?

Месцы на рынку прадастаўляюцца ў першую чаргу прадпрымальнiкам, фермерам i фiзiчным асобам, што рэалiзуюць прадукцыю з уласнай падсобнай гаспадаркi, пры вытворчасцi якой не выкарыстоўваюцца мiнеральныя ўдабрэннi, падкормкi для хуткага росту, антыбiётыкi.

З дзяцiнства, у якiм была бабуля з козачкамi, люблю сыр з казiнага малака i гатова нашыпець на кожнага, хто сцвярджае, што гэты прадукт яму нечым патыхае. Таму не магу не спынiцца каля прылаўка Вiталя Канавальчыка — тут i сыр, i тварог, i нават цукеркi.

— Гаспадарка ў мяне, я лiчу, не надта вялiкая: 10 кароў i 80 коз, — расказвае ён. — Выбiрайце: ёсць мяккiя сыры, ёсць цвёрдыя, вытрыманыя па чатыры месяцы, брынза, сулугунi, курут (усходнi сыр).

Шарыкi курута, карычневыя ад чорнага перцу, выглядаюць як цукеркi. Зрэшты, апошнiя ў продажы таксама ёсць, толькi ў ролi iх фарбавальнiка выступае какава.

— Мяккi сметанковы сыр замешваецца з маслам, дадаецца какава, цукар i цвёрды сыр, — ахвотна дзелiцца рэцэптам Вiталь.

Ласунак гэты нагадвае нечым глазураваны сырок, але не ўтрымлiвае нiякiх дабавак, кансервантаў цi, баранi божа, пальмавага алею.

Побач размясцiлiся «айсбергi» тварагу, галоўкi сыру, шклянкi са смятанай, жоўценькiя скрутачкi сметанковага масла i вядзёрцы з нечым апетытна-рознакаляровым на прылаўку Дзмiтрыя Слiўца. Мужчына расказвае, што мае 15 дойных кароў, прычым кормiць iх не сенам, а сенажом. Гэта нешта сярэдняе памiж сенам i сiласам: траву ўкладваюць у цюкi да таго, як яна высахне. Разнатраўны, злакава-бабовы сенаж лепш засвойваецца, ён сакавiты i смачнейшы для каровак, яны даюць больш малака. Вось i ёсць у гаспадара магчымасць гатаваць адыгейскiя сыры, фету, халумi.

«Айсбергi» тварагу, галоўкi сыру, шклянкi са смятанай, жоўценькiя скрутачкi сметанковага масла пазбавяць спакою галоднага чалавека.

Аказваецца, яркiя шарыкi ў расоле — сыр фета ў рознакаляровай панiроўцы.

Дзмітрый СЛІВЕЦ прапануе пакаштаваць запечаны адыгейскі сыр і рознакаляровы сыр фета.

— Усё толькi натуральнае! — падкрэслiвае Дзмiтрый. — Жоўты колер дае куркума, чырвоны — салодкая папрыка. Дадаём таксама праванскiя травы.


Пакуль што Дзмiтрый Слiвец з аграгарадка Палачаны Маладзечанскага раёна выступае як фiзiчная асоба, якая рэалiзуе прадукты з уласнага падворка, але вельмi чакае магчымасцi аформiць сялянска-фермерскую гаспадарку.

Ад далiкатэсаў вочы разбягаюцца

На зелянiне спецыялiзуецца Iрына, гаспадыня з вёскi Калоднiкi, што пад Дзяржынскам. На прылаўках перад ёй шпiнат, кiнза, рукала, базiлiк, мята, размарын, зялёная цыбуля, розныя сарты салаты.

— Зелянiнай засаджваем увесь участак памерам у 25 сотак, — расказвае яна. — Адно калiва вырастае — зрываем яго i адразу ж высаджваем iншае. А яшчэ паўгектара адведзена пад бульбу i гароднiну. Пакаштуйце вось ёдавую салату — бачыце, аж чырвонага колеру ад утрымання ёду. Вельмi карысна!

Вегетарыянцам лепш праходзiць мiма прадукцыi Сяргея Машкiна з Брэста, а мы затрымаемся. Сала, разнастайныя каўбасы, паштэты, сальцiсон з языком i без, вэнджаныя вушы — вочы разбягаюцца ад далiкатэсаў.

— Мяса купляю ў фермераў, з якiмi даўно i добра знаёмы. Гарантую, што прадукцыя экалагiчная, — падкрэслiвае Сяргей. — Усё гатую сам. Соль, перац, прыправы, часнок — усё, што дабаўляю для смаку. Нават нiтрытную соль не кладу, якую для прыгажэйшага колеру ўжываюць. Вэнджу ў дзедавай яшчэ дубовай газнiчцы, без анiякiх электрычных тэнаў, на дубе i алешыне. Для колеру часам падкiдаю галiнкi вiшнi або чарэшнi.

Кілбасы Сяргея МАШКІНА смачныя без усялякіх дабавак.

Цi бачылi вы зялёныя таматы — не таму, што не саспелi, а таму што ў спелых колер такi? Наталля i Сяргей Радкевiчы з-пад Пiнска ўжо шмат гадоў займаюцца экзатычнымi сартамi памiдораў. Якiх толькi не прапануюць: ад маленькiх чорненькiх да жоўтых гiгантаў. Назву сорта не выдаюць:

— Мы ўжо i не памятаем! З вялiкiх жоўтых i ружовых таматаў насенне выбiраем самi, назва з гадамi згубiлася. Астатнiя заказваем у селекцыянераў.

Наталля Радкевіч гатуе таматную пасту з запечаных памiдораў і таматны сок з пладоў розных сартоў.

Муж i жонка рэалiзуюць не толькi свежую гароднiну, вырашчаную намаганнямi некалькiх сямей, але i перапрацаваную. Наталля сама марынуе шчаўе, гатуе таматны сок, аджыку чатырох вiдаў па вастрынi, чацвёрты так i называецца — «Агонь». Асаблiва прывабна выглядаюць шклянкi з таматнай пастай, якая гатуецца па iтальянскаму рэцэпту з запечаных памiдораў.

— У паўлiтровай шкляначцы — тры кiлаграмы памiдораў! — зазначае гаспадыня. — Пасту можна ўжываць з макаронамi, мясам, на хлеб намазваць.


Сяргей жа нагадвае, што пры вырошчваннi гароднiны прымяняецца толькi арганiка:

— Усе хочуць смачныя, натуральныя i экалагiчна чыстыя прадукты!

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter