У Беларусі прыняты План па ўдасканаленні экалагічнай дзейнасці

Эфект сумесных дзеянняў

У Беларусі прыняты План па ўдасканаленні экалагічнай дзейнасці


План, які ўключае меры па выкананні рэкамендацый трэцяга Агляду выніковасці экалагічнай дзейнасці (АВЭД), падрыхтаванага Еўрапейскай эканамічнай камісіяй ААН, зацверджаны  ва Урадзе. Прыняцце такога плана ў цэлым пацвярджае цвёрдую прыхільнасць краіны працэсу АВЭД.  А трэці Агляд выніковасці экалагічнай дзейнасці, між іншым,  адлюстроўвае цэлы шэраг дасягненняў Беларусі, такіх як скарачэнне забруджвання паветра мабільнымі крыніцамі, аб’яўленне новых асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, прагрэс у выкладанні аспектаў экалагічнай адукацыі ды адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця, а таксама стабільнасць арганізацыйнай структуры ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, вынікам якой сталі паслядоўная распрацоўка і рэалізацыя экалагічнай палітыкі.



У Аглядзе таксама адзначаецца прагрэс, дасягнуты ў паляпшэнні якасці прыродаахоўнага заканадаўства. Сярод ключавых сфер, дзе неабходная далейшая работа, Агляд называе ўдзел грамадскасці ў стратэгічным планаванні, укараненне эканамічных стымулаў, якія садзейнічаюць абнаўленню састарэлага парку транспартных сродкаў.

План мерапрыемстваў, які ахоплівае перыяд  да 2020 года, вызначае дзейнасць і меры, за рэалізацыю якіх адказваюць 16 рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама  абласныя і мясцовыя органы ўлады. Да такіх мер, у прыватнасці, адносяцца пашырэнне ўдзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў па пытаннях навакольнага асяроддзя, фарміраванне нацыянальнай экалагічнай сеткі, аптымізацыя інфраструктуры абыходжання з адходамі. Многія мерапрыемствы выходзяць далёка за рамкі прыродаахоўнай галіны і адносяцца да мер, неабходных у энергетыцы, транспартным сектары, лясной гаспадарцы, турыстычнай галіне, жыллёва-камунальнай гаспадарцы і ахове здароўя, для забеспячэння ўстойлівага кіравання прыроднымі рэсурсамі, аховы навакольнага асяроддзя і здароўя насельніцтва.

Да прыкладу, у галіне лясной гаспадаркі План мерапрыемстваў прадугледжвае будаўніцтва лесагаспадарчых дарог у аб´ёме не меншым за 100 км штогод. У Беларусі існуюць шырокія тэрыторыі, якія ў цяперашні час з’яўляюцца недаступнымі з-за вільготных і балоцістых участкаў мясцовасці. Сярэдняя шчыльнасць лесагаспадарчых дарог у краіне складае 6 км на 1000 га лесу, што з’яўляецца больш слабым  паказчыкам у параўнанні з сярэднім еўрапейскім значэннем у 20 км на 1000 га лесу. Нізкая шчыльнасць дарог можа мець адмоўны ўплыў на ўстойлівае кіраванне лясамі, бо можа весці да празмернай эксплуатацыі лясоў, якія знаходзяцца блізка да існуючых дарог, са спадарожным адмоўным уздзеяннем на навакольнае асяроддзе, да скарачэння прадукцыйнасці лясоў у такіх абласцях.

Хоць Беларусь ужо з’яўляецца бокам большай часткі шматбаковых экалагічных пагадненняў, прадугледжаныя мерапрыемствы будуць са­дзейнічаць яе ўдзелу і  ў іншых пагадненнях.  Таксама Планам прадугледжаны меры для забеспячэння больш поўнага прымянення прынцыпаў сістэмы экалагічнай інфармацыі ў краіне.


Адкрыццё памятнага знака на месцы будучага энергаэфектыўнага дома ў Гродне, снежань 2015 г.

Прыкладаў супрацоўніцтва нямала. Як вядома, Камітэт па экалагічнай палітыцы Еўрапейскай эканамічнай камісіі  ААН зацвердзіў рэкамендацыі Агляду 29 кастрычніка 2015 года. Федэральнае міністэрства навакольнага асяроддзя, аховы прыроды, будаўніцтва і бяспекі ядзерных рэактараў Германіі і Федэральнае агенцтва навакольнага асяроддзя Германіі ў рамках Праграмы кансультатыўнай дапамогі, а таксама Урада Нарвегіі і Швейцарыі прадаставілі фінансавую падтрымку для падрыхтоўкі трэцяга Агляду выніковасці экалагічнай дзейнасці. Міністэрства сацыяльнай палітыкі, аховы здароўя і правоў жанчын Францыі выдзеліла эксперта па пытаннях здароўя і навакольнага асяроддзя, а Праграма Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па навакольным асяроддзі накіравала эксперта па біяразнастайнасці. Праграма развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі аказала арганізацыйную падтрымку правя­дзенню місіі па Аглядзе.

Ёсць і іншыя прыклады.  Нельга не сказаць пра тое, што для павышэння энергетычнай эфектыўнасці  эканомікі важную ролю адыгрывае Праграма развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якая выступае ў якасці партнёра беларускага Урада. У прыватнасці, пачынаючы з 2013 года ПРААН у Беларусі садзейнічае рэалізацыі такога праекта, як “Павышэнне энергетычнай эфектыўнасці жылых будынкаў”, фінансуемага Глабальным экалагічным фондам. Асноўная мэта, якая стаіць перад гэтым праектам, — стварыць неабходныя ўмовы для паніжэння спажывання энергіі ды скарачэння выкідаў парніковых газаў пры эксплуатацыі шматпавярховых жылых будынкаў. Дасягнуць сваёй мэты ўдзельнікі праекта  плануюць шляхам распрацоўкі і ўкаранення ў практыку праектавання, будаўніцтва і эксплуатацыі жылога фонду новых тэхнічных рашэнняў для інжынерных сістэм будынка з унясеннем адпаведных змен у  нарматыўныя прававыя акты. Шырокае выкарыстанне вынікаў і распрацовак праекта дасць магчымасць скараціць спажыванне энергіі на ацяпленне, вентыляцыю і гарачае водазабеспячэнне ў новых будынках не менш як на 70 працэнтаў у параўнанні з жыллёвым фондам, уведзеным у эксплуатацыю да 1993 года, і на 40 працэнтаў — у параўнанні з жыллёвым фондам, пабудаваным у адпаведнасці з цяпер дзеючымі патрабаваннямі да энергаспажывання будынкаў.

Варта адзначыць, што да нядаўняга часу скарачэнне энергаёмістасці ВУП у Беларусі забяспечвалася галоўным чынам за кошт павышэння энергаэфектыўнасці вытворчасці. Энергазберажэнне ў жылым сектары набыло прыярытэтны статус на пра­цягу апошніх гадоў, у прыватнасці, калі Урадам  была прынята Комплексная праграма па распрацоўцы, будаўніцтве і рэканструкцыі энергаэфектыўнага жылля.

Праграма прадугледжвае аснашчэнне да 2020 года ўсіх новых жылых будынкаў сістэмамі ўтылізацыі цяпла выцяжнога паветра, што ў сваю чаргу будзе спрыяць як мінімум двухразоваму скарачэнню ўдзельнага спа­жывання цеплавой энергіі ў новых жылых будынках у параўнанні з сярэднім паказчыкам на дадзены момант.


Круглы стол па энергетычнай сертыфікацыі жылых будынкаў, лістапад 2015 г.

Нягледзячы на тое, што ў цяперашні час у будаўнікоў ужо ёсць доступ да сучасных матэрыялаў і абсталявання, пераход да масавага будаўніцтва энергаэфектыўных будынкаў стрымліваецца недастатковым развіццём нарматыўнай  прававой базы і абмежаваным досведам айчынных кампаній  у галіне праектавання, будаўніцтва і эксплуатацыі такіх будынкаў. Менавіта на ўдасканаленне стандартаў і  павышэнне ведаў аб сучаснай практыцы, на распаўсюджванне  перадавога досведу праект ПРААН-ГЭФ арыентуе сваю дзейнасць.

Аляксандр Грабянькоў, кіраўнік праекта: “Мы не можам тыражаваць досвед павышэння энергаэфектыўнасці будынкаў, не надаўшы нарматыўную аснову ўкараняемым інжынерна-тэхнічным рашэнням. Павінен адзначыць, што дзеючыя ў Беларусі на дадзены момант будаўні­чыя стандарты даволі сучасныя: шмат у чым  адпавядаюць еўрапейскім. Але, на наш погляд, адсутнічае нарматыўны акт, які зрабіў бы гэтыя нормы абавязковымі. Ім павінен стаць Тэхнічны рэгламент “Энергаэфектыўнасць будынкаў”, які цяпер распрацоўваецца  пры ўдзеле экспертаў праекта”.

Ці выкананыя нарматыўныя патрабаванні і праектныя паказчыкі па энергаспажыванні ды ў якой ступені  можна  назваць энергаэфектыўнымі зноў узводзімыя будынкі і дамы папярэдніх пакаленняў — за гэта адказвае энергетычны аўдыт. Таму ў рамках праекта ўпершыню  запушчана маштабнае энергетычнае абследаванне 55 будынкаў найбольш распаўсюджаных масавых серый і розных гадоў пабудовы. На аснове аналізу гэтых вынікаў і будуць падрыхтаваныя рэкамендацыі па ўдасканаленні практыкі энергетычнага аўдыту ў жылых будынках.

Ёсць у праекце і адукацыйны кампанент. Больш за 500 чалавек наведалі дзясяткі мерапрыемстваў, пачынаючы з 2013 года. У праекце прадугледжаны трэнінгі, семінары, канферэнцыі, майстар-класы для праекціроўшчыкаў, будаўнікоў, эксплуатуючых арганізацый і, у першую чаргу, ставіцца на мэце перадача досведу энергаэфектыўнага будаўніцтва як мага большай колькасці прафесіяналаў.


Адкрыццё памятнага знака на месцы будучага энергаэфектыўнага дома ў Магілёве, кастрычнік 2015 г.

Падчас рэалізацыі праекта быў вывучаны досвед праектавання дамоў з мінімальным спажываннем энергіі, прапанаваны новыя сучасныя рашэнні для сістэм ацяплення і гарачага водазабеспячэння, дадзены рэкамендацыі па змесце вучэбных курсаў у праграмах навучання шэрага ВНУ па пытаннях праектавання, будаўніцтва і эксплуатацыі энергаэфектыўных будынкаў. Па гэтых напрамках ужо чытаюцца лекцыі ў БНТУ, на чарзе — Брэсцкі тэхнічны ўніверсітэт. Яшчэ адзін кампанент навучання і распаўсюджвання ведаў — PR-акцыі, якія праводзяцца паводле праекта і разлічаныя як на дарослую, так і на дзі­цячую аўдыторыі, а таксама навучанне за мяжой. Падчас замежных азнаямленча-навучальных паездак у беларускіх спецыялістаў была магчымасць пазнаёміцца з сучаснай нарматыўнай базай энергаэфектыўнага домабудавання, інавацыйнымі методыкамі разліку, праектавання, будаўніцтва і маніторынгу энергаэфектыўных жылых будынкаў, а таксама вывучыць практыку выкарыстання новых тэхнічных рашэнняў, уключаючы аднаўляльныя крыніцы энергіі, для ацяплення жылых памяшканняў і нагрэву вады.

Немалаважна адзначыць, што ўжо пачата будаўніцтва трох энергаэфектыўных дамоў новага пакалення, праектная дакументацыя для якіх была распрацавана пры непасрэдным удзеле экспертаў і фінансавай падтрымцы праекта ПРААН-ГЭФ.

Базавы праект усіх будынкаў абапіраецца на дзеючыя нормы будаўніцтва і прадугледжвае падключэнне да цэнтралізаваных сістэм ацяплення і гарачага водазабеспячэння, устаноўку ў кожнай кватэры батарэй, тэрмастатычных клапанаў і лічыльнікаў цяпла ў якасці стандартных параметраў. Уклад праекта ПРААН-ГЭФ для пакрыцця расходаў на дадатковыя меры па павышэнні энергаэфектыўнасці складзе 15 працэнтаў да базавага інвестыцыйнага кошту. Гэтыя меры ўключаюць у сябе шэраг новых інжынерных сістэм.  Для сістэмы ацяплення, напрыклад,  будзе прымяняцца пакватэрная прымусовая вентыляцыя з выкарыстаннем да 80 працэнтаў цяпла выходзячага паветра.  Для сістэмы гарачага водазабеспячэння — цеплавыя помпы, якія ўтылізуюць цяпло  грунту праз фундаментныя палі і цяпло каналізацыйных сцёкаў, цеплаабменнікі, якія рэгенеруюць цяпло бытавых сцёкаў, і сонечныя награвальнікі. Сонечныя батарэі будуць даваць электраэнергію на прывад цеплавых помп і вентылятараў, а таксама на асвятленне месцаў агульнага карыстання. Чакаецца, што на пілотных аб’ектах расход цяпла на гарачае водазабеспячэнне будзе скарочаны не менш як на 40 працэнтаў.

“Гэтыя тры дамы — у Мінску, Магілёве і Гродне — практычны эксперымент. У іх будуць прыменены ўсе даступныя і эканамічна абгрунтаваныя на сённяшні дзень энергазберагальныя тэхналогіі, і мы ўпэўнены, што вынік  у хуткім часе заявіць пра сябе намнога гучней, чым любыя тэарэтычныя выкладкі. Па нашых падліках сумарная жыроўка па гэтых дамах значна знізіцца. Напрыклад, у доме ў Магілёве яна стане меншай прыкладна на 55 мільёнаў рублёў”, — рэзюмуе Аляксандр Грабянькоў.

Уладзімір Міхайлаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter