Едзем без перасадак…

У Бабруйск прыйшоў першы электрацягнік рэгіянальных ліній

У Бабруйск прыйшоў першы электрацягнік рэгіянальных ліній

Роўна ў поўдзень падкаціў ён да станцыі Бабруйск, абвясціўшы сваё з’яўленне працяглым гудком.

І вось абвяшчаецца аб адкрыцці мітынгу, прысвечанага важнай падзеі. Паводле слоў міністра транспарту і камунікацый краіны Анатоля Сівака, сёння ўсе мы адчуваем радасныя пачуцці, звязаныя з завяршэннем у рамках маштабнага інвестыцыйнага праекта электрыфікацыі ўчастка чыгункі Асіповічы—Бабруйск. Зроблены яшчэ адзін важкі крок у развіцці новага фармату пасажырскіх перавозак. Тым больш прыемна, што гэта падзея адбылася напярэдадні 50-годдзя з пачатку электрыфікацыі чыгункі ў нашай рэспубліцы. Услед за здадзеным прадугледжана электрыфікацыя ўчасткаў Бабруйск—Жлобін, Жлобін—Гомель, Жлобін—Калінкавічы, Маладзечна—Гудагай—Дзяржмяжа і іншых.

Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў адзначыў, што мадэрнізацыя чыгункі, якая зараз вядзецца, павышае канкурэнтаздольнасць унутраных і міжнародных ліній, дае іншую эканомію, зніжае сабекошт прадукцыі. Прамоўца выказаў шчырую ўдзячнасць беларускім спецыялістам і іх кітайскім партнёрам за той унёсак, які яны робяць у рэалізацыю праекта.

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Чорны, кіраўніцтва горада Бабруйска, Бабруйскага і Асіповіцкага раёнаў, якія затым выступілі, гаварылі пра значнасць адкрыцця рэгіянальнай лініі руху электрацягнікоў, што звязала не толькі раёны, але і вобласці, сталіцу з раённымі гарадамі.

Нагадаем, электрыфікацыя Беларускай чыгункі пачалася ў 1963 годзе. На сённяшні дзень ёю ахоплена беларуская частка другога Агульнаеўрапейскага транспартнага калідора на адрэзку Брэст—Мінск—Дзяржмяжа з Расійскай Федэрацыяй, а таксама магістралі ў рамках дзявятага Агульнаеўрапейскага транспартнага калідора ад Маладзечна праз Мінск і да Бабруйска. У цяперашні час з 5,5 тысячы кіламетраў магістральных ліній электрыфікавана 0,9 тыс. км, што складае 16 працэнтаў. Дзяржаўнай праграмай развіцця чыгуначнага транспарту на 2011—2015 гады ставіцца задача давесці гэты паказчык да 25 працэнтаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter