Еўрапейскі след, альбо Аб тым, што цікавыя для Беларусі каштоўнасці ўсё часцей “усплываюць” за мяжой

У пачатку красавіка невядомы дагэтуль ліст Адама Міцкевіча выстаўляўся на аўкцыёне ў Кракаве. Нягледзячы на тое, што аўтограф пісьменніка на французскай мове, а сам паэт лічыцца польскім класікам, усё ж ён — ураджэнец Беларусі. І гэта змушае пільней прыгледзецца да таргоў на еўрапейскіх рынках антыкварыяту
Раней невядомы ліст А. Міцкевіча з кракаўскага аўкцыёнаУ пачатку красавіка невядомы дагэтуль ліст Адама Міцкевіча выстаўляўся на аўкцыёне ў Кракаве. Нягледзячы на тое, што аўтограф пісьменніка на французскай мове, а сам паэт лічыцца польскім класікам, усё ж ён — ураджэнец Беларусі. І гэта змушае пільней прыгледзецца да таргоў на еўрапейскіх рынках антыкварыяту.

Дарэчы, пакупнік “на Міцкевіча” знайшоўся адразу. Праўда, прозвішча свайго называць не стаў. Вядома толькі, што жыве ён на паўночным усходзе Польшчы, не надта далёка ад Беларусі. Першапачатковы кошт гістарычнага помніка складаў у пераліку на беларускія рублі 17 мільёнаў, але ў выніку таргоў павялічыўся ў пяць разоў. На шчасце, перад “знікненнем” пісьма ў сховішчы новага ўладальніка былі апублікаваны яго змест і выява. Адрасавана карэспандэнцыя, датаваная некаторымі спецыялістамі лістападам-снежнем 1842 года, да гісторыка Жуля Мішле, з якім вялікі Адам разам працаваў у парыжскім Калеж дэ Франс, выкладаючы там славянскія мовы і літаратуры. У сваім пасланні паэт шкадуе, што не можа вярнуцца да педагагічнай дзейнасці ў каледжы, бо доктар прапісаў яму яшчэ дзесяць дзён быць у ложку.
Аўтографы Міцкевіча сёння ў асноўным захоўваюцца ў дзяржаўных бібліятэках і архівах Польшчы. У Беларусі рукапісаў пісьменніка няма. На жаль, няма на радзіме і многіх іншых рарытэтаў, якія маюць беларускае паходжанне.

Так, летась у Варшаве на аўкцыёне “Лямус” была прададзена гравюра 1568 года з краявідам Гродна. Рэдкая выява, арыгіналаў якой ні ў Гродне, ні ў Мінску няма, была набыта Нацыянальнай бібліятэкай Польшчы за 44 тысячы долараў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, адзін беларускі бізнесмен меў намер купіць твор мастацтва і перадаць яго ў дар Радзіме, але таму спадару проста не хапіла грошай.

Яшчэ раней, у красавіку 2007 года, у Варшаве на інтэрнэт-аўкцыёне allegro.pl быў прададзены фрагмент вядомага метэарыта “Брагін”. Гэта даволі рэдкі від метэарыта, аскепкі якога з пачатку XIX стагоддзя знаходзілі ў ваколіцах Брагіна, што на Гомельшчыне. Вядомы ўсяго 13 экземпляраў касмічнага каменя, апошні з іх знойдзены ў 1968 годзе. Але як унікальная рэч трапіла за мяжу — пытанне, на якое не можа даць адказу пакуль ніхто са спецыялістаў. Вядома толькі, што ў час Другой сусветнай вайны нешта маглі вывезці з тэрыторыі Беларусі нямецкія акупантыю.

Дарэчы, многія рарытэты ў Еўропе выплываюць на аўкцыёнах як вынікі ваенных рабункаў. Дагэтуль застаецца загадкай, напрыклад, з’яўленне на таргах кніг вядомага друкара эпохі Рэнесансу Францыска Скарыны. У снежні 1996 года на лонданскім аўкцыёне “Крыстыс” беларусы, якія жывуць у Вялікабрытаніі, набылі для тамтэйшай Беларускай бібліятэкі імя Францыска Скарыны пяць кніг “Бібліі рускай”, выдадзеных асветнікам у Празе напачатку XVI стагоддзя. Гэта стала магчымым дзякуючы ініцыятыве дырэктара бібліятэкі айца Аляксандра Надсана. Ён жа ў 1975 годзе на таргах у Монтэ-Карла выкупіў з прыватных рук фрагмент біблейскай “Кнігі царстваў”, выдадзенай Скарынам. Тым часам у Мінску няма пакуль ніводнага поўнага камплекта “друкаў” беларускага Гутэнберга.

Манета ў гонар А. Міцкевіча. 1998.Пакуль Беларусь толькі пачынае збіраць з усяго свету свае скарбы. Таму пытанне пра стварэнне дзяржаўнага фінансавага рэзерву, з якога можна было б выкупляць “свае” рарытэты за мяжой — справа будучыні.
Нядаўна пры Савеце Міністраў была створана камісія па выяўленні, вяртанні і сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны ўжытак нацыянальных культурных каштоўнасцяў, што апынуліся за межамі краіны. Узначалілі камісію старшыня Сяргей Алейнік і сустаршыня Уладзімір Грыдзюшка. У склад аўтарытэтнай рады ўвайшлі 16 навукоўцаў, у тым ліку прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук, Нацыянальнага архіва, Міністэрства юстыцыі.

Найбольш актуальная сёння задача для Беларусі — пошук і вяртанне слуцкіх паясоў, некаторыя з якіх захоўваюцца ў Расіі, Польшчы. Таксама ў сувязі з рэстаўрацыяй Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу Радзівілаў паўстала асабліва востра пытанне аздаблення адноўленых пакояў арыгінальнай мэбляй, іншымі прадметамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Цалкам магчыма, некаторыя рэчы з радзівілаўскага палаца “выплывуць” за мяжой. Прынамсі, супрацоўнікі Нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка “Нясвіж” ужо цяпер распаўсюдзілі па антыкварных крамах унутры краіны фатаграфіі і апісанні інтэр’ераў магнацкай рэзідэнцыі, каб натрапіць на след прадметаў, што калісьці ўпрыгожвалі велічныя залы.
Пошукі страчанага працягваюцца…

Віктар Корбут
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter