Свадебный обряд агрогородка Мотоль Ивановского района

Дзяжа сямейнага шчасця

Асенні мясаед, або час, калі дазваляецца есці скаромную ежу, у самым разгары — ён працягваецца з 28 жніўня па 28 лістапада. Традыцыйна гэта пара заключэння шлюбаў, і ў кожным рэгіёне вясельны абрад мае свае адметныя рысы. З асаблівым каларытам з сівых часоў яго ладзяць у вёсцы Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці (зараз гэта аграгарадок).


Вяселле пачынаецца са зборнай суботы. У гэты дзень у доме жаніха і ў доме нявесты збіраюцца сваячкі і суседкі, каб пячы вясельны каравай. На ролю каравайніц выбіраюцца пяць жанчын, абавязкова замужніх, сярод іх павінна быць маладуха — жанчына, якая нядаўна прыняла шлюб. Гэта робіцца дзеля таго, каб захаваць пераемнасць. Маладуха пераймае сакрэты, як пячы каравай. Мужчыны ў час абраду не маюць права заходзіць у дом. Дапускаецца толькі брат нявесты ці жаніха для выканання рознага роду дапаможных работ.

Далей — прыгатаванне рошчыны з вады, мукі, дражджэй. Увесь працэс суправа­джаецца песнямі. Пасля замесу ўсе каравайніцы мыюць рукі. Затым старэйшая з іх выносіць ваду ў сад і вылівае яе пад вішнёвае дрэва.

Пакуль цеста выспявае, усе жанчыны вырабляюць аздабленне для шышак. Шышкамі называюцца галінкі пладовага, часцей за ўсё грушавага дрэва вышынёй каля метра. Яны абвіваюцца па ўсёй даўжыні вузкай палоскай цеста і запякаюцца ў печы «перад полымем» адначасова з караваем. Аздабляюцца шышкі бяссмертнікам, барвінкам, штучнымі кветкамі, шышкамі з паперы, жытам, часам калінай, спелым і зялёным аўсом. Адметныя рысы: шышкі замацоўваюцца на караваі жгутом, звітым з чырвоных нітак.

На гатовы каравай ставіцца пяць шышак. Калі каравайнае цеста выспела, майстрыхі пачынаюць круціць каравай «за сонцам» — па гадзіннікавай стрэлцы.


З таго ж цеста вырабляюцца розныя фігуркі, якімі ўпрыгожваецца верх каравая: птушкі, крыжы. Па краі каравай нявесты абводзяць пляцёнкай у выглядзе касы — сімвала дзявочай прыгажосці, а каравай жаніха — пляцёнкай з дзвюх палос у выглядзе вяроўкі. Гэтыя пляцёнкі маюць выгляд абруча, які сімвалізуе злучэнне маладых.

Каравайніцы саджаюць свой выраб у печ на дзве гадзіны. Пасля гэтага пачынаецца наступны этап рытуалу — гульня ў кавалёў. Менавіта прадстаўнікам гэтай прафесіі каравайніцы першым паказваюць, якім прыгожым атрымаўся каравай. Адна з каравайніц апранае кажух, вывернуты мехам наверх, бярэ сякеру і пачынае сімвалічна секчы печ. Затым каравайніцы дастаюць духмяны хлеб з печы, папярэдне пастукаўшы тройчы ў столь лапатай так, каб тая трэснула.

Гатовы каравай ставяць на крышку ад дзяжы, у якой замешвалі цеста. 10—15 хвілін ён астывае, а затым усе пяць каравайніц туга абвязваюць яго ручніком і па камандзе старэйшай майстрыхі адначасова ўтыкаюць шышкі. Пасля плятуць з чырвоных нітак доўгую вяроўку, каб з яе дапамогай замацаваць чатыры з пяці шышак. На караваі жаніха застаецца незамацаванай тая, што з двума рожкамі, на караваі нявесты — з трыма. Гэта шышкі, якімі потым абменьваюцца жаніх і нявеста. Цікавая дэталь: паміж шышкамі кладуць маленькі круглы аржаны хлеб, на якім абавязкова павінен ляжаць шматок сала.

Завяршаецца зборная субота застоллем, у якім прымаюць удзел каравайніцы і ўсе жанчыны, якія прысутнічалі пры выпечцы.

У час вяселля акраец каравая і частку шышкі падносяць з паклонам гасцям, а тыя дзякуюць гаспадарам, выкупляючы гасцінец. Рэшткі караваяў і падораныя грошы аддаюць маладым.

АД ПРАДЗЕДАЎ

Каравай павінен выкупіць за пэўную суму брат нявесты ці жаніха або хросны бацька ці дзядзька. Пасля гэтага сваяк паднімае каравай над галавой і тройчы круціцца з ім па хаце «за сонцам» — гэта значыць па гадзіннікавай стрэлцы.
Абрад вырабу мотальскага каравая ўнесены ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.
kuzmich@sb.by

Шышкі вясельнага каравая — у экспазіцыі Мотальскага музея народнай творчасці.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter