У Беларусі ўнікальная сітуацыя — чэрг у дзіцячыя садкі няма нават ў перапоўненым Мінску

Дзяцінства ў крокавай даступнасці

У Беларусі ўнікальная сітуацыя — чэрг у дзіцячыя садкі няма нават ў перапоўненым Мінску


Галоўная прычына такога феномена: нават у самыя сумныя гады развалу ў краіне дзіцячыя сады ўпарта працягвалі будаваць. І цяпер у Беларусі кожны год здаецца прыкладна паўтара дзясятка новых будынкаў — сучасныя, з гарадкамі для гульняў, басейнамі ды фізкультурнымі заламі.



Вядома, у новых мікрараёнах, калі сацыяльна-адукацыйная інфраструктура запазняецца, маладым бацькам спачатку даводзіцца вадзіць дзетак у суседнія садкі.

— У мінулым навучальным годзе сады працавалі з нагрузкай 122 працэнты. Гэта праблема актыўнай забудовы ў вялікіх гарадах, — гаворыць галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Камітэта адукацыі Мінгарвыканкама Алена Макарэвіч.

Зрэшты, намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Качанава ўпэўнена, што такая “перанаселе­насць” — добры знак:

— Гэта гаворыць пра паспяховую дэмаграфічную сітуацыю. Ужо больш за дзесяць гадоў у нашай краіне назіраецца рост нараджальнасці.

А вось на вёсцы не ўсё так радасна. З-за малакамплектнасці школ і садкоў іх даводзіцца аб’ядноўваць. Нярэдка зачыняюцца ўстановы ў адной вёсцы, і дзяцей падвозяць у іншую, больш населеную.


Гарантыі для карапузаў


Схема размеркавання малых па садках цалкам празрыстая і аднолькавая для ўсіх. Падаць заяву, каб дзіця ўзялі ў садок, можна хоць на наступны дзень пасля яго нараджэння ў службу “Адно акно”.

Дзяржава гарантуе кожнаму карапузу магчымасць наведваць групы і на справе забяспечвае гэта. Няхай не заўсёды побач з домам у крокавай даступнасці, а праз некалькі прыпынкаў. У Мінску нават арганізавалі спецыяльны аўтобус “Малышок”. Ён падвозіць бацькоў з дзецьмі да сада, калі той у іншым мікрараёне.

Братоў і сясцёр абавязкова ўладкуюць у адно месца. Калі старэйшае дзіця ўжо ходзіць у канкрэтную ўстанову, малодшыя, калі прыйдзе тэрмін, складуць яму кампанію. Гэта відавочнае дасягненне. Яшчэ некалькі гадоў назад дзяцей прымалі туды, дзе былі месцы.

Дарэчы


Дашкалятаў у краіне каля паўмільёна. З іх у сярэднім дзіцячыя сады і яслі наведваюць каля 75 працэнтаў: сярод малых ва ўзросце да 2 гадоў — трэць, а сярод пяцігодак, якія праз год пойдуць у школу, практычна 100 працэнтаў.

З 2014 года бацькі ў Беларусі аплачваюць толькі расходы на харчаванне. Усе астатнія паслугі прадастаўляюцца за кошт дзяржавы. Бясплатна ў садок водзяць дзяцей-інвалідаў, палову ад кошту плацяць апякунскія сем’і ды тыя, хто мае трох і больш дзяцей. На 30 працэнтаў менш плацяць бацькі, калі ў іх двое дзяцей ходзяць у групы.


Маці — у выхавальнікі!


У Мінску ўкараняюць новыя формы дашкольнай адукацыі.

У якасці эксперымента ў сярэдніх школах мінскага Першамайскага раёна арганізавалі некалькі груп. У іх для дашкольнікаў абсталявалі гульнявыя пакоі ды спальні. Малыя цяпер прама ў сценах школы і займаюцца, і гуляюць, а заадно і прывыкаюць да новага жыцця з 1 верасня.

Новаўвядзенне, на думку бацькоў і спецыялістаў, сябе апраўдала. Хоць навінкай такі падыход наўрад ці можна назваць. Нешта падобнае беларускія школы ўжо праходзілі, калі ў сярэдзіне 1980-х гадоў укаранялася праграма навучання з шасці гадоў. Тады распарадак шасцігодак першакласнікаў ненамнога адрозніваўся ад жыцця ў дзіцячым садзе. Там, дзе школы і так былі перапоўненыя, першыя класы працавалі на базе дашкольных устаноў. Так што ўсё новае — добра забытае старое.

У самых растучых мінскіх раёнах — Маскоўскім і Фрунзенскім — знайшлі яшчэ адну формулу барацьбы з дэфіцытам месцаў: адкрылі “сямейныя групы”. Шматдзетныя маці з трыма і больш дзецьмі афармляюцца на працу выхавальнікамі на паўстаўкі. “Працуе” такая мама прама ў сябе дома, дзе прыглядае за групай з сямі дзяцей. Ходзіць з імі на музычныя і фізкультурныя заняткі, удзельнічае ў “садаўскіх” ранішніках. У такіх “сем’яў” ёсць свае пляцоўкі для прагулак на свежым паветры.

Прыватныя сады, якіх, напрыклад, на ўвесь Мінск усяго толькі восем, праблему не вырашаюць. Іх, як правіла, адкрываюць ва ўжо абжытых раёнах цэнтра горада. Ад дзяржаўных яны адрозніваюцца малаколькаснасцю груп і вялікім памерам аплаты.

Заняткі з дзецьмі вядуцца па адзінай дзяржаўнай праграме “Пралеска”.

Герман Маскаленка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter