Дзяцінства і дружбы краіна

Лагер «Крынічка» на Рагачоўшчыне збярэ сёлета 250 дзяцей

Так называюць міжнародны дзіцячы лагер «Крынічка» на Рагачоўшчыне, які сёлета збярэ пад свае сцягі 250 беларускіх, расійскіх, украінскіх і літоўскіх дзяцей.

«Стартаваўшы» з невялічкага палатачнага гарадка, што раней арганізоўваў для рагачоўскай дзятвы раённы аддзел адукацыі, лагер, дзякуючы намаганням Гомельскага аддзялення Беларускага фонду міру і Рагачоўскага райвыканкама за адзінаццаць гадоў ператварыўся ў сапраўдны цэнтр патрыятычнага выхавання і ўмацавання сяброўскіх адносін паміж моладдзю суседніх краін.

— Міратворцы Гомельшчыны актыўна ўключыліся ў падрыхтоўку міжнародных лагераў дружбы пасля ўстанаўлення сувязяў з нашымі расійскімі калегамі, — удакладняе старшыня Гомельскага аддзялення Беларускага фонду міру Цімафей Глушакоў. — Стаўку ў гэтай справе робім, безумоўна, на моладых: менавіта яны з’яўляюцца лепшымі пасланцамі міру.

Наперадзе ў хлопцаў і дзяўчат насычаная праграма: інтэлектуальныя, гумарыстычныя і спартыўныя конкурсы, песні ля вогнішча, экскурсіі да мемарыяла дзецям — ахвярам вайны ў пасёлку Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна, у Рагачоўскі музей народай славы, правядзенне Дзён дружбы, нацыянальных культур і іншыя цікавыя мерапрыемствы. Найбольш адметным сярод іх, зразумела, стане святкаванне Дня Незалежнасці Беларусі, у час якога дзеці з «Крынічкі» прымуць удзел у святочным шэсці, мітынгу і ўскладанні вянкоў і кветак да мемарыялу воінскай славы і помнікаў ахвярам фашысцкага генацыду ў Рагачове. Развітальныя акорды міжнароднага лагера прагучаць 7 ліпеня.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter