Каму і ў колькі абышлася ліквідацыя наступстваў ад тарнада: сведчаць пацярпеўшыя жыхары Шаркаўшчыны

Дзяржстрах на пластыкавыя вокны грошай не дасць

Каму і ў колькі абышлася ліквідацыя наступстваў ад тарнада: сведчаць пацярпеўшыя жыхары Шаркаўшчыны


11 ЛІПЕНЯ над Шаркаўшчынскім раёнам пранёсся ўраган нябачанай дагэтуль сілы. “СГ” падрабязна аб гэтым паведамляла. Нагадаем: пацярпеў тады раённы цэнтр моцна. Пашкоджана было звыш 200 аднакватэрных і 10 шматкватэрных дамоў, поўнасцю разбураны тры жывёлагадоўчыя фермы. Неверагодна, але абышлося без ахвяр, вельмі пацярпелі толькі тры жанчыны.

Саулич_b.jpg

Прадавец “лятаючага кіёска” Ірына КАРМАН
дома і адчувае сябе выдатна

А ШТО сёння? Першым чынам заглянуў у дом № 34 па вуліцы Маладзёжнай, куды вярнулася з бальніцы прадавец “лятаючага кіёска” Ірына Карман. Гаспадыня яшчэ з парога сустрэла ветліва і выклікалася расказаць аб перажытым:

— Уцалела я, хутчэй за ўсё, па Божай волі, бо за тыя некалькі жахлівых хвілін магла загінуць двойчы. Паднялася раптоўна моцная віхура, затрашчаў, выгнуўся дах у маім павільёне. На мяне пачала валіцца шафа. А калі выбегла з-за прылаўка да дзвярэй, мяне тут жа выкінула з кіёска. Толькі трохі ачухалася, малюся, што засталася жывая, як на мяне... падае машына. Ізноў цуд: я аказалася паміж яе коламі, а дзякуючы высокай пасадцы аўтамабіля, гэта была “Ніва”, не загінула. Хачу выказаць падзяку галоўнаму ўрачу нашай ЦРБ Станіславу Стоме, загадчыку хірургічнага аддзялення Івану Лаўрыновічу. Іх клопат, уважлівыя адносіны да мяне дапамаглі хутчэй выздаравець.

Пакуль Ірына лячылася, у асноўным закончаны работы і па рамонце дома, дзе знясло дах. Напачатку дапамог райвыканкам. А потым шчыравалі родзічы, якіх у яе нямала.

А вось жыхару вёскі Юзэфова Юрыю Гардымаву, ад дома якога засталіся толькі сцены (дарэчы, здымак быў змешчаны на першай старонцы нашай газеты), аднавілі жыллё бясплатна работнікі ААТ “Княж”. Сам ён пакуль што беспрацоўны, бо даглядае хворую маці. На матэрыялы для дома хапіла грошай добраахвотнай страхоўкі. Амаль зусім разбураны і гаспадарчыя прыбудовы: пуня, хлеў, дрывотня. Гэта Юрый бярэцца ўзнавіць сам, тым больш што матэрыялаў дастаткова.

Саулич_1_b.jpg

Валянціна КІРЫЛАВА каля свайго не да канца адрамантаванага
дома па вуліцы Савецкай, 46а

У самой Шаркаўшчыне аказаўся непакрытым дах толькі дома № 38а па вуліцы Савецкай. Ён быў зацягнуты ізаляцыйным матэрыялам. Гаспадыня дома Наталля Раковіч на гэты конт патлумачыла, што ёй аказана ўсебаковая дапамога. У тым ліку прафсаюзнымі арганізацыямі, раённай і абласной бальніцамі. А дах незакончаны таму, што зрабіла на яго спецзаказ з металачарапіцы ў Мінску, і неўзабаве ён будзе выкананы.

Абнавіліся і выглядаюць больш прываблівымі дамы як прыватныя, так і шматкватэрныя па вуліцы Скарыны, якая найбольш пацярпела ад урагану. У тым ліку і дом № 28. Аднак яго гаспадар Макар Іваноў не надта задоволены гэтым, бо, на яго думку, панёс непрадбачныя і даволі вялікія для пенсіянера расходы. Ён атрымаў страхоўкі 11 мільёнаў рублёў. Па яго словах, гэтага хапіла толькі на рамонт даха: 7 мільёнаў 700 тысяч заплаціў за шыфер, а астатнія пайшлі майстрам за работу, і нават не хапіла. Асноўная ж прэтэнзія Іванова ў наступным. Пры ўрагане ў яго выбіла шкло ў вокнах. Калі пачаў устаўляць яго, нельга было нават прыбіць штапік, бо рамы падгнілі (дому роўна паўстагоддзя). Ён вымушаны быў паставіць 5 новых пластыкавых вокнаў, за што заплаціў 20 мільёнаў рублёў. Дзяржстрах жа катэгарычна адмаўляецца кампенсаваць гэтыя затраты. І, як выявілася, мае рацыю.

Жыхарка дома № 46а па вуліцы Савецкай Валянціна Кірылава, наадварот, вельмі ўдзячна работнікам Дзяржстраху, бо менавіта яны першымі прыйшлі да яе і занатавалі фотаапаратам жахлівыя разбурэнні: ураганам знесены не толькі дах, але і пакой пад ім. Ёй выплачаны значныя сумы па абавязковай і добраахвотнай страхоўках – звыш 60 мільёнаў рублёў (да дэнамінацыі), плюс за маёмасць. Яшчэ днямі 4 мільёны атрымала сацыяльнай дапамогі. Крыўда ж Валянціны ў тым, што два дні раскурочаны дом заліваў дождж: прыкрыць усю столь, каб выратаваць маёмасць, не знайшлося чым. Тазікамі выносіла ваду. А яшчэ ніхто не спяшаўся спілаваць тры паламаныя вялікія дрэвы, хаця зусім непадалёк, за рэчкай, увіхаліся з піламі работнікі ЖКГ. І толькі праз некалькі дзён, пасля звароту да старшыні раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях Валерыя Казлоўскага, становішча выправілі. Між іншым, рамонт дома ідзе: не зроблены поўнасцю франтоны.

КАМЕНТАРЫЙ старшыні раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях, намесніка старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Валерыя КАЗЛОЎСКАГА:

— У ліквідацыі вынікаў урагану прынялі ўдзел усе арганізацыі гарпасёлка і шэраг сельгаспрадпрыемстваў. З раённага бюджэту выдзелена  96,5 мільёна недамініраваных рублёў, з абласнога — 1,5 мільярда. З рэспублікі, па лініі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, атрымана 5 тысяч лістоў шыферу, 150 трубак рубероіду, 500 кілаграмаў ацынкованага жалеза. “Віцебскрэсурсы”, а таксама Верхнядзвінскі і Пастаўскі лясгасы забяспечылі неабходнымі піламатэрыяламі. Усе грамадзяне, хто звярнуўся ў Дзяржстрах, атрымалі кампенсацыю па страхоўцы. Усяго выплачана 2 мільярды 335 мільёнаў недамініраваных рублёў. Акрамя таго, 6 чалавек, па рашэнні раённай камісіі, атрымалі бясплатна шыфер. На сёння ўсе пашкоджаныя дахі дамоў адрамантаваны. У асноўным завершаны і  іншыя работы.  На стадыі вырашэння пытанне аб будаўніцтве арачніка замест разбуранай ураганам фермы “Маркі” КУВ “СГП імя Маркава”.

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter