Дзяржпадтрымкi — менш, а навасёлаў — больш. Аб’ём жыллёвага будаўнiцтва сёлета ў параўнаннi з мiнулым годам павялiчыцца ў рэспублiцы на 0,5 мiльёна квадратных метраў i складзе каля 4 мiльёнаў.

Трэцюю частку ад запланаванага ўзвядуць у сельскай мясцовасцi. У бягучым годзе наваселле справяць каля 9 тысяч сем’яў работнiкаў сельгаспрадпрыемстваў. Пра гэта паведамiла начальнiк аддзела iнвестыцыйных жыллёвых праграм i жыллёвага будаўнiцтва Мiнбудархiтэктуры Таццяна Затурэнская.
Прырост плануецца забяспечыць галоўным чынам за лiк будаўнiцтва з выкарыстаннем пазабюджэтных крынiц фiнансавання. Калi раней пры дзяржпадтрымцы ў рэспублiцы ўзводзiлi каля 60—70 працэнтаў кватэр, то сёлета — толькi 30—40.
Каб зрабiць жыллёвае будаўнiцтва больш даступным, Мiнбудархiтэктуры сумесна з зацiкаўленымi структурамi падрыхтаваў праект закона “Аб будаўнiчых зберажэннях у рэспублiцы”. Гэты дакумент, у прыватнасцi, дае грамадзянам магчымасць паступова назапашваць грошы на жыллё на банкаўскiм рахунку, а пасля збору паловы ад кошту будучай кватэры атрымаць крэдыт. Разлiчвацца за яго можна будзе ўжо пасля засялення. Праект закона, па словах Таццяны Затурэнскай, паступiць на разгляд Савета Мiнiстраў не пазней 1 чэрвеня. Пры спрыяльных умовах новая сiстэма можа запрацаваць ужо з 2006—2007 гадоў.
Цэны на жыллё, лiчаць спецыялiсты, будуць расцi i далей. Аб’ектыўнымi прычынамi гэтага з’яўляюцца павелiчэнне выдаткаў будаўнiчых арганiзацый на матэрыялы i энерганосьбiты, а таксама рост попыту на жыллё. Для тых, хто стаiць на чарзе i мае права на атрыманне новай кватэры з дзяржпадтрымкай, квадратны метр сёлета будзе каштаваць прыкладна 300 долараў. Для ўсiх астатнiх цэны ўстановiць рынак. Сёння, напрыклад, у Мiнску, дзе попыт самы высокi ў рэспублiцы, квадратны метр прапануюць за 700 долараў i больш.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter