ДЗЯКУЙ ЗА ЖЫЦЦЁ!

Шэсцьдзесят другая вясна прыйшла на Беларусь. Іменна так — шэсцьдзесят другая. Таму што з мая 45-га вядзецца новы адлік. Чым больш часу праходзіць, тым больш яскрава разумееш: калі б не было мая 45-га, усе астатнія тысячы вёснаў народа, якія па дзікунскай прыхамаці былі б проста выкраслены разам з самім народам. З падручнікаў, з памяці, са спісаў жывых.

Шэсцьдзесят другі год запар сады адцвітаюць і асыпаюцца толькі тады, калі ім загадае прырода, а не пад павевамі смуроднага гарачага ветру спаленых вёсак. Шэсцьдзесят другі год сполахі і глухое ракатанне за даляглядам на захадзе азначаюць радаснае прадчуванне навальніцы, вымытай да ззяння раніцы і напоенага чысцінёй паветра, а не трывожнае чаканне чорных крылаў у небе і жалезнай смерці, якая ўпадзе на галаву. Пакаленне, якое ведае пра вайну толькі па расказах бацькоў, ужо гуляе на вяселлях унукаў. Гэта нармальна, звычайна, так і павінна быць у гэтым свеце, створаным для жыцця і дабрыні. Так і павінна быць не шэсцьдзесят два гады, а шэсцьдзесят два разы па шэсцьдзесят два і яшчэ столькі ж.
Але мы, бадай, як ніхто іншы ў гэтым свеце, цэнім кожны з мірных пражытых гадоў. Таму што для нас, жыхароў Беларусі, гэта Свята Жыцця. Помнікі салдатам апошняй вайны (а мы, нашы дзеці, унукі і далёкія-далёкія нашчадкі зробім усё, каб яна сапраўды была апошняй) будуць стаяць на гэтай зямлі заўсёды, і заўсёды будуць ляжаць перад імі кветкі. І ніколі ніхто на гэтай зямлі не абразіць чалавека з узнагародамі за Перамогу, за тое, што ён іх надзеў.  І пакуль некаторыя нашы блізкія і далейшыя суседзі спрабуюць пераасэнсаваць і падправіць гісторыю, мы проста жывём дзеля сваіх дзяцей і сваёй зямлі. Жывём з пачуццём вялікай удзячнасці да тых, хто для нас гэта права — жыць — заваяваў. Жывём з Памяццю, якая ад нашай гісторыі неаддзельная.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter