Дзякуй за выхаванне!

Супрацоўнікі Слаўгарадскай школы-інтэрната былі для яе вучняў не толькі настаўнікамі, але і бацькамі.

На жаль, выпускнікі сярэдніх школ апошніх часоў усё часцей забываюць пра старую добрую традыцыю — сустрэчы з настаўнікамі і былымі аднакласнікамі. Напрыклад, мой 11 А клас за ўсе пяць гадоў пасля выпуску сабраўся толькі аднойчы, і на тую сустрэчу прыйшло ўсяго шэсць чалавек. У кожнага свае справы і клопаты — жыццё такое стала, дынамічнае, тут не да сустрэч. А вось вучні беларускіх школ, якія атрымалі атэстаты некалькі дзесяцігоддзяў таму, усё ж такі больш уважліва адносяцца да традыцый і абавязкова знаходзяць час, каб сабрацца разам і ўспомніць самыя вясёлыя і бесклапотныя часы свайго жыцця. І нам, маладым, трэба браць з іх прыклад.

...Людміла Іванаўна Казі-мірская скончыла Слаўгарадскую школу-інтэрнат у 1963 годзе. Клас яе быў вельмі дружны, і аднакласнікі заўсёды дапамагалі адзін аднаму. І не толькі ў вучобе, але і ў жыцці — напэўна, таму, што кожны з іх рос без бацькоў. Таму на сустрэчу выпускнікоў, якая адбылася ў пачатку лета ў сярэдняй школе № 1 горада Слаўгарада, прыехалі амаль усе вучні дзясятага класа 1963 года выпуску, а таксама выпускнікі іншых гадоў. Вельмі прыемна, што сустрэча адбылася з дапамогай “Народнай газеты”.
— На гэта сапраўднае для нас свята прыехалі і нашы дарагія настаўнікі, — расказвае Людміла Казімірская. — Яны выказвалі ўдзячнасць за тое, што былыя вучні знайшлі час сустрэцца разам у роднай навучальнай установе. Настаўнікі былой Слаўгарадскай школы-інтэрната задаволены сваімі выхаванцамі і вельмі ганарацца намі. Іх клапатлівая і высокапрафесійная праца заўсёды прыносіла добрыя плады ў выхаванні маладога пакалення. І мы ім таксама за гэта ўдзячны.
У родную школу прыехалі тыя, каго душа паклікала назад, у маладыя гады, у неверагоднае, светлае мінулае. Людміла Іванаўна паведамляе, што яны, былыя вучні, дзяліліся з настаўнікамі тым, як кожны з іх змог пабудаваць сваё жыццё, бо з часу сустрэчы першага дарослага світання прайшло амаль пяцьдзясят гадоў.
— У многіх з нас нашы мары здзейсніліся, жыццё склалася вельмі ўдала, — расказвае наша чытачка. — Хто пайшоў у медыкі (і такіх нямала), іншыя сталі педагогамі, некаторыя звязалі сваё жыццё з чыгункай, з морам, журналістыкай, будаўніцтвам. Але ўсе, на агульную думку, сталі годнымі людзьмі і ў сваіх калектывах пакінулі яркі, значны след.
Словы падзякі гучалі і ў адрас першага дырэктара Слаўгарадскай школы-інтэрната Пятра Карпавіча Борыкава. Да кожнага свайго вучня ён адносіўся ўважліва, з любоўю, бо гэтыя дзеці былі сіротамі ці жылі ў няпоўных сем’ях. Нельга было не ўспомніць цікавыя, творчыя ўрокі настаўніц Зоі Міхайлаўны Міхальковай, Ніны Захараўны Грашчанка, Марыі Нікіфараўны Сцяпанавай, Таццяны Васільеўны Кавальковай, Людмілы Іванаўны Казловай. А выхавальніцы Людміла Іванаўна Халецкая, Валянціна Дзмітрыеўна Аксёнава, Надзея Фёдараўна Бабакова і іншыя замянілі вучням бацькоў.
— На гэтай сустрэчы мы атрымалі цудоўны зарад і бу-дзем надалей умацоўваць сяброўства і заставацца вернымі традыцыі — сустракацца, нягледзячы ні на якія перашкоды, — кажа Людміла Іванаўна. — Дзякуй вялікі Браніславе Ісакаўне Байер за арганізацыю сустрэчы. Таксама праз “Народную газету” хачу папрасіць усіх выпускнікоў Слаўгарадскай школы-інтэрната адгукнуцца (можа, хто пазнае сябе на фота-здымку) і па магчымасці прыехаць на наступную сустрэчу аднакласнікаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter