Дзядзька Якуб на плошчы Коласа
03.11.2007 01:00:00
Дарагія суайчыннікі!
Шчыра віншую вас са 125-годдзем з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.
Вялікі пясняр займае адно з найбольш пачэсных месцаў у сузор’і славутых сыноў нашай краіны. Якуб Колас — знакаміты класік нацыянальнай літаратуры, буйны грамадскі і дзяржаўны дзеяч, вучоны і педагог, чалавек шматграннага таленту, светлага розуму, шчодрай душы, які нястомна служыў Беларусі, праслаўляў яе ва ўсім свеце.
Літаратурная спадчына Якуба Коласа — гэта сапраўдная энцыклапедыя народнага жыцця, скарбонка выдатнай, прыгожай і чыстай беларускай мовы. Яго бессмяротныя творы складаюць падмурак нашай духоўнай культуры, абуджаюць у сэрцах людзей пачуцці патрыятызму і гонару за Радзіму.
Няхай жа і надалей жыццё і дзейнасць Якуба Коласа будуць для нас яскравым прыкладам невычэрпнай любві да Айчыны, вучаць шанаваць і берагчы сваю зямлю, самааддана працаваць на карысць беларускага народа.
Жадаю вам здароўя, поспехаў, шчасця і дабрабыту.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА
— Удзел Заіра Азгура ў стварэнні мемарыяла для плошчы Якуба Коласа невыпадковы, — расказвае мастацтва-знаўца, кіраўнік мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура Аксана Багданава. — Гэтых выдатных майстроў — пісьменніка і скульптара — доўгія гады звязвалі цёплыя сяброўскія адносіны. Азгур не раз ляпіў Коласа з натуры: пластычныя партрэты песняра, створаныя Азгурам, датуюцца 1924, 1939, 1949 і 1959 гадамі. Даваенныя бюсты, на жаль, не захаваліся. Даследчыкам вядома, што пры стварэнні мемарыяла на сталічнай плошчы Азгур узяў за аснову паўфігуру паэта, якую ляпіў з натуры ў 1949 годзе.
Свой канчатковы, звыклы нам воблік былая Камароўская плошча набыла ў канцы 1950-х. Аднак прамавугольнай, выцягнутай плошчы ў атачэнні рознастылёвых будынкаў не хапала дамінанты, і ёю стаў мемарыяльны ансамбль. Які, дарэчы, мог выглядаць зусім па-іншаму...
— 1960-я гады былі адзначаны пошукамі скульптурнага аблічча плошчы, яе духоўнага стрыжня, — расказвае суразмоўца. — На мастацкіх выставах тых гадоў часта сустракаліся праекты помніка Коласу. Пасля некалькіх тураў конкурсу вызначыліся дзве найбольш цікавыя прапановы — Заіра Азгура і Сяргея Селіханава. Сяргей Селіханаў прапанаваў устанавіць на плошчы статую Коласа ў сімвалічным вобразе сейбіта. Ды і ў самога Азгура, апрача таго, што ўвасоблены ў жыццё, былі распрацаваны некалькі розных варыянтаў помніка. Напрыклад, такі: Колас стаіць, прыхіліўшыся да дрэва, з капелюшом у руцэ. Альбо яшчэ адзін — Колас абапіраецца на кіёк... Пасля доўгіх абмеркаванняў мастацкі савет спыніўся ўсё ж на шматфігурнай трохчастковай кампазіцыі — Якуб Колас сярод герояў сваіх літаратурных твораў. Аўтарамі яго выступалі скульптар Заір Азгур і мастак-архітэктар Георгій Заборскі. Праўда, Заборскі браў удзел толькі ў пачатковай стадыі распрацоўкі праекта, а стваралі помнік сумесна з Азгурам архітэктары Юрый Градаў і Леанід Левін.
“Я ведаў яго. Сябраваў з ім. І быў абавязаны сказаць пра яго”, — такія радкі, успамінаючы гісторыю стварэння мемарыяла Коласу, напіша пазней Заір Азгур у сваёй кнізе ўспамінаў “Тое, што помніцца”.
Дарэчы, сяброўства і адносіны майстра і мадэлі звязвалі Заіра Азгура не толькі з Коласам, але і з Купалам.
— Менавіта бюсты Купалы і Коласа для Першага беларускага драматычнага тэатра ў 1924 годзе пачынаюць у творчасці Заіра Азгура галерэю партрэтаў дзеячаў беларускай культуры, — працягвае Аксана Багданава. — Напрыканцы жыцця Азгур успамінаў: “Янка Купала і Якуб Колас выглядалі вельмі звычайнымі людзьмі... Цяжка было здагадацца, што гэта тытаны беларускай паэзіі, стваральнікі дзівосных твораў мастацкай літаратуры”.
“На доўгай плошчы імя Якуба Коласа — прадаўгаватае, метраў на 45 азярцо, абрамленае дзікім каменнем, тымі валунамі, што трапілі на нашу беларускую зямлю яшчэ ў ледніковы перыяд. А ў цэнтры, на тым баку, якім гэта плошча мяжуе з вуліцай Якуба Коласа, павінен узвышацца вялізны валун, глыба, на якой павінна сядзець жывая, не меншая глыба — гэта сам Колас”, — так абгрунтоўваў Азгур сваю задуму. Блізкае да гэтага і было здзейснена. Дзевяціметровая скульптура песняра пры поглядзе знізу здаецца яшчэ большай, але корпус і галава Коласа нахілены ўперад, позірк скіраваны долу, і гэта зрокава памяншае адлегласць паміж выявай і гледачом. Плошча з мемарыялам — нібы астравок спакою сярод мітусні вялізнага горада: гарадскі шум прыглушаюць шматлікія дрэвы. Напярэдадні адкрыцця помніка ля яго высадзілі бярозы і ніцыя івы, сімвал прыроды Беларусі. Літаратар, філосаф, пясняр нашай зямлі сядзіць на камені, спакойны, паглыблены ў думкі, а па абодва бакі ад яго — пластычныя кампазіцыі “Дзед Талаш” і “Сымон - музыка”.
— У помніку ўдала спалучыліся дзве тэматычныя лініі: лірычная і гераічная, — падкрэслівае Аксана Багданава. — Сымон-музыка і Ганна ўвасабляюць паэтычны, песенны пачатак у творчасці Коласа. Лірычны настрой падхоплівае і прыродны асяродак, арганічна ўключаны Азгурам у мемарыял: два невялікія азярцы, сістэма фантанаў, бярозы і елкі.
Гераічны пачатак — разведчык Панас і партызан грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў дзед Талаш, апетыя Коласам. Дарэчы, бюст Талаша, што лёг у аснову пластычнай кампазіцыі, Заір Азгур зрабіў яшчэ ў 1947 годзе. А ўпершыню пра палескага селяніна Талаша Азгуру расказаў сам Якуб Колас.
3 лістапада 1972 года на ўрачыстую цырымонію адкрыцця помніка Якубу Коласу на плошчы, што носіць яго імя, сабралася бліскучая кагорта беларускіх літаратараў: Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Іван Шамякін, Максім Лужанін, а таксама іх калегі па пяру з іншых савецкіх рэспублік. Сродкі масавай інфармацыі, крытыкі і самі мінчане неадназначна паставіліся да новага мемарыяла. Разам з поўнымі захаплення водгукамі на старонках газет чуліся і іншыя рэплікі. Абвінавачвалі скульптара ў гігантаманіі, арыентацыі толькі на цэнтральны праспект сталіцы, адзначалі слабую франтальную сілуэтную завершанасць помніка з вуліцы Веры Харужай. Але справа не толькі ў агульных тэндэнцыях тагачаснага манументальнага мастацтва. Памер помніка Коласу апраўданы яшчэ і вялікімі памерамі плошчы (больш за пяць гектараў), дзе меншага аб’ёму скульптура проста згубілася б. Акрамя таго, тлумачыць суразмоўца, перад Азгурам стаяла няпростая задача арганічна звязаць помнік з рознамаштабнымі і рознатыповымі будынкамі паабапал плошчы. Гісторыя, як кажуць, рассудзіла тых, хто спрачаўся: сёння помнік — неад’емная частка беларускай сталіцы, без якой самабытны воблік Мінска быў бы іншым. Плошча — любімае месца адпачынку мінчан, тут збіраецца моладзь, ля помніка прызначаюць спатканні закаханыя. Мемарыял у гонар Якуба Коласа стаў своеасаблівым брэндам Мінска для замежных турыстаў.