Дзядзька Якуб на плошчы Коласа

Роўна 35 год назад, у дзень 90-годдзя Якуба Коласа, з помніка на мінскай плошчы, што носіць імя песняра, было знята покрыва. Сёння проста немагчыма ўявіць беларускую сталіцу без гэтай бронзавай фігуры пісьменніка работы знакамітага беларускага скульптара Заіра Азгура. Накінутае на плечы паліто, задумлівы позірк, кніга ў руцэ… І героі, народжаныя творчай фантазіяй пісьменніка, па абодва бакі — мемарыял даўно стаў своеасаблівым сімвалам Беларусі. Помнік Якубу Коласу з'явіўся ў цэнтры Мінска 3 лістапада 1972 года. Плошча ж насіла яго імя да гэтага 16 год — неўзабаве пасля смерці Коласа пастановай ЦК КПБ Камароўская плошча і адна з цэнтральных сталічных вуліц былі названы ўгонар паэта. Тады ж было прынята рашэнне “Аб устанаўленні ў Мінску помніка Якубу Коласу на плошчы, што носіць яго імя”. На ажыццяўленне яго спатрэбілася больш за 15 год.

Дарагія суайчыннікі!
Шчыра віншую вас са 125-годдзем з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.
Вялікі пясняр займае адно з найбольш пачэсных месцаў у сузор’і славутых сыноў нашай краіны. Якуб Колас — знакаміты класік нацыянальнай літаратуры, буйны грамадскі і дзяржаўны дзеяч, вучоны і педагог, чалавек шматграннага таленту, светлага розуму, шчодрай душы, які нястомна служыў Беларусі, праслаўляў яе ва ўсім свеце.
Літаратурная спадчына Якуба Коласа — гэта сапраўдная энцыклапедыя народнага жыцця, скарбонка выдатнай, прыгожай і чыстай беларускай мовы. Яго бессмяротныя творы складаюць падмурак нашай духоўнай культуры, абуджаюць у сэрцах людзей пачуцці патрыятызму і гонару за Радзіму.
Няхай жа і надалей жыццё і дзейнасць Якуба Коласа будуць для нас яскравым прыкладам невычэрпнай любві да Айчыны, вучаць шанаваць і берагчы сваю зямлю, самааддана працаваць на карысць беларускага народа.
Жадаю вам здароўя, поспехаў, шчасця і дабрабыту.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА

— Удзел Заіра Азгура ў стварэнні мемарыяла для плошчы Якуба Коласа невыпадковы, — расказвае мастацтва-знаўца, кіраўнік мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура Аксана Багданава. — Гэтых выдатных майстроў — пісьменніка і скульптара — доўгія гады звязвалі цёплыя сяброўскія адносіны. Азгур не раз ляпіў Коласа з натуры: пластычныя партрэты песняра, створаныя Азгурам, датуюцца 1924, 1939, 1949 і 1959 гадамі. Даваенныя бюсты, на жаль, не захаваліся. Даследчыкам вядома, што пры стварэнні мемарыяла на сталічнай плошчы Азгур узяў за аснову паўфігуру паэта, якую ляпіў з натуры ў 1949 годзе.
Свой канчатковы, звыклы нам воблік былая Камароўская плошча набыла ў канцы 1950-х. Аднак прамавугольнай, выцягнутай плошчы ў атачэнні рознастылёвых будынкаў не хапала дамінанты, і ёю стаў мемарыяльны ансамбль. Які, дарэчы, мог выглядаць зусім па-іншаму...
— 1960-я гады былі адзначаны пошукамі скульптурнага аблічча плошчы, яе духоўнага стрыжня, — расказвае суразмоўца. — На мастацкіх выставах тых гадоў часта сустракаліся праекты помніка Коласу. Пасля некалькіх тураў конкурсу вызначыліся дзве найбольш цікавыя прапановы — Заіра Азгура і Сяргея Селіханава. Сяргей Селіханаў прапанаваў устанавіць на плошчы статую Коласа ў сімвалічным вобразе сейбіта. Ды і ў самога Азгура, апрача таго, што ўвасоблены ў жыццё, былі распрацаваны некалькі розных варыянтаў помніка. Напрыклад, такі: Колас стаіць, прыхіліўшыся да дрэва, з капелюшом у руцэ. Альбо яшчэ адзін — Колас абапіраецца на кіёк...  Пасля доўгіх абмеркаванняў мастацкі савет спыніўся ўсё ж на шматфігурнай трохчастковай кампазіцыі — Якуб Колас сярод герояў сваіх літаратурных твораў. Аўтарамі яго выступалі скульптар Заір Азгур і мастак-архітэктар Георгій Заборскі. Праўда, Заборскі браў удзел толькі ў пачатковай стадыі распрацоўкі праекта, а стваралі помнік сумесна з Азгурам архітэктары Юрый Градаў і Леанід Левін.
“Я ведаў яго. Сябраваў з ім. І быў абавязаны сказаць пра яго”, — такія радкі, успамінаючы гісторыю стварэння мемарыяла Коласу, напіша пазней Заір Азгур у сваёй кнізе ўспамінаў “Тое, што помніцца”.
Дарэчы, сяброўства і адносіны майстра і мадэлі звязвалі Заіра Азгура не толькі з Коласам, але і з Купалам.
— Менавіта бюсты Купалы і Коласа для Першага беларускага драматычнага тэатра ў 1924 годзе пачынаюць у творчасці Заіра Азгура галерэю партрэтаў дзеячаў беларускай культуры, — працягвае Аксана Багданава. — Напрыканцы жыцця Азгур успамінаў: “Янка Купала і Якуб Колас выглядалі вельмі звычайнымі людзьмі... Цяжка было здагадацца, што гэта тытаны беларускай паэзіі, стваральнікі дзівосных твораў мастацкай літаратуры”.
“На доўгай плошчы імя Якуба Коласа — прадаўгаватае, метраў на 45 азярцо, абрамленае дзікім каменнем, тымі валунамі, што трапілі на нашу беларускую зямлю яшчэ ў ледніковы перыяд. А ў цэнтры, на тым баку, якім гэта плошча мяжуе з вуліцай Якуба Коласа, павінен узвышацца вялізны валун, глыба, на якой павінна сядзець жывая, не меншая глыба — гэта сам Колас”, — так абгрунтоўваў Азгур сваю задуму. Блізкае да гэтага і было здзейснена. Дзевяціметровая скульптура песняра пры поглядзе знізу здаецца яшчэ большай, але корпус і галава Коласа нахілены ўперад, позірк скіраваны долу, і гэта зрокава памяншае адлегласць паміж выявай і гледачом. Плошча з мемарыялам — нібы астравок спакою сярод мітусні вялізнага горада: гарадскі шум прыглушаюць шматлікія дрэвы. Напярэдадні адкрыцця помніка ля яго высадзілі бярозы і ніцыя івы, сімвал прыроды Беларусі. Літаратар, філосаф, пясняр нашай зямлі сядзіць на камені, спакойны, паглыблены ў думкі, а па абодва бакі ад яго — пластычныя кампазіцыі “Дзед Талаш” і “Сымон - музыка”.
— У помніку ўдала спалучыліся дзве тэматычныя лініі: лірычная і гераічная, — падкрэслівае Аксана Багданава. — Сымон-музыка і Ганна ўвасабляюць паэтычны, песенны пачатак у творчасці Коласа. Лірычны настрой падхоплівае і прыродны асяродак, арганічна ўключаны Азгурам у мемарыял: два невялікія азярцы, сістэма фантанаў, бярозы і елкі.
Гераічны пачатак — разведчык Панас і партызан грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў дзед Талаш, апетыя Коласам. Дарэчы, бюст Талаша, што лёг у аснову пластычнай кампазіцыі, Заір Азгур зрабіў яшчэ ў 1947 годзе. А ўпершыню пра палескага селяніна Талаша Азгуру расказаў сам Якуб Колас.
3 лістапада 1972 года на ўрачыстую цырымонію адкрыцця помніка Якубу Коласу на плошчы, што носіць яго імя, сабралася бліскучая кагорта беларускіх літаратараў: Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Іван Шамякін, Максім Лужанін, а таксама іх калегі па пяру з іншых савецкіх рэспублік. Сродкі масавай інфармацыі, крытыкі і самі мінчане неадназначна паставіліся да новага мемарыяла. Разам з поўнымі захаплення водгукамі на старонках газет чуліся і іншыя рэплікі. Абвінавачвалі скульптара ў гігантаманіі, арыентацыі толькі на цэнтральны праспект сталіцы, адзначалі слабую франтальную сілуэтную завершанасць помніка з вуліцы Веры Харужай. Але справа не толькі ў агульных тэндэнцыях тагачаснага манументальнага мастацтва. Памер помніка Коласу апраўданы яшчэ і вялікімі памерамі плошчы (больш за пяць гектараў), дзе меншага аб’ёму скульптура проста згубілася б. Акрамя таго, тлумачыць суразмоўца, перад Азгурам стаяла няпростая задача арганічна звязаць помнік з рознамаштабнымі і рознатыповымі будынкамі паабапал плошчы. Гісторыя, як кажуць, рассудзіла тых, хто спрачаўся: сёння помнік — неад’емная частка беларускай сталіцы, без якой самабытны воблік Мінска быў бы іншым. Плошча — любімае месца адпачынку мінчан, тут збіраецца моладзь, ля помніка прызначаюць спатканні закаханыя. Мемарыял у гонар Якуба Коласа стаў своеасаблівым брэндам Мінска для замежных турыстаў.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter