Дзяўчынка, чарнiцы i пчолы

Дзяўчынка збiрала чарнiцы. На вельмi ўтульным узлеску, якi закрываюць ад ветру стромкiя сосны. У летнi пагодлiвы дзень яго шчодра залiвае сваiм мяккiм цяплом сонца, i маленькi куточак зямлi, надзвычай вабны i прыгожы, радуе людское вока i душу...

Дзяўчынка збiрала чарнiцы. На вельмi ўтульным узлеску, якi закрываюць ад ветру стромкiя сосны. У летнi пагодлiвы дзень яго шчодра залiвае сваiм мяккiм цяплом сонца, i маленькi куточак зямлi, надзвычай вабны i прыгожы, радуе людское вока i душу. 

Але ж гэта яшчэ не ўсё, што дала ў дар узлеску клапатлiвая мацi-прырода. На iм жывое i вельмi густое покрыва з чарнiчнiку. Вiдаць, ягадам тут жывецца добра, бо кусты з прыўзнятымi над зямлёй галiнкамi разышлiся ад узлеску ва ўсе бакi, забралiся да самых соснаў, дружна абступiлi ствалы дрэў, быццам атулiлi iх прыгожымi зялёнымi вяночкамi.

На гэтым покрыве мноства чарнiц. Адны ўжо паспелi, другiя яшчэ налiваюцца сокам. I шмат цвiце, такiя адзiнокiя або ў пары кветачкi зеленавата-белыя з ружовым адценнем. 

Недалёка адсюль — бальнiца. Я думаю, мудрыя людзi выбралi для яе такое цудоўнае месца, дзе i здаровы лес, i ўтульныя палянкi, i квяцiсты, як зараз, луг. Хворыя, якiя ляжаць у бальнiцы, хто можа, з вялiкiм задавальненнем прыходзяць сюды хоць на некаторы час падыхаць свежым паветрам, густа настоеным на духмянай сасновай смале, кветках i травах. Але ж найбольшая асалода тут для дзяцей – iх так вабяць гэтыя самыя чарнiцы. 

Сёння нядзеля, дзень вельмi сонечны. Я спынiўся каля ўзлеску i адразу адчуваю: тут паветра, акрамя ўсяго iншага, пахне яшчэ i мёдам. I чую лёгкае гудзенне: працавiтыя пчолы, канешне, аблюбавалi гэтую цудоўную мясцiну. Яна — бы той шчодры стол у гасцiнных гаспадароў з рознымi прысмакамi. Пчолы ўвiшна працуюць на чарнiчных кусцiках, якiя яшчэ цвiтуць. Адны з багатым узяткам цяжка ўзлятаюць i з натужным гудзеннем кiруюць да сваiх вулляў. Iншыя, наадварот, прылятаюць лёгка i пачынаюць клапатлiва збiраць нектар, не прапускаючы нiводнай кветачкi. Словам, працоўны дзень у пчолак у самым разгары, i настрой у iх, вiдаць, добры. 

Дзяўчынка – сярод чарнiц i пчол. Яна ўвесь час нагiнаецца, акуратна рве спелыя ягады з кусцiкаў, калi жменя амаль поўная – ссыпае iх у шклянку, якая стаiць у траве. Яна так захоплена работай, што нават не заўважае мяне. Я ж, каб не спалохаць, цiха стаю ўбаку, любуюся гэтай iдылiяй, у якой столькi дзеючых асоб. 

— Добры дзень, дзяўчынка, — нарэшце падыходжу да яе. – Шмат тут чарнiц? 

Яна ўздрыгвае ад нечаканасцi, глядзiць на мяне, i яе вочы – пад чыстую сiнь неба, якое расхiнулася над намi. А пальцы, вусны дзяўчынкi ў чарнiчным саку. 

— Шмат, — адказвае. – Вы, дзядзечка, таксама хочаце пазбiраць? Дык хопiць i вам. 

— Не, я не буду. А смачныя ягады? 

— Вельмi. Ну я мала iх ем, толькi крыху пакаштавала... 

— Дык яны ж, кажаш, смачныя. Чаму не ясi? 

— Хачу назбiраць шкляначку чарнiц сваiм сястрычцы i мацi. Яны сёння прыедуць мяне наведаць, я тут у бальнцы лячуся. 

— А колькi табе гадкоў? 

— Мне дванаццаць, а сястрычка малодшая, ёй дзесяць. Во будзе рада, калi набяру ёй столькi ягад! I мацi таксама. А мне вельмi прыемна ад гэтага. Дзядзечка, вы тут асцярожна хадзiце, — просiць мяне. 

— Чаму? 

— Бачыце, колькi тут пчолак. Яны таксама хочуць смачнага. Iх нельга палохаць, таму я збiраю ягады вельмi цiха. Вось глядзiце, якая смелая пчолка. 

Я глянуў унiз. Пчала села на чарнiчную кветачку ля самай нагi дзяўчынкi. А тая стаiць нерухома... 

— Пачакаю, пакуль не збярэ з кветачкi ўвесь мёд, — шэпча. 

Я тлумачу дзяўчынцы, што пчолы збiраюць з раслiны нектар i носяць у свой вулей. Там з яго выпрацоўваюць мёд, надзвычай духмяны i смачны, якi вельмi карысны, дапамагае ад многiх хвароб. Калi пчалiная сям’я дружная i працавiтая, то яна за дзень можа сабраць да двух кiлаграмаў мёду. 

— I калi пчолкi знойдуць шмат кветачак, як вось тут, — дадае дзяўчынка. – I калi iх нiхто не палохае. 

— Так, так, — згаджаюся. 

Паволi крочу далей. I думаю: “Вось дзiўная сустрэча, ад якой стала цёпла на душы. Гэта ж сустрэча з дабрынёй, такой сардэчнай, чыстай, хвалюючай, якая жыве ў сэрцы дзяўчынкi”. 

Вiктор Гюго сказаў, што ва ўнутраным свеце чалавека дабрыня – гэта сонца. Я азiрнуўся, каб яшчэ раз паглядзець на той самы ўзлесак. Дзяўчынка стаяла нерухома, вiдаць, не хацела палохаць пчол. А мне здалося: на лагоднай мясцiнцы, пад стройнымi соснамi, сярод водару ягад i кветак, свецiць маленькае пяшчотнае сонейка... 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter