Дзяўчына ў стылі Джас

Спявачка з Жодзіна атрымала першую прэмію на конкурсе маладых выканаўцаў

Спявачка з Жодзіна атрымала першую прэмію на конкурсе маладых выканаўцаў

Яркая прыгажуня і аптымістка Наталля КІрыенка адразу ж прыцягвае ўвагу сваёй прывабнай, яркай усмешкай. Першая прэмія песеннага конкурсу на фестывалі “Маладзечна-2013” — узнагарода заслужаная, але ў яе жыцці не адзіная. Тым не менш выступленне з камерным аркестрам Міхаіла Фінберга, ды і наогул удзел у нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі, — такое не забываецца і пакідае прыемныя ўспаміны. Сама Наташа спадзяецца, што фестываль адкрыў у яе жыцці новую, цікавую старонку.

— Спяваць у суправаджэнні прафесійнага аркестра — гэта не проста гонар. Гэта яшчэ і вялікая адказнасць, крок у будучыню, — кажа дзяўчына.

Можна сказаць, што сама Наташа — самародак, так бы мовіць, талент ад бога. Нарадзілася ў звычайнай рабочай сям’і. А цікавасць да музыкі атрымала ў спадчыну ў некаторай ступені ад старэйшага брата. Ён захапляецца ігрой на барабанах. Яшчэ маленькай дзяўчынкай бацька адвёў Наташу ў музычную школу. Але, нягле-дзячы на гарачае жаданне займацца, тады яна зусім не планавала звязваць сваё жыццё з творчасцю. Задумвалася, хутчэй, аб прафесіях юрыста або адваката. Пасля музычнай школы займалася ў вядомай студыі эстраднай песні “Срэбная трэль” горада Жодзіна. Тут яе і “знайшоў” легендарны кампазітар і музыкант Ізмаіл Каплан. З сарака дзяцей ён выбраў  Наташу. І сказаў ёй, што такія дадзеныя хаваць у зямлю нельга.

— Ізмаіл Львовіч, напэўна, заўважыў ува мне іскрынку, — узгадвае Наташа. — У яго ўвогуле быў талент адчуваць таленты, калі так можна сказаць. Ён не проста ўсяліў у мяне веру ў свае сілы, а змог падштурхнуць да заваявання новых вяршынь, пераканаў у тым, што сцэна — мой лёс. Ну і паколькі па натуры я — чалавек працавіты і паважаю творчых людзей, асабліва тых, хто дасягнуў поспехаў у прафесіі, я вырашыла, што трэба прыслухацца. Назаўсёды запомніла яго словы пра тое, што калі я прысвячу сябе песні, то ніколі не пашкадую пра гэта. Ён меў рацыю — сцэна і творчасць для мяне ўсё. Зараз я скончыла Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, аддзяленне мастацтва і эстрады. Хачу звязаць сваё жыццё з творчасцю. Але мне б хацелася яшчэ асвоіць прафесію прадзюсара. Так бы мовіць, максімальна пашырыць свае магчымасці.

Зараз Наташы ўсяго 19 гадоў. Але яе творчы шлях ужо складаецца з многіх конкурсаў — як рэспубліканскіх, так і міжнародных. Заслужаным прызнаннем і любоўю карыстаецца маладая спявачка і ў родным горадзе Жодзіна. І не толькі дзякуючы ўдзелу ў вядомым конкурсе песні “БелАЗаўскі акорд”.

— Вядома, першая прэмія на конкурсе маладых выканаўцаў у Маладзечне — не адзіная мая ўзнагарода, — кажа яна. — Запомніўся конкурс у Польшчы “Мажова нутка”, дзе я стала ўладальніцай другой прэміі. Двойчы была лаўрэатам конкурсу Белтэлерадыёкампаніі “Маладыя таленты Беларусі” ў складзе ансамбля “Алегры-квартэт”, а таксама сольна. Ну і, вядома, наш любімы “БелАЗаўскі акорд”, у якім я заняла адно з прызавых месцаў. Давялося ўдзельнічаць і ў міжнародным песенным конкурсе ў Растове-на-Доне “Моладзь за Саюзную дзяржаву”. У далейшых маіх планах — расці прафесійна, дамагацца новых вышынь.

На пытанне, у чым сакрэт яе поспеху і што яна можа параіць падлеткам, якія цяпер думаюць аб жыццёвым выбары, маладая спявачка адказала проста:

— Трэба заўсёды памятаць, што галоўнае — гэта мэтанакіраванасць. Калі паставіў сабе мэту, трэба ісці да яе, нягледзячы ні на што. І ніколі не здавацца!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter