Разнести рецепты, заполнить базы данных, - как в сложной эпидемиологической ситуации студенты Молодечненского медицинского колледжа поддерживают старших коллег

Дзяўчаты з характарам

Будучыя медыкі ў гэтыя дні прыкметна разгружаюць супрацоўнікаў паліклінік, бальніц і цэнтраў гігіены: разносяць рэцэпты, сядзяць на тэлефоне і папаўняюць базы даных хворых на каронавірус, іх дамашняга акружэння. Мы пазнаёміліся з некалькімі добраахвотнікамі ў разгар навучальнага дня. Дзяўчаты, будучыя фельчары-акушэры, пакінулі манітор камп’ютара літаральна на пяць хвілін і распавялі, як спраўляюцца з новымі задачамі.

Дзяўчаты-валанцёры вывучаюць лячэбную справу ў адной групе медыцынскага каледжа.

«Хачу дапамагаць больш»

18-гадовыя навучэнцы другога курса аддзялення «Лячэбная справа» Маладзечанскага медыцынскага каледжа імя Іосіфа Залуцкага працуюць у кол-цэнтры ДУ «Маладзечанскі занальны ЦГіЭ». Аператыўнасць у штодзённай дапамозе медыкам — галоўны фактар. Яны збіраюць інфармацыю аб кантактах першага ўзроўню і заносяць яе ў камп’ютар.

У Міхаіла Грабоўскага, галоўнага ўрача Маладзечанскага занальнага ЦГіЭ, склалася станоўчае меркаванне пра памагатых:

— Навучэнцы медыцынскага каледжа сур’ёзныя і адказныя. Працы цяпер даволі шмат, папяровай у тым ліку. Трэба абзваніць людзей згодна з апытальнікам, усё дакладна запісаць: унесці хворых і іх блізкіх у агульную базу даных, перадаць інфармацыю ў паліклініку, якая, у сваю чаргу, дасць ацэнку стану кантактных людзей і перавядзе іх на самаізаляцыю.

Паліна Марзак і Вікторыя Гусакова апрацоўваюць даныя пра дзясяткі выпадкаў COVID-19.

У аддзяленні дзяцей і падлеткаў Маладзечанскага занальнага ЦГіЭ працуюць дзве дзяўчыны: Ульяна Бабіна і Ірына Кайко. Яны ўносяць у базу хворых на вірусную пнеўманію супрацоўнікаў гарадскіх і раённых устаноў адукацыі. Праца хоць і руцінная, але вельмі патрэбная.

Прыходзяць на змену добраахвотнікі ў восем гадзін раніцы, а заканчваюць працу каля паўдня. За гэты час паспяваюць папоўніць базу дзясяткамі імёнаў. У другой палове дня будучыя медыкі спяшаюцца на практыку ў аддзяленне хірургіі гарадской паліклінікі.

Ульяна сама з Маладзечна, вырасла ў шматдзетнай сям’і. Ёй засталося вучыцца ў каледжы паўтара года. Ведае, што пасля атрымання дыплома будзе працаваць у шпіталі ў Бараўлянах. Вопыт валанцёрскай працы ў пандэмію не будзе лішні.

Ірына прыехала вучыцца ў райцэнтр з вёскі Морач Клецкага раёна. Яна малодшая ў сям’і. Дзяўчына паступала ў медыцынскі ўніверсітэт пасля школы, але абітурыентцы крыху не хапіла балаў для вучобы ў ВНУ. Тады і падала дакументы ў Маладзечанскі медкаледж.

— Жыву ў інтэрнаце, вучыцца цікава. Лічу, што ўзровень адукацыі тут прыстойны, — распавяла навучэнка. — У будучым чакае праца ў радзільным доме акушэркай. Думаю, у валанцёрскай справе неабходны дабрыня, разуменне, уважлівасць да дэталяў і пачуццё адказнасці. Мы дапамагаем цэнтру гігіены трэці тыдзень, стараемся з задачамі спраўляцца своечасова і хочам
дапамагаць больш.

Ульяна Бабіна і Ірына Кайко аператыўна ўносяць звесткі пра хворых і іх блізкіх у базу.

Каштоўны вопыт

У эпідэміялагічным аддзеле цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Маладзечна працуюць Паліна Марзак і Вікторыя Гусакова. Яны займаюцца дамашнімі ачагамі ўзнікнення інфекцыі СOVID-19. Валанцёры апытваюць членаў сям’і, уносяць іх даныя ў табліцу. Паліна набірае нумар тэлефона чалавека, які сутыкнуўся нядаўна з вірусам:

— Добры дзень, гэта цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Хачу ўдакладніць вашы прозвішча, імя, імя па бацьку і адрас.

Далей пытаецца пра першыя сімптомы захворвання і спадарожныя дыягназы хворага, запісвае кантакты і месца працы ўсіх, хто жыве з ім.

Эпідэміялагічны анамнез жыхароў горада і раёна трапляе пасля апытання да валанцёра Вікторыі, якая ўносіць яго ў базу.

— На дзень, бывае, фіксуем да двух дзясяткаў выпадкаў COVID-19. Такога роду дапамога — каштоўны вопыт, які спатрэбіцца ў прафесійнай дзейнасці, — заўважае Вікторыя. — Справа карпатлівая. Не скажу, што складаная для нас. А яшчэ гэта напрацоўка зносін і ўзаемадзеяння, таму што наша праца будзе звязана з людзьмі.


Не толькі аддалёнка

Алена Карасевіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Маладзечанскага медыцынскага каледжа, расказала аб напрамках работы, у якіх задзейнічаны навучэнцы:

— Валанцёрства — наша добрая традыцыя, якая зарадзілася даўно, задоўга да сітуацыі з каронавірусам. Актыўнасць накіравана на фарміраванне дабрыні, міласэрнасці і спагады ў маладых людзей. Ужо гадоў дзесяць навучэнцы наведваюць розныя ўстановы: бальніцу сястрынскага догляду ў Гарадку, інтэрнат для пажылых людзей у Сасновым бары. Звычайна перад Новым годам усе ездзяць да дзяцей, а мы наведваем старых, каб яны не адчувалі сябе самотна. Пажылыя яшчэ больш чакаюць зносін і салодкіх падарункаў. Дзякуючы такім сустрэчам жыццё гэтых людзей становіцца святлей.



У каледжы таксама дзейнічае цікавы праект «Няня замест няні». Калі малыя знаходзяцца па нейкіх прычынах на стацыянарным лячэнні без бацькоў, навучэнцы гуляюць з імі і водзяць на працэдуры. У 2020 годзе валанцёрства будучых медыкаў стала больш адрасным, практычным. У пандэмію наша моладзь гатова аказваць дапамогу ў тым аб’ёме, у якім яна патрэбна ўстановам аховы здароўя. Сёння каманда з 40 чалавек садзейнічае ахове здароўя жыхароў горада і раёна.

shimuk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter