Дзяўчаты — налева, хлопцы — направа

Мы ўжо расказвалі пра тое, што найбольш распаўсюджаным у культуры ўсходніх славян з’яўляецца сімвалічнае супрацьстаянне чырвонага і белага колераў. Гэта яшчэ адзін код — колеравы — у сістэме міфарытуальнай практыкі беларусаў. Такім жа, бадай, усеабдымным і эмацыянальна напружаным з’яўляецца супрацьстаянне правага і левага. Якія духоўна-маральныя праблемы вырашаюцца ў рытуальна-абрадавай прасторы паміж правым і левым? Што схавана за сімволікай процістаяння ці ўзаемадапаўнення правага і левага?

Прыярытэтны ў культуры кірунак злева направа мае розныя тлумачэнні. Напрыклад, фізіялагічнае — большасць людзей праварукія, псіхалагічнае — правае паўшар’е мозга адказвае за працэсы лагічнага мыслення. Аднак найбольш пэўным (праўдападобным) з’яўляецца тое тлумачэнне, у аснове якога ляжыць важнейшая прыродна-касмічная з’ява: рух Сонца па небасхіле. Сёння нават малодшаму школьніку вядома, што Зямля рухаецца вакол сваёй восі налева. Аднак у зямлян, якія жывуць у паўночным паўшар’і, ствараецца такое ўражанне, што Сонца рухаецца вакол Зямлі, прычым направа. Уявіце сабе дзве кропкі на лініі гарызонта: злева ад вас Сонца раніцай узыходзіць, а ўвечары яно заходзіць справа ад вас. Такім чынам, на працягу дня, гэта значыць светлавой часткі сутак, Сонца рухаецца злева направа — менавіта гэты факт і прадвызначыў агульную накіраванасць развіцця ці разгортвання рытуалаў, накіраваных на дасягненне перамогі Дабра. А вось у начны час, калі Сонца трапляе ў царства смерці, Аіда, Тота, Змея Гарыныча, яно павінна прайсці шлях у адваротным накірунку — з правага боку налева. Менавіта гэты касмаганічны прынцып і стаў вызначальным не толькі ў кантэксце абрадавых падзей, але і ў паўсядзённых побытавых сітуацыях. Падобная распалюсоўка ў сістэме каштоўнасцей культуры дазваляе зразумець сэнс агульнавядомага выслоўя: “Ты што, сёння не з той нагі ўстаў?”.
У дахрысціянскай культуры старажытных славян бог, які быў увасабленнем усеагульнага справядлівага закона, устаноўленага Дажджбогам, насіў імя Правь. Ад яго імя ўзялі свой пачатак шматлікія словы, якія характарызуюць станоўчы пачатак у нашым жыцці: праўда, праўдзівы, правільны, адпраўленне, правы чалавека, падправіць, рускія — направление, управление... Звычайна самае ганаровае месца ў хаце займаў “чырвоны” кут. Часцей за ўсё ён знаходзіўся з правага боку ад уваходу, ад парога. Таму заўсёды хочацца прасіць сённяшніх арганізатараў вяселляў у месцах агульнага харчавання: не забывайцеся аб гэтым залатым правіле народнай культуры — стол пажадана ставіць так, каб маладыя сядзелі на ўсход. Менавіта такую арыентацыю маюць алтары ў праваслаўных храмах.
Гэта ж процістаянне Дабра і Зла захавалася і ў хрысціянскай традыцыі. У кананічнай літаратуры гаворка вядзецца пра тое, што ў час Страшнага суда апраўданым будзе прызначана месца з правага боку ад Бога, грэшнікам — злева ад яго. У апісанні ўкрыжавання Хрыста рабаўнік, які пакаяўся ў сваіх злачынствах, быў укрыжаваны па правую руку ад Хрыста, а той, які не пакаяўся, — па левую. У традыцыях еўрапейскіх культур самым пачэсным месцам было месца з правага боку ад гаспадара.  
Адным з найважнейшых каналаў інфармацыі аб чалавеку, якім ужо шмат вякоў займаецца хірамантыя, з’яўляюцца нашы далоні, лініі і ўзоры на іх прадказваюць лёс чалавека. Хіраманты сцвярджаюць, што на левай руцэ  чалавека прырода “напісала” запраграмаванае быццё (долю) чалавека, гэта значыць тую карціну яго Жыцця (дакладней, тыя пуцявіны лёсу), з якой ён прыходзіць у гэты свет. На правай руцэ часам зафіксаваны зусім іншы малюнак, канчатковыя абрысы якога залежаць ад волі, характару чалавека, абставін, якія ён будзе прымаць або ўплываць на іх  і якія ў рэшце рэшт прадвызначаць той сапраўдны шлях, які ён пераадолее на працягу зямнога існавання.
У свядомасці нашых продкаў “правая” рука выконвала паўсядзённую работу, а “левая” рука аказвалася галоўнай пры выкананні магічных, рытуальных дзеянняў. Нездарма лічылася, што правай рукой благаслаўляюць, а левай — насылаюць праклёны.
(Працяг будзе.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter