Дзвiна — наша радасць. I боль

Ёсць у Віцебску адно нетыповае прадпрыемства. Раней яно называлася проста: рачны порт Віцебск. Сёння ж гэта Рэспубліканскае унітарнае транспартна-прамысловае прадпрыемства рачнога флоту “Віцебскрачтранс”, і размяшчаецца яно ўдалечыні ад тлуму гарадскога, на заходняй ускраіне абласнога цэнтра — правым беразе Заходняй Дзвіны. Ужо не адзін дзесятак гадоў прадпрыемства ўзначальвае Міхаіл Вайтко.
— Экіпажу яхты газеты “Рэспубліка” не лішнім будзе ведаць, як сябе паводзіць на таямнічай і наравістай Заходняй Дзвіне. Згодны, Міхаіл Уладзіміравіч? — Перасцярога не лішняя. Наша рака сапраўды дужа капрызлівая і непрадказальная, з няпростым характарам. Месцамі мелкаводная і камяністая. А таму тое, што ўмовы суднаходства цяжкія, вы будзеце адчуваць нават у час падарожжа на лёгкай яхце. І думаю, зразумееце, як няпроста нам вадзіць па Дзвіне “цяжкавозы”. Да таго ж з кожным годам рака становіцца ўсё больш мелкай і складанай для эксплуатацыі. Калі ж, для прыкладу, адгарнуць старонкі календара гадоў на 15—20 назад, то ўсё выглядала непараўнальна лепш. Для нас васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя наогул былі самымі плённымі, самымі стваральнымі. Гэта быў час маштабнай запатрабаванасці воднага транспарту. Мяркуйце самі. У той час аб’ёмы водных перавозак штогод узрасталі на 14—20 працэнтаў. І за перыяд з 1984-га па 1989 год яны павялічыліся ўдвая. За адну навігацыю мы перавозілі грузаў 2 мільёны 200 тысяч тон і больш. Ішло і бурнае пераўзбраенне рачнога флоту. Поўнасцю абнавіўся транспартны флот. На змену цеплаходам 50—60-х гадоў з’явіліся новыя судны – больш сучасныя і экалагічна бездакорныя. Тады ж уласнымі сіламі мы сабралі чатыры плывучыя краны. Штогод са стапеляў прадпрыемства спускаліся на ваду па дзве-тры адзінкі пабудаваных барж. — Каб усё гэта ацаніць, варта параўнаць з днём сённяшнім. Няўжо ўсё так кепска? — Не хачу сцвярджаць, што ўсё, аднак жыццё рачнікоў стала, на жаль, несалодкім. Ужо з 1993 года поўнасцю прыпыніліся перавозкі лясных матэрыялаў і сыравіны. Да мізэрнай колькасці скараціліся перавозкі нярудных будаўнічых матэрыялаў: за навігацыю аб’ём іх вагаецца ў межах 150—200 тысяч тон. З былых 80 адзінак суднаў рознага прызначэння цяпер засталося 36 адзінак. Але і прыкметна парадзелы рачны флот часта не мае заказаў, а таму задзейнічаны ў сярэднім на 30 працэнтаў. І нарэшце, незайздроснае фінансавае становішча прадпрыемства не дазваляе падтрымліваць належны тэхнічны стан суднаў, зберагчы ядро флоту, яго партовыя збудаванні. — Але пры гэтым ніхто не аспрэчвае, што рачны флот заўсёды лічыўся і лічыцца самым танным і зручным. Можа, тыя лепшыя часы яшчэ вернуцца? — Наша Заходняя Дзвіна сёння пакрыўджана наступам цывілізацыі як ніколі. Таму і становіцца ўсё менш прыгоднай для актыўнага суднаходства. Толькі недзе за Верхнядзвінскам рака набывае тую паўнаводнасць і магутнасць, якой заўсёды славілася. І добрыя часы для ракі вернуцца толькі тады, калі адносіцца да яе мы будзем паважліва. Хочацца спадзявацца, што экалагічная праграма экспедыцыі газеты “Рэспубліка” і тэлеканала АНТ таксама паспрыяе навядзенню парадку на вадзе, на берагах, падкажа шляхі выхавання паважлівых адносін да ракі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter