Мама на час: как жительница Ошмянщины с господдержкой открыла ИП по уходу за малышами

Дзіцячая акадэмія

Шмат гадоў адпрацаваўшы псіхолагам і сацыяльным педагогам у каледжы, Марыя Авіжыч з Ашмян нават не марыла пра ўласную справу. Аднак лёс 45-гадовай жанчыны крута павярнуўся і зрабіў ёй падарунак. Дзякуючы педагагічнай практыцы ў яе з’явілася магчымасць заявіць пра сябе, абараніць унікальны для рэгіёна праект, атрымаць субсідыю на развіццё бізнесу і зарэгістравацца як індывідуальны прадпрымальнік. Сёння спецыяліст даглядае і выхоўвае дзяцей, пакуль іх бацькі занятыя на працы ці маюць патрэбу адлучыцца. Падрабязнасці яе гісторыі поспеху высвятляла карэспандэнт «Р».

Калі дзеці падраслі…

Свой аповед Марыя пачынае з прызнання: «Я шматдзетная матуля». Як аказалася, у жанчыны ажно пяцёра дзяцей: трое сыноў і дзве дачкі. Малодшаму — 11 гадоў, астатняя моладзь павырастала і раз’ехалася хто куды з матчынага гнязда. У гаспадыні з’явілася шмат вольнага часу, пачало неставаць гучнага дзіцячага смеху, хата апусцела без малых шкоднікаў.

Адначасова гераіня аказалася без працы. Аднак не апусціла рукі, а звярнулася ў мясцовы цэнтр занятасці з просьбай дапамагчы са стабільным рабочым месцам.

— Вы нават не можаце сабе ўявіць, як цудоўна да мяне паставіліся дзяўчаты з цэнтра занятасці. А звяртацца туды насамрэч не надта проста нават псіхалагічна. Самі разумееце, многіх спыняюць стэрэатыпы, што сорамна быць беспрацоўным і ўсё іншае ў гэткім стылі, — расказвае пра страхі напачатку шляху Марыя Авіжыч. — Канечне, спачатку спецыялісты звярнулі ўвагу на маю адукацыю і вопыт працы. У свой час я скончыла вышэйшую навучальную ўстанову па спецыяльнасці «філалогія», пазней працавала ў каледжы псіхолагам і сацыяльным педагогам, спецыялістам у аддзеле адукацыі райвыканкама. Плюс да ўсяго была прыёмнай мамай: мы з мужам выхавалі дзяўчынку-сірату, а пазней удачарылі.

Марыя доўга думала, як можна выкарыстаць двухпавярховы дом з вялікай плошчай — каля двухсот «квадратаў», — і вырашыла абсталяваць гульнявы пакой для дзяцей. 

Навучанне і стартап

Калі не знайшлося падыходзячых вакансій, спецыялісты цэнтра занятасці прапанавалі Марыі распачаць уласны праект, плюс да ўсяго  атрымаць дзяржаўную фінансавую падтрымку.

— Я падумала: а чаму б і не? Мне ідэя спадабалася. Вопыт выхавання дзяцей у мяне каласальны. І, шчыра кажучы, не зусім хацелася ісці на працу ў дзіцячы сад ці школу, дзе, вядома, невялікія зарплаты. Пачынаць сваю справу я не баялася, ставілася да гэтага даволі спакойна, — прызнаецца прадпрымальніца. — Акрамя таго, у мяне двухпавярховы дом з вялікай плошчай — каля двухсот «квадратаў», дзе можна было абсталяваць гульнявы пакой. Так я спынілася на ідэі «Мама на гадзіну». 

У верасні мінулага года Марыю адправілі на навучальныя курсы ў Гродна. Там выкладчыкі далі падрабязныя юрыдычныя кансультацыі па арганізацыі прадпрымальніцкай справы і падаткаабкладанні, дапамаглі скласці бізнес-план. Інфармацыю жанчына схоплівала на хаду: па першай адукацыі яна юрыст. Праведзены на курсах час пайшоў бізнес-лэдзі на карысць, яна пазнаёмілася з мноствам будучых прадпрымальнікаў:

— На курсах я была адна з ідэяй арганізаваць паслугу па кароткатэрміновым доглядзе за малымі. Заўважала, што некаторыя калегі-курсанты крыху пасмейваліся з маёй задумкі, лічылі, што яна не надта сур’ёзная. Я імкнулася не звяртаць на гэта ўвагі. Зараз, праз час, мы стэлефаноўваемся, цікавімся, як у каго склаліся справы.

Калі Марыя вярнулася з курсаў, адразу зарэгістравалася як індывідуальны прадпрымальнік і атрымала субсідыю ў памеры каля 3200 рублёў. Значная частка гэтых грошай спачатку пайшла на рэкламу паслугі «Мама на гадзіну» ў сацыяльных сетках. Астатняя сума разышлася на абсталяванне пакоя для дзяцей: гаспадыня пераклеіла шпалеры, набыла дзіцячую мэблю, цацкі, лялькі, канструктар і іншыя забаўляльныя рэчы.

А што наконт канкурэнцыі?

Пагадзіцеся, «Мама на гадзіну» — паслуга даволі спецыфічная для рэгіёна. Ніхто не выключаў такога варыянта развіцця падзей, што задумка можа папросту праваліцца. Аднак удала выбраны час адыграў сваю ролю: з будаўніцтвам Беларускай АЭС сюды пераехала з іншай мясцовасці шмат сем’яў з дзецьмі. У полі зроку перасяленцаў у першую чаргу апынуліся Астравец, Ашмяны і Смаргонь. Калі мясцовыя жыхары могуць пакінуць малых з родзічамі ці знаёмымі, то прыезджым з гэтым нашмат складаней. 

Матуля на гадзіну прапануе шырокі спектр паслуг: акрамя гарантавання бяспекі дзіцяці, забаўляецца з імі, можа пакарміць, палажыць спаць, завезці ў дзіцячы сад ці, наадварот, забраць малога.

Адзіны канкурэнт у Марыі — мясцовая фірма, што спецыялізуецца на арганізацыі свят. Насамрэч арганізацыя займаецца некалькімі накірункамі, у тым ліку і доглядам за малымі. Праўда, яна больш нацэлена на развіццёвыя гульні з дзецьмі, падрыхтоўку іх да школы. Наша гераіня пералічвае шэраг пераваг свайго ІП. Па-першае, у аграгарадок Кракоўка, дзе размясціўся дом жанчыны, можна дайсці з Ашмян пешшу, а можна пад’ехаць на аўтобусе ўсяго два прыпынкі. Да канкурэнтаў дабрацца складаней: грамадскі транспарт туды не ходзіць, трэба ехаць на машыне ці выклікаць таксі. Па-другое, гадзіна з дзіцём у Марыі каштуе 5 рублёў. У «сапернікаў» — 15. Пагадзіцеся, для маленькага гарадка сума прыстойная.

— Калі ўглыбляцца ў сутнасць справы, я магу прапанаваць большы спектр паслуг: акрамя гарантавання бяспекі дзіцяці, забаўляюся з імі, без праблем магу пакарміць, пакласці спаць, завезці ў дзіцячы сад ці, наадварот, забраць малога адтуль, — падрабязней расказвае пра свае паслугі матуля. — Звычайна бацькі пакідаюць малых у мяне на дзве-тры гадзіны. Часам прапануюць застацца дома ў іх. Бываюць выпадкі, калі просяць пабыць з дзецьмі ўначы. Напрыклад, бацькі хочуць адлучыцца да сяброў на дзень нараджэння. У любой сітуацыі іду насустрач кліенту.

Адначасова Марыя можа прымаць каля 5 дзяцей. Жанчына прызнаецца, што калі малых некалькі, то з імі лягчэй спраўляцца: увага іх засяроджана на сумесных занятках і гульнях. Сярэдні ўзрост дзяцей, якіх даручаюць прадпрымальніцы, — 4—7 гадоў.

У жанчыны ўжо ёсць каля 20 пастаянных кліентаў. Канечне, на гэтым яна спыняцца не збіраецца. Сярод планаў на вясну — пабудаваць каля дома дзіцячую пляцоўку з пясочніцай і паветкай. Аднак, упэўнена, гэта толькі пачатак вялікай справы.

КАМПЕТЭНТНА

Галіна ЯШЫНА, кіраўнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Ашмянскага райвыканкама:


— За мінулы год у рэгіёне атрымалі субсідыю на арганізацыю ўласнай справы 4 чалавекі. Адзін займаецца рамонтам кватэр і аддзелачнымі работамі. Такі занятак вельмі актуальны для нашых рэалій, бо зараз пачалося актыўнае ўзвядзенне жылля ў сувязі з будаўніцтвам Беларускай АЭС. Другі малады чалавек пераехаў да нас на пастаяннае месца жыхарства і адкрыў індывідуальнае прадпрыемства па рамонце камп’ютараў і перыферыйнага абсталявання. Сельская жыхарка з Гальшан арганізавала ў аграгарадку рознічны гандаль адзеннем — унікальная паслуга для мястэчка. Паслуга «Мама на гадзіну» абсалютна новая для раёна. Мяркую, яна таксама будзе запатрабавана ў насельніцтва: маладых сямей на Ашмяншчыне з кожным годам з’яўляецца ўсё больш.

veronulas@sb.by

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter