Дзеванькi-бабулькi

Еду аўтобусам на дачу. На прыпынку ў Бараўлянах заходзяць тры бабулi...

Еду аўтобусам на дачу. На прыпынку ў Бараўлянах заходзяць тры бабулi, яшчэ даволi рухавыя. Бачу iх не першы раз, ведаю, што яны сядуць на пярэднiя сядзеннi, хаця аўтобус напалавiну свабодны. Так i ёсць, бабулькi займаюць свае прывычныя месцы, а тут яшчэ дзве iх сяброўкi, якiя селi на аўтавакзале. Значыць, ужо цэлая кампанiя.

— Добры дзень, мае дзеванькi, мае прыгожыя! – ветлiва сустракае iх кандуктарка. На яе твары, у вачах, усмешцы, нават у гэтым «мае дзеванькi» столькi чалавечай дабрынi, цяпла, лагоды, што ад гэтага ў аўтобусе становiцца быццам святлей. – Як на дачы, што расце? А грыбочкi ў лесе ўжо з’явiлiся?

— Для грыбочкаў яшчэ не пара, лета толькi разышлося, — зазначае малады мужчына, якi сядзiць недалёка.

— Чаму не пара? – паварочваецца да яго бабулька. – Гэта як для каго. Я вось два днi таму зазiрнула на сваю запаветную мясцiнку. I што вы думаеце? Такi вялiкi грыб знайшла, што разгубiлася ад нечаканасцi. А потым яшчэ некалькi.

— Каласавiчкi, значыць, — кажа другая бабулька.

— Яны, яны, каласавiчкi, раслi амаль у жыце. Я кожнае лета ў сярэдзiне чэрвеня там iх знаходжу. А сёлета такiя дажджы, вось i выскачылi рана, бы тыя разведчыкi.

— У цябе каласавiчкi, а мне на маслякоў пашанцавала, — уступае ў размову трэцяя бабуля. – Зайшла нядаўна ў малады сасоннiк — i вачам сваiм не веру: цэлая сямейка, такiя прывабныя, ну проста вясёлыя, бо маладыя.

Усе смяюцца з такога вобразнага параўнання.

— Што, толькi адна сямейка маслякоў?

— Ды не. Я ж добра ведаю, як iх шукаць. Растуць яны дружна, любяць хавацца ў траве. Трэба нетаропка абысцi i ўважлiва агледзець ускраек сасоннiка. Маслякi будуць абавязкова. Набрала тады iх дастаткова, на дачы падсмажыла з цыбуляй, са смятанай. Ды яшчэ кропчыкам свежым пасыпала са сваёй жа градкi. Вы спрабавалi такую страву – смажаныя маслякi? – звяртаецца яна да таго самага мужчыны.

Ён пацiскае плячыма.

— Ну калi не спрабавалi, то вы, значыць, i не елi самага смачнага, што можа быць на дачы.

Кандуктарка, вельмi задаволеная тым, што вывела бабулек на любiмую тэму, яшчэ больш iх заахвочвае:

— Ну, мае дзеванькi, калi вам ужо ў чэрвенi выпала такая грыбная ўдача, дык што ж восенню? А сёлета яна, вiдаць па ўсiм, будзе вельмi грыбной.

— Дык грыбам лепш i не трэба: з паловы мая дажджы i дажджы. Во будзе нам у лесе работы.

Гэта так, бо я неаднойчы бачыў, як мае знаёмыя бабулькi восенню садзяцца ў аўтобус з кашамi i вёдрамi, поўнымi грыбоў.

На бабулек здзiўлена пазiраюць тры дзяўчыны на суседнiх сядзеннях. Яны модна апранутыя, даволi фанабэрыстыя, час ад часу звоняць па мабiльнiках. Пераглядваюцца памiж сабой i шматзначна ўсмiхаюцца. Пэўна, думаюць: во дзiвачкi бабулькi, знайшлi пра што балбатаць усю дарогу. Астатнiя пасажыры, якiя блiжэй да бабулек, слухаюць iх гаворку з вялiкай цiкавасцю. У аўтобусе па гэтаму маршруту ездзяць у асноўным дачнiкi, i яны, канешне, зусiм не абыякавыя да грыбной тэмы. Мне таксама цiкава, i я вельмi разумею бабулек. Сам апантаны цiхiм паляваннем, ведаю, якая радасць ахоплiвае цябе, калi ў такую пару года ў лесе прыйдзе да цябе першая грыбная ўдача. У маiм «грыбным дзённiку», якi вельмi акуратна вяду больш за 30 гадоў, ёсць некалькi запiсаў: у сярэдзiне чэрвеня не тое што маслякi, а нават падасiнавiкi знаходзiў.

Вось i прыпынак, дзе нашы бабулькi выходзяць. Адсюль да iх дачы амаль кiламетр. Бачу, яны нетаропка крочаць, размахваючы рукамi, ажыўлена гамоняць. Пра што? Думаю, пэўна, пра тыя свае каласавiчкi i маслякi. Ах, мiлыя бабулькi, нездарма добрая кандуктарка ласкава называе вас «мае прыгожыя дзеванькi». Вы проста шчаслiвыя, што з такiм замiлаваннем, шчырасцю i захапленнем успрымаеце той дар нашых шчодрых лясоў, iмя якому грыбы. Далiбог, вам можна толькi па-добраму зайздросцiць, i няхай у нашым жыццi будзе больш такiх дзiвачак бабулек…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter