Дзецям патрэбны наш клопат

Напярэдадні юбілею Беларускага дзіцячага фонду карэспандэнт “НГ” сустрэлася са старшынёй праўлення БДФ, пісьменнікам і рэдактарам часопіса “Вясёлка” Уладзімірам ЛІПСКІМ, які падзяліўся сваімі меркаваннямі аб праблемах сучасных дзяцей, адказнасці дарослых і важнасці сямейнага выхавання.

Напярэдадні юбілею Беларускага дзіцячага фонду карэспандэнт “НГ” сустрэлася са старшынёй праўлення БДФ, пісьменнікам і рэдактарам часопіса “Вясёлка” Уладзімірам ЛІПСКІМ, які падзяліўся сваімі меркаваннямі аб праблемах сучасных дзяцей, адказнасці дарослых і важнасці сямейнага выхавання.

Можна шмат разважаць пра багацці свету — нафту, золата, брыльянты... Але няма больш каштоўнага скарбу, чым дзеці. Яны — наша заўтра, і, марачы пра шчаслівую будычыню, мы павінны клапаціцца пра іх. Тым больш што ёсць маленькія чалавечкі, неабароненыя і пакрыўджаныя лёсам, якім патрэбна наша дапамога. Радуе, што ёсць і людзі, шчырыя і з адкрытым сэрцам, гатовыя дапамагаць такім дзеткам, саграваць іх і атуляць любоўю. Напрыклад, штогод дапамагаюць тысячам дзяцей і дзіцячым арганізацыям супрацоўнікі і валанцёры Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд”, створанага чвэрць стагоддзя таму.

 Беларускі дзіцячы фонд сёння — гэта...

  • Шэсць абласных і 73 раённыя аддзяленні, упаўнаважаныя Беларускага дзіцячага фонду па ўсёй краіне.
  • 41 дом сямейнага тыпу, дзе знайшлі любоў і цяпло больш за 600 дзяцей-сірот.
  • Кансультацыі і аперацыі ад замежных спецыялістаў у рамках медыцынскіх праграм “Я бачу!..”  і “Дзіцячае сэрца”.
  • Рэабілітацыйна-аздараўленчыя змены “Вясёлка надзеі”, “Вясёлыя сэрцайкі” для хворых на анкалогію і сэрца.
  • Штогадовыя прэміі і імянныя стыпендыі таленавітым дзецям і сябрам Беларускага дзіцячага фонду.
  • Канцэрты, творчыя семінары, акцыі і гуманітарная дапамога на працягу года.

Правы дзяцей парушаюць дарослыя

— Дзеці — гэта наша галоўнае багацце і  наш клопат. Яны нашы спадчыннікі, якія, хочам мы таго ці не, заменяць усіх нас — і пісьменнікаў, і журналістаў, і міністраў, і дырэктараў... Самая галоўная задача дарослага любога рангу і чыну — зрабіць штосьці для нашых дзяцей. У 1989 годзе была прынята Канвенцыя аб правах дзіцяці, якую падпісалі амаль усе краіны свету. У 1993 годзе ў Беларусі набыў моц закон “Аб правах дзіцяці”. Аднак правы гэтыя парушаюцца да сённяшняга дня. Чаму? Таму што дарослыя не выконваюць сваіх абавязкаў перад дзецьмі. Адсюль і сацыяльныя сіроты, і хворыя дзеткі, і інваліды... Наша арганізацыя выконвае функцыю грамадскага кантралёра, які сочыць, як выконваюцца правы дзіцяці.  Напачатку нам хацелася ўзяць пад кантроль усе параграфы закона, ахапіць увагай усіх дзяцей, аднак мы адчулі з часам, што дапамагчы ўсім нам не пад сілу. Таму вызначылі кола дзяцей, якія найбольш патрабуюць дапамогі, — сіроты, інваліды, дзеці з няпоўных і шматдзетных сем’яў, дзеці, якія трапілі ў складаную сітуацыю. Аказваем маральную, матэрыяльную, гуманітарную, медыцынскую, юрыдычную дапамогу, стараемся падтрымаць добрым словам, даць параду і атуліць сваім цяплом.

Выціраць слёзы дзецям няпроста

— Нашу арганізацыю можна было б назваць Таварыствам добрых сэрцаў ці Таварыствам верных сяброў дзяцей. Вакол нас згуртоўваюцца энтузіясты (Аляксандр Трухан, Ірына Чарнякова, Ларыса Мяжэвіч, Лідзія Кацегава, Вера Грышэчка, Галіна Пранько, Таццяна Броўчанка і іншыя), якім баліць сэрца за дзяцей, якія разумеюць, што з дзецьмі трэба быць сумленнымі, не шкадаваць дзеля іх ні сіл, ні часу, а можа, дзе і кашалёк адкрыць. Не так гэта проста — выціраць слёзы дзіцёнку, які трапіў у бяду, усяліць у яго веру і надзею. Выйсці на трыбуну і сказаць усім “я вас люблю” вельмі проста. А ты аднаму працягні руку, дапамажы камусьці канкрэтна. Колькі энтузіязму было напачатку, калі толькі-толькі стваралі арганізацыю. Успомніць хоць тэлевізійны марафон па збору сродкаў для дзяцей “Выратуем дзяцей”, які трансліраваўся на працягу чатырнаццаці гадзін з Беларускага тэатра оперы і балета. Стаяла цэлая чарга людзей! Прыносілі грошы, адзенне, рэчы... І сёння ёсць тыя, хто гатовы падзяліцца, але ў асноўным гэта небагатыя людзі, пенсіянеры, студэнты.

Кінуць дзіця — учора ганьба, сёння норма?!

— Шмат зроблена для дзяцей і дзяржавай, і нашай арганізацыяй. Аднак праблем менш не становіцца. Адны вырашаюцца — з’яўляюцца новыя. Хто яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму мог падумаць, што мы сутыкнёмся з праблемай сацыяльнага сіроцтва? Не ўяўляю, каб мая маці ці хто ў нашай вёсцы кінулі б дзіця. Гэта якая б ганьба была! Чалавек ад гэтай ганьбы месца не знайшоў  бы на зямлі. А калі дзіця раптам заставалася сіратой, сваякі любымі шляхамі стараліся ўзяць яго да сябе на выхаванне. Сёння ж адмовіцца ад дзіцяці для многіх стала нормай. Гэтыя людзі нас ні ўва што не ставяць, насміхаюцца, што мы нічога не зможам зрабіць з імі: “Мы пілі, п’ём і будзем піць, а вы будзеце выхоўваць нашых дзяцей”. Выдатны дэкрэт прыняў Прэзідэнт некалькі гадоў таму — “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. Бацькі павінны быць адказнымі за выхаванне дзяцей. Чаму ў эстонцаў, армян, грузін сёння мала сірот? Таму што ў іх вельмі моцныя традыцыі сям’і. І гэтыя сямейныя традыцыі мы павінны развіваць у нашай краіне.

У дамах сямейнага тыпу дзеці саграюцца

— За дзесяцігоддзі аб’ездзіў усе дамы-інтэрнаты. Жартую: быў стройны кучаравы, а цяпер стаптаўся і стаў з заснежанай галавой. Сапраўды вельмі блізка да сэрца прыняў трагедыю сіроцтва. Заходзіш у інтэрнат — добры будынак, сучасны рамонт, ложкі мяккія, падушкі пуховыя... Але гэта казённы дом. Як бы прыгожа там ні было, а сэрца ўсё роўна абліваецца крывёю. Адной з сацыяльна значных праграм Беларускага дзіцячага фонду з’яўляецца праграма “Цёплы дом” па накіраванні дзяцей-сірот у сем’і і стварэнні дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. На сённяшні дзень у нашага фонду 41 сямейны дзіцячы дом, створаны з дапамогай мясцовых уладаў. Па сутнасці, мы “разабралі” пяць дзяржаўных інтэрнатаў. Вядома, розніца паміж інтэрнатам і такім домам неверагодная. Гэта сям’я. У дзіцёнка ёсць мама, тата, брацікі і сёстры, свой ложак і пакой... У сям’і ёсць свае агарод і гаспадарка. Некаторым сем’ям кароў куплялі, сям’і з Бабруйска набылі печ для абпальвання — бацькі вырабляюць розныя рэчы з гліны.

Гэтыя сем’і саграюць дзяцей. Быў выпадак, калі жанчына з сужыцелем забілі бабулю на вачах унучкі. Дзяўчынка перастала размаўляць. Год не гаварыла. Мы накіравалі яе ў сямейны дзіцячы дом. Праз год адагрэлася матчынай ласкай, стала нармальным чалавекам. Дамы сямейнага тыпу выводзяць сірот у людзі, даюць надзею, удыхаюць у іх жыццё сямейнае цяпло. За імі вялікая перспектыва.

Юбілей Беларускага дзіцячага фонду не толькі свята для нас і шанец падзякаваць усім нашым сябрам, але і магчымасць яшчэ раз прыцягнуць увагу да праблем дзяцей і сказаць: “Дзецям патрэбная наша любоў”. 

 Кволыя кветачкі патрабуюць догляду

Штогод прыходзіцца разблытваць сотні вузлоў. Чамусьці крайнімі ў многіх сітуацыях аказваюцца дзеці. Яны кволыя кветачкі, якім патрэбныя пастаянны догляд і ўвага. Кволенькія, але часам такія адораныя і таленавітыя! Часта ладзім творчыя сустрэчы. Дзеткі-інваліды прыязджаюць на калясках. Сярод іх выдатныя мастакі, паэты, кампазітары... Успамінаецца маладая мастачка Моніка Лемяшонак з Магілёва. Яна сама не можа ні апрануцца, ні паесці, але калі маці ўстаўляе ў яе ручку пэндзлік, яна такія карціны малюе! Асобныя творы Монікі вазілі ў Францыю. Французы былі ў захапленні.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter