Навіны, героямі якіх апошнім часам становяцца школьнікі, сумныя

Дзеці малыя, бяда вялікая

На наступным тыдні пачынаюцца вясеннія канікулы. Здавалася б, вось дык радасці дзецям. Але навіны, героямі якіх апошнім часам становяцца школьнікі, сумныя. Так, у Брэсце ў сераду прыблізна ў 13 гадзін на вуліцы Смірнова машына збіла вучня другога класа. Сведкі расказваюць, што за некалькі секунд да здарэння малы разам з іншымі дзецьмі выйшаў з аўтобуса. Ад дома яго аддзяляла вуліца. Вось толькі перабягаць яе васьмігадовы хлопчык разам з сяброўкай вырашылі не па «зебры». У выніку дзяўчынка праскочыла, а на яе спадарожніка наляцела іншамарка.



Ад удару хлопчык памёр на месцы. Вядома, што за рулём аўто сядзеў 26-гадовы жыхар Брэсцкага раёна. Ён быў цвярозы і, хутчэй за ўсё, проста не паспеў затармазіць. 

З пачатку года гэта ўжо другі выпадак, калі ў аварыі гіне дзіця. Трагічная хроніка была распачата ў студзені, калі ў ДТЗ пацярпела немаўлятка. У машыне ехала маладая сям’я, 24-гадовы тата не справіўся з кіраваннем і ўляцеў у асвятляльную мачту. Пяцімесячны хлопчык, якога мама трымала на руках, быў цяжка траўміраваны. Сямнаццаць дзён урачы змагаліся за яго жыццё, але… 

«У большасці аварый з удзелам дзяцей, што здарыліся ў гэтым годзе, вінаваты дарослыя, — каменціруе лічбы жахлівай статыстыкі Ганна Банадык, старшы інспектар УДАІ МУС. — Для прыкладу, у студзені—лютым у ДТЗ пацярпелі 33 дзіцяці. Толькі ў чатырох з іх малыя вінаватыя самі: двое пераходзілі дарогу ў неналежным месцы, двое — выбеглі з-за аўтобуса».

З надыходам вясны, кажуць спецыялісты, сітуацыя можа пагоршыцца. Сонца прыпякае, хлопчыкі і дзяўчынкі бягуць у двары, а там столькі машын, якія стаяць ледзве не адна на адной, што да бяды недалёка. Толькі ў сакавіку пад коламі побач з домам аказаліся двое дзяцей. Адна з пацярпелых — шасцігадовая дзяўчынка з Гродна. На шчасце, малая атрымала лёгкія траўмы, і пасля агляду дактароў бацькі адразу ж забралі яе дадому. 

— У сераду ў аварыю патрапіў шасцікласнік, — кажа Алег Дук, старшы інспектар аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама. – Вяртаючыся дадому з другой змены, ён пераходзіў дарогу ў праездзе паміж дварамі. З-за прыпаркаваных навокал машын вадзіцель яго не заўважыла. З пераломам нагі хлопчык знаходзіцца ў бальніцы. 

Тым не менш у параўнанні са студзенем—лютым мінулага года дзеці на дарогах сталі больш уважлівымі: тады адбылося 38 аварый з удзелам непаўналетніх, загінулі пяцёра малых. 

Таму нагадаць людзям пра асцярожнасць лішнім не будзе. Асабліва дарослым, якія бываюць занадта бяспечнымі. Дастаткова ўспомніць выпадак, калі ў Пухавіцкім раёне ў аварыю трапіла машына з двума непаўналетнімі ў багажніку: 26-гадовы вадзіцель дадумаўся не толькі пасадзіць у аўто восем чалавек, але і мчаць на хуткасці 120 кіламетраў у гадзіну. 

Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА

panteleeva_katya@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter