«Дзеці мае, адпраўляйце мяне дахаты!»

Чаму бабруйчаніну Біскіну не жылося ў Аўстраліі?

Чаму бабруйчаніну Біскіну не жылося ў Аўстраліі?

Ізраілю Гдальевічу Біскіну падабаецца, калі яго называюць проста Ізя. Да вайны Ізя жыў у Любані. Сям’я вялікая, восем чалавек. Настаў час дзецям у жыцці ўладкоўвацца, а тут — сталінскі набор у рамесныя вучылішчы. З паўсотняй такіх, як ён, хлапцоў адправіўся Ізя на бліжэйшую чыгуначную станцыю. І цягніком — у Ленінград. Першы год навучання падыходзіў да завяршэння, і раптам – вайна. Немцы ўзялі ў кольца горад на Няве, але ён трымаўся. Біскін разам з таварышамі па вучылішчы працаваў на ваенным заводзе, капаў акопы ля Гатчыны... Потым была эвакуацыя праз Ладагу: апухлых ад голаду, іх месяц выходжвалі ў адной з падмаскоўных бальніц. Праўда, малады арганізм хутка ўзяў сваё. І Ізя пайшоў у ваенкамат прасіцца на фронт. Скончыў спецыяльную школу радыстаў. А адтуль – у неба, лятаў у якасці стралка-радыста. 

У 1945-м завітаў на радзіму. І не знайшоў роднага дома. Аказалася, усю іх сям’ю расстралялі немцы. “Застанься я тут, — падумаў, — і мяне б такі ж лёс напаткаў, а так – наканавана жыць!” 

Біскін працягваў лятаць стралком-радыстам на самалётах дальняй бамбардзіровачнай авіяцыі. У 1952 годзе іх часць перавялі ў Бабруйск, дзе ён абзавёўся сям’ёй. З’явіліся дзеці – два сыны і дачка. Атрымаў непадалёку ад аэрадрома кватэру. 

...У той дзень (было гэта ў 1956 годзе) Біскін разам са сваім таварышам па экіпажы знаходзіўся ў штурманскім класе на занятках, якія вёў камандзір палка Павел Марозаў. Перайшлі да абмеркавання тэмы. Збіраўся выказаць сваю думку Біскін і... адключыўся. Прыйшоў у свядомасць – вакол яго сябры: “Што з табою?” Карацей, адправілі Ізю дамоў. На наступны дзень – палёты, але жонка адгаварыла: маўляў, куды табе ў неба, дзе такія перагрузкі... 

Адным словам, Ту-16 паляцеў без Біскіна. І пры пасадцы ў Падмаскоўі пацярпеў катастрофу, увесь экіпаж разам з камандзірам загінуў... 

— Вось так, — уздыхае Ізраіль Гдальевіч, — і на гэты раз мне пашанцавала, застаўся жыць... 

Дваццаць гадоў аддаў Біскін арміі. Дэмабілізаваўся, пачаў прыстасоўвацца да цывільнага жыцця. А тут старэйшы сын Генадзь з’ехаў у Аўстралію. У горад Сідней ён пацягнуў за сабой сястру Зіну і брата Сашу. За імі з жонкай адправіўся ў далёкую краіну і сам Біскін. “Ехаў, — расказвае, — з трывожным сэрцам. Як там жыццё складзецца?» 

Горшыя прадчуванні збыліся: жонку паклалі ў шпіталь, а ён застаўся адзін у кватэры. Не разумеў, пра што гавораць на вуліцы, па тэлевізары. 

Генадзь, каб суцешыць бацькаву адзіноту, прапанаваў яму работу на сваёй мэблевай фабрыцы. Ізя адмовіўся, маўляў, ні слова не разумею па-англійску. 

Пасля смерці жонкі каля месяца пратрымаўся Біскін у той Аўстраліі. На болей яго не хапіла: “Дзеці мае, адпраўляйце мяне хутчэй дахаты!” 

Дваццаць гадоў мінула з той аўстралійскай “адысеі” Ізі. Пасля вяртання на радзіму працаваў загадчыкам харчовага склада ў раённай нарыхтоўчай канторы, на калгасным рынку. Быў дырэктарам гандлёвага прадпрыемства “Аўстралія”, якое адкрыў яго сын. Гадоў пяць праіснавала “Аўстралія”, а потым з-за шэрага абставін згарнула сваю дзейнасць. Ды і сам Ізраіль Гдальевіч адчуў, што гады бяруць сваё. І ён прыняў рашэнне. Як кажуць, памахаў гораду ручкай і перасяліўся ў вёску ў Бабруйскім раёне. Прыдбаў домік. Звязаў свой лёс з добрай, гаспадарлівай жанчынай. “Час прыцішыў хаду, каб самім жыццём любавацца, — кажа, — цішыня, спакой, маляўнічыя краявіды... Што яшчэ трэба?..” 

Восемдзесят другую вясну Ізраіль Гдальевіч сустракае. Някепска сябе адчувае і не страчвае цікавасці да жыцця. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter