Дзеці камісара Курушына. Неверагодная гісторыя пошукаў бацькі і завяршылася неверагодна

У той дзень Рыта з сяброўкай-аднакласніцай дзялілася сваімі дзявочымі сакрэтамі пад папулярную радыёперадачу “Іх разлучыла вайна”. Прыслухаліся дзяўчынкі толькі тады, калі вядучая пачала шчымлівы расказ аб тым, што сыны шукаюць свайго бацьку, які быў ваенным, магчыма, урачом, бо дзіцячая памяць захавала яго вобраз у белым халаце. Маму звалі Марыя. Далей у перадачы расказвалася, куды дагэтуль звярталіся дзеці і як безвынікова заканчваліся іх пошукі бацькі па прозвішчу Карушын...
Рыта стрымгалоў паімчала дадому! І, пераскочыўшы парог, выпаліла: — Тата, твае дзеці цябе шукаюць! Толькі што па радыё перадалі... У бацькі ад нечаканасці выпала лыжка з рук: ён якраз абедаў. Блытаны расказ дачкі дапаўнялі знаёмыя і суседзі, якія былі ў курсе неверагоднай гісторыі сям’і Курушыных. ...Да вайны Якаў Кірылавіч Курушын быў кадравым ваенным. Службу нёс на граніцы з Польшчай. Там, у ваенным гарадку, была і яго сям’я: жонка Марыя, сыны Кармэн, Саша, Жора і дачка Рыта. У першыя дні вайны жонкі і дзеці ваеннаслужачых адпраўляліся эшалонам у тыл. Як высветлілася пазней, той цягнік разбамбілі фашысты. Многія загінулі. А лёс тых, хто застаўся ў жывых, склаўся па-рознаму. Чатырохгадовага Сашу і двухгадовага Жору, напрыклад, падабрала чужая маладая мясцовая жанчына. (Дзеці сядзелі каля мёртвых маці і старэйшага брата. Яны плакалі, клікалі Рыту). Разам з малымі пахадзіла, паклікала яе і жанчына, а пасля хлопчыкі пайшлі з чужой цёцяй да яе дамоў. Васьмігадовая Рыта пасля той жудаснай бамбёжкі зайшла ў нейкае памяшканне (там было шмат посуду). А калі адважылася выйсці са схованкі, родных ужо не знайшла. Пайшла туды, куды ішлі ўсе людзі. Праз некаторы час пазнала знаёмыя мясціны. Адшукала сваю кватэру. Аднак яна была ўжо занята іншай сям’ёй. Чужая, злосная цётка кінула малой толькі маміна футра. І Рыта пайшла ў белы свет. Не без добрых людзей аказаўся ён. Прытуліла дзяўчынку палячка. І на доўгія гады замяніла ёй маму. Пасля вайны Якаў Курушын доўга шукаў сям’ю. Але куды б ні пісаў, куды б ні звяртаўся, адказ быў адзін: “Сям’я загінула”. А жыццё працягвалася. Узяў шлюб і Якаў Кірылавіч. Яго новай жонкай зноў стала Марыя. На 20 гадоў маладзейшая за Курушына... Калі ў сям’і пачалі нараджацца дзеці, бацька даваў ім ужо звыклыя імёны. Марыя не пярэчыла. Так з’явіліся другія Саша, Жора, Рыта і Тамара Курушыны. Для іх не было сакрэтам, што ў таты некалі ўжо былі Саша, Жора, Рыта, Кармэн, іх мама Марыя... І вось калі меншай Рыце споўнілася 10 гадоў, адшукалася Рыта старэйшая. Жыла яна ў Польшчы. Выйшла замуж. Мела трох дзяцей. Праз 21 год бацьку цяжка было паверыць, што гэта чарнявая, прыгожая пані – яго дачка. Ён памятаў яе голас, колер вачэй і непаўторную адмецінку: радзімы знак на патыліцы. І калі падняў яе пышныя валасы, то не стрымаўся, заплакаў... ...Браты Саша і Жора таксама выраслі дзякуючы добрым людзям. Атрымалі прафесію. І ўвесь час не пераставалі шукаць бацьку. Куды яны толькі ні пісалі, куды толькі ні ездзілі! Карушыным займаліся па іх просьбе ва Украіне і Расіі, Польшчы і Беларусі. Аднак вынікі прыносілі расчараванне. Блытаніну ў пошуку сыграла літара “а”. Дзеці запомнілі і шукалі Карушына! Нават у Мінску ў музеі Вялікай Айчыннай вайны яны не звярнулі асаблівай увагі на ўласныя рэчы (бушлат і сумку) камісара партызанскага атрада імя Катоўскага 300-й брыгады імя Варашылава Якава Кірылавіча Курушына. Адкуль ім было ведаць, што палітработнік Чырвонай арміі Я.Курушын з лютага 1942 года быў актыўным удзельнікам партызанскага руху. Пасля вызвалення Беларусі змагаўся з ворагам на фронце. А пра тое, што Якаў Кірылавіч ваяваў у Туркменістане ў Грамадзянскую вайну, дзеці не ведалі зусім, як і пра тое, што з 1926 года бацька быў членам КПСС, а ў 1932 годзе закончыў ваенна-палітычныя курсы і быў палітработнікам... А запомніўся ім вобраз бацькі ў белым халаце таму, што старэйшы сын Кармэн часта ляжаў ў бальніцы, бацька хадзіў наведваць яго ў медыцынскім халаце і браў з сабой малых... Кажуць, надзея памірае апошняй. Аляксандр і Георгій нястомна працягвалі пошук чарговым пісьмом на беларускае радыё. Яны, безумоўна, і не падазравалі нават, што першай пачуе іх зварот Рыта, другая дачка іх бацькі. Аднак яна пачула... ...Свята той амаль казачнай сустрэчы як самую яркую старонку сваёй біяграфіі не раз успамінае Рыта Якаўлеўна, якая цяпер у бацькоўскім доме па вуліцы Перамогі ва Уздзе і госця, і гаспадыня. Працуе яна дыспетчарам у раённым камбінаце бытавога абслугоўвання, мае сваіх дзяцей і ўнукаў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter