Дзеці адной зямлі

Беларускія суайчыннікі за мяжой вывучаюць мову, спяваюць народныя песні, пішуць карціны аб Беларусі і прапагандуюць усё беларускае.

Беларускія суайчыннікі за мяжой вывучаюць мову, спяваюць народныя песні, пішуць карціны аб Беларусі і прапагандуюць усё беларускае.

Сваімі дасягненнямі, праблемамі і разважаннямі аб выкліках часу беларусы з 21 краіны падзяліліся паміж сабой падчас VI з’езда беларусаў свету на тэму “Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці”. Раз на чатыры гады беларускія суайчыннікі з усяго свету прыязджаюць у Беларусь, каб абмяняцца думкамі, напрацаваным вопытам, падзяліцца набалелым, прапанаваць пэўныя ідэі і проста яшчэ раз сказаць “прывітанне” і “дзякуй” зямлі, на якой нарадзіліся яны або іх продкі.

Сёння за мяжой пражываюць каля трох з паловай мільёнаў беларусаў. І падтрымліваць з імі сувязь, аказваць пэўную дапамогу грамадскім аб’яднанням суайчыннікаў за мяжой беларускія ўлады лічаць неабходнай умовай дзяржаўнай палітыкі.

— Беларускія дыяспары з’яўляюцца неад’емнай часткай беларускага народа, — лічыць міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. — Яны могуць пашыраць прэзентацыйныя магчымасці нацыянальнай культуры за мяжой, умацоўваць аўтарытэт беларускай дзяржавы, аб’ектыўна інфармаваць сусветную супольнасць аб працэсах культурнага будаўніцтва ў краіне, прыцягваць інвестыцыі ў нацыянальную культуру, падтрымліваць інтарэсы Беларусі на рынках іншых краін.

Збіранне разам беларускіх суайчыннікаў за мяжой даўно перастала быць проста настальгіяй па Радзіме.

— Пачатковы настальгічны рамантызм ператварыўся ў практычную прагматычную працу, — лічыць стваральнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, сустаршыня арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы з’езда Алег Рудакоў. — З кожным годам заўважаю, як павялічваецца колькасць арганізацый беларускіх дыяспар, павышаецца іх узровень. Яны працуюць грунтоўна, добра, прафесійна. — Займаемся захаваннем сваёй культурнай спадчыны — мовы, культуры, гісторыі, — расказаў старшыня аб’яднання мастакоў Балтыі Вячка Целеш, які больш за пяцьдзясят гадоў жыве ў Латвіі. — У Рызе існуе беларускамоўная школа, беларускае таварыства, дзе мы спяваем нашы песні, выдаём кнігі аб гісторыі Беларусі, займаемся мастацтвам.

Вось і на з’езд прывезлі карціны беларускіх мастакоў у Латвіі, каб пазнаёміць са сваёй творчасцю беларусаў і пакінуць спадчыну на радзіме. Ёсць нашы карціны і ў латышскіх музеях як мастакоў-грамадзян Латвіі. Але тут мы больш родныя, чым там. Мы, беларусы, раскіданыя па ўсім свеце. Калі прыязджаем сюды, а на з’езд збіраемся ўжо шосты раз, адчуваем, нібы сустракаем самых дарагіх родных. Вельмі важная сустрэча.

Вядома, дзяліліся дэлегаты не толькі радасцю ад сустрэчы на радзіме і сваімі дасягненнямі за мяжой. Хутчэй больш набалелымі пытаннямі.

— Адна з балючых тэм для беларускай дыяспары ў Малдове, і асабіста для мяне як шматдзетнай маці, — гэта амаль адсутнасць дзяцей і моладзі ў шэрагах арганізацый нашай дыяспары, — падзялілася кіраўнік Беларускай ня-дзельнай школы ў Кішынёве, намеснік старшыні Беларускай абшчыны ў Малдове Ганна Мазур. — У Малдове існуе восем беларускіх этнакультурных арганізацый, у якіх прадстаўнікоў моладзі да 35 гадоў — не больш за пяць працэнтаў. Думаю, гэта праблема не толькі нашай дыяспары. Прычыны можна ўбачыць і ў змешаных шлюбах, і ў імкненні маладога пакалення больш інтэгравацца з мясцовым грамадствам дзеля атрымання больш высокага грамадскага статусу.

Па меркаванні Ганны Мазур, і грамадскія арганізацыі, і беларускія ўлады павінны больш актыўна працаваць над гэтым пытаннем, каб не размылася ў моладзі паняцце нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і пачуццё Радзімы. — Нам вельмі хацелася б яшчэ больш моцнага супрацоўніцтва з беларускай дзяржавай, — падзяліўся Алег Рудакоў.

— Памятаю, як тры гады таму ў межах “Славянскага базару ў Віцебску” праводзіўся фестываль мастацтваў беларусаў свету. Калектывы прыехалі з 12 краін! Вельмі класна было ўсё зроблена. Але хочацца яшчэ. Навошта мы ўсім гэтым займаемся? Вывучаем мову, песні, традыцыі, танцы? Каб хоць раз у сваім жыцці пабываць на гістарычнай радзіме, наведаць вёскі сваіх продкаў і паказаць сваёй творчасцю, наколькі нам дарагая наша Радзіма.

Як паабяцаў падчас з’езда дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міністэрства культуры Беларусі Міхаіл Рыбакоў, другі фестываль мастацтваў беларусаў свету пройдзе ў нашай краіне ўжо ў наступным годзе. Прычым геаграфія ўдзельнікаў фестывалю значна пашырыцца. На свяце чакаюцца, да прыкладу, прадстаўнікі дыяспары Італіі і Аргенціны. Абмяркоўвалі і яшчэ адну доўгачаканую падзею — прыняцце закона аб суайчынніках.

— Ён ёсць амаль што ва ўсіх краінах Еўропы, — гаворыць прафесар, доктар філалагічных навук, супрацоўнік Інстытута культуры Беларусі Адам Мальдзіс. — Варта прыняць яго і ў нас. Гаворка аб гэтым ідзе ўжо даўно. Як паведаміў міністр культуры Барыс Святлоў, праект закона “Аб беларусах за мяжой” ужо гатовы да разгляду Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь. Аднак і без прыняцця адпаведнага закона, заўважыў міністр, праца з беларусамі, якія пражываюць за мяжой, праводзіцца бесперапынна. І пацвярджэнне таму — чарговы з’езд суайчыннікаў, які завяршыўся ў беларускай сталіцы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter