Дзеці адной краіны. Што рабіць, каб дзеці беларусаў замежжа адчувалі сябе беларусамі.

Дваццаць гадоў таму, пасля падзення жалезнай заслоны беларусы з Беларусі нарэшце змаглі больш даведацца пра існаванне сваёй дыяспары і сталі паступова наладжваць кантакты з беларускім замежжам. Адкрыццём для грамадства стала існаванне беларускіх культурных цэнтраў, школ і музеяў у іншых краінах. На гэтай хвалі і паўстала Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”(ЗБС). Згуртаванне, якое ў далёкім 1993 годзе ініцыявала першы з’езд беларусаў свету, аднаўленне Крыжа Ефрасінні Полацкай і іншыя праекты. А чым зараз жыве аб’яднанне? Як працуе з дыяспарай? Якія праекты прапануе? Гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнт “НГ” адрасавала кіраўніку ЗБС Алене МАКОЎСКАЙ якраз напярэдадні 20-годдзя “Бацькаўшчыны”.

— Наколькі вялікая беларуская дыяспара? З кім даводзіцца працаваць “Бацькаўшчыне”?

— Беларусы выязджаюць за мяжу ледзь не з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Па розных прычынах. Па ацэнках навукоўцаў, сёння ў больш як сямідзесяці краінах пражывае каля 3,5 мільёна беларусаў. Наша арганізацыя працуе з тымі людзьмі, якія  лічаць сябе беларусамі і арганізаваны ў беларускія суполкі — яны пражываюць у 25 краінах. Справа ў тым, што ў беларускіх эмігрантаў існуе праблема нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Беларусы, якія выязджаюць за мяжу, часта далучаюцца да суполак іншых нацыянальнасцей. Ці проста асімілююцца: становяцца аўстралійцамі, англічанамі, немцамі і гэтак далей у залежнасці ад таго, у якую краіну выязджаюць. Проста таму, што не адчуваюць повязі  з радзімай — духоўнай ці заканадаўчай.
Дзяржава зараз распрацоўвае закон “Аб беларусах замежжа”, які павінен стаць фундаментам для выбудоўвання сувязей паміж беларусамі свету і Рэспублікай Беларусь. Спадзяёмся, што закон прадугледзіць  пасведчанне беларусам замежжа, якое вызначыць статус нашых суайчыннікаў  і дасць ім пэўныя прэферэнцыі: да прыкладу, ільготныя візы ці паніжаны кошт навучання ў Беларусі. Роля грамадскіх арганізацый у працы з беларускай дыяспарай, бясспрэчна, важная.  Але ў першую чаргу дапамога павінна ісці ад дзяржавы.

— Зараз яна існуе?

— Змены пачаліся пасля V з’езда беларусаў свету, які прайшоў у мінулым годзе. Адбыўся паварот у стаўленні дзяржаўных органаў да беларускай дыяспары, прыйшло разуменне неабходнасці супрацоўніцтва з дыяспарай. Усе прапановы апошняга з’езда атрымалі пэўнае развіццё. Пры Міністэрстве культуры з’явілася каардынацыйная рада па справах беларусаў замежжа. У наступным го-
дзе плануецца правесці фестываль беларусаў замежжа. Ідзе абмеркаванне закона. У рабочую групу ўвайшлі прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, розных міністэрстваў і грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку “Бацькаўшчыны”. Што радуе: праца ўжо набыла юрыдычны фармат. Мяркуем, ужо ў наступным годзе закон будзе прыняты.

— Якія яны — беларусы замежжа?

— Яны — люстэрка беларусаў унутры краіны. Гэткія ж, як мы. Розныя па актыўнасці. У ЗША, напрыклад, існуе тэндэнцыя далучэння моладзі да існуючых суполак, у Еўропе — стварэння ўласных арганізацый. Розныя яны і па сферы занятасці.

— Наколькі ведаю, сярод беларусаў замежжа шмат знакамітасцей...

—  Распавядаць пра гэта можна вельмі доўга, бо сярод беларусаў замежжа вельмі шмат выбітных асоб — навукоўцаў, мастакоў, пісьменнікаў, актыўных грамадска-культурных дзеячаў, дзяржаўных службоўцаў, дзелавых людзей... Наша дыяспара багатая на лю-
дзей, якія гатовы дапамагаць Беларусі.

— Якую працу праводзіць “Бацькаўшчына” па яднанні беларусаў?

— Кожныя чатыры гады мы ладзім з’езды беларусаў свету. Яны з’яўляюцца сапраўднымі агульнанацыянальнымі форумамі. Дзякуючы ім мы бачым тэндэнцыі, якія адбываюцца ў асяродках беларускай дыяспары. Напрыклад, адна з такіх тэндэнцый — памаладзенне дыяспары.   Праўда,  асяродкі беларусаў замежжа папаўняюцца тымі, хто выязджае за мяжу сёння, а не дзецьмі ўчарашніх эмігрантаў. У нас практычна няма другога пакалення дыяспары. Адна з прычын — у недахопе беларускіх школ за мяжой, якія сёння існуюць толькі на Беласточчыне, у Латвіі, Літве ды нядзельная школа ў Эстоніі. Між тым мільён беларусаў пражывае ў Расіі. Прычым яны не раскіданы па Федэрацыі. Ёсць месцы лакальнага пражывання беларусаў: Іркуцк, Масква, Томск... Мы зацікаўлены ў тым, каб беларускамоўныя школы з’яўляліся за мяжой.
Мы таксама імкнёмся папулярызаваць здабыткі беларускай дыяспары ў Беларусі. У 2004 годзе заснавалі серыю кніг, прысвечаную беларусам замежжа “Бібліятэка Бацькаўшчыны”. І ўжо выдалі 19 кніг. Гэта творы беларускіх пісьменнікаў замежжа, успаміны суайчыннікаў за мяжой, а таксама даследаванні пра беларускую дыяспару нашых навукоўцаў. Тая культурная і гістарычная спадчына, якую стварыла наша беларуская дыяспара, — частка нашай агульнай гісторыі і культуры. Не варта ёй раскідвацца, яе трэба вывучаць, уключаць у школьныя праграмы. Мы павінны ведаць, хто такія беларусы замежжа і які ўнёсак яны зрабілі і робяць у нашу агульную гісторыю.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter