Дзесяць з дванаццаці — вынік годны!

Каманда БДУ выйшла ў фінал чэмпіянату свету па праграмаванні

Беларускія студэнты выйшлі ў фінал чэмпіянату свету па праграмаванні.

Каманда студэнтаў БДУ ў складзе пяцікурснікаў факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Рамана Удавічэнкі, Андрэя Малевіча і Сяргея Жгіроўскага адзіная з Беларусі выйшла ў фінал чэмпіянату свету па праграмаванні.

Хлопцы паспяхова выступілі ў паўфінальных спаборніцтвах чэмпіянату свету па паўночна-ўсходняму еўрапейскаму рэгіёну, якія адначасова праходзілі ў Санкт-Пецярбургу, Барнауле, Тбілісі і Ташкенце. Нашым студэнтам удалося вырашыць 10 задач з 12 прапанаваных і заваяваць дыпломы 1-й ступені.

Абсалютным пераможцам спаборніцтваў стала каманда Санкт-Пецярбургскага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі. Дарэчы, у яе складзе выступілі першакурснік гэтай ВНУ, неаднаразовы пераможца алімпіяд па праграмаванні гамяльчанін Генадзь Караткевіч і два студэнты ўніверсітэта, якія з’яўляюцца дзеючымі чэмпіёнамі свету 2012 года.

Усяго ў паўфінале бралі ўдзел больш за 200 каманд з Расіі, Беларусі, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Казахстана, Узбекістана, Таджыкістана і Туркменіі. Фінал каманднага чэмпіянату свету па праграмаванні сярод студэнтаў пройдзе ў чэрвені 2013 года ў Санкт-Пецярбургу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter