Дзень першы ці апошні?

Нядзеля. Існуюць розныя пункты гледжання на месца нядзелі ў традыцыйнай сістэме тыднёвага ўпарадкавання часу. Прыхільнікі адной версіі лічаць, што гэта быў першы дзень тыдня, дзень, ад якога пачынаўся адлік часу на новыя сем дзён. Паслядоўнікі іншага пункта гледжання сцвярджаюць, што нядзеля ў сярэдневяковых календарах лічылася апошнім днём тыдня: “Воскресение — конец недели труда, венец учению”.

  • У гісторыі культур і этнамоўных працэсаў адбылося тое, што характэрна для славянскай моўнай сям’і, калі адно і тое ж слова ў мовах суседніх этнасаў набывала літаральна супрацьлеглае значэнне. Беларускае нядзеля (як дзень не-для-дела, а для адпачынку) семантычна набліжана да разумення гэтага дня як заключнага, завяршаючага. Рускае “неделя” (тыдзень) адпавядае не аднаму дню, а цэлай сядміцы (сямі дням)
  • У календары праваслаўнай царквы святкаванне Вялікадня і Тройцы пачыналася ў нядзелю. Разам з тым у народных святах, у якіх дамініруе традыцыйны пачатак, напрыклад Масленка, адлік часу пачынаецца з панядзелка, а заключным эмацыянальна-абрадавым акордам з’яўляецца нядзеля — Даравальная нядзеля.
  • На карысць версіі, у якой нядзеля выступае зыходнай кропкай адліку, сведчыць назва і месца трэцяга дня тыдня — серады (у парадкавай нумарацыі, якая захавана ў назвах паслядоўнага пералічэння дзён). Серада — значыць, сярэдзіна, сярэдні дзень. Напрошваецца пытанне: сярэдні паміж чым? Такім ён можа быць толькі ў тым выпадку, калі адлік пачынаецца ад нядзелі. Толькі так серадзе будуць папярэднічаць тры дні (нядзеля, панядзелак, аўторак) і тры дні будуць ісці за ёй (чацвер, пятніца, субота).
  • З усяго сказанага можна зрабіць адну выснову: нядзеля з цягам часу стала не першым і не апошнім, а ключавым, рытуальна маркіраваным днём тыдня пасля распаўсюджання хрысціянства.
  • У беларускіх міфах Нядзеля — адушаўлёная істота, якая ў адным выпадку з’яўляецца Боскай  стаўленіцай, у другім — ахоўніцай людзей у іх паўсядзённым жыцці. “Святая Нядзелька паказваецца людзям й перасцерагае іх, каб яны ў нядзелю нічога не рабілі, шчыра святкавалі, бо Бог скарае не то, што на том свеце, але й за жытку наробіць усялякае шкоды ў гаспадарцы ці адніме здароўе”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter