Дзень пісьменства з імем майстра

У Быхаве з'явіцца вуліца і памятная дошка Барыса Стральцова

Імя заслужанага дзеяча культуры Беларусі, прафесара Барыса Васільевіча Стральцова, без перабольшання, знаёма кожнаму прадстаўніку айчыннай журналістыкі.

Не заставаліся абыякавымі да яго творчасці прыхільнікі беларускай перыёдыкі і літаратуры. Нягледзячы на ўзрост, зорка яго таленту не згасала і ў нашы дні — Барыс Стральцоў быў адзначаны Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Журналістыка».

З прапановай увекавечыць памяць знакамітага вучонага-педагога і пісьменніка на яго малой радзіме — Быхаўшчыне — выступіла кіраўніцтва грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз журналістаў».

Як распавёў карэспандэнту «Р» старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў Аляксандр Тарпачоў, дадзеная прапанова была падтрымана на ўзроўні кіраўніцтва Быхаўскага райвыканкама, а таксама намеснікам прэм’ер-міністра Беларусі Анатолем Тозікам у час яго нядаўняга наведвання горада на Дняпры. Рашэнне ўвекавечыць імя вучонага Барыса Стральцова не толькі апраўданае, але і знакавае напярэдадні Дня беларускага пісьменства, які пройдзе ў Быхаве ў 2013 годзе.

У гонар чалавека, які ўнёс важкі ўклад у развіццё навукі і беларускай славеснасці, будзе названа перспектыўная вуліца райцэнтра, на адным з яе дамоў усталююць мемарыяльную дошку. Таксама ўнесена прапанова, каб імя знакамітага земляка было прысвоена адной з быхаўскіх бібліятэк. Са свайго боку арганізацыя Беларускага саюза журналістаў пачынае збор сродкаў для вырабу памятнай дошкі ў гонар Барыса Стральцова. Неўзабаве ў адным з банкаў Магілёва будзе адкрыты дабрачынны рахунак, на які ўсе неабыякавыя да гэтай падзеі людзі змогуць перавесці грашовыя ахвяраванні.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter