Дзеля новых самазвалаў

Жодзінскаму аўтазаводу адкрылі крэдытную лінію на $ 75 млн

Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) і ААТ «БелАЗ» — кіруючая кампанія холдынгу «БелАЗ-Холдынг» падпісалі дагавор аб адкрыцці жодзінскаму аўтазаводу крэдытнай лініі ў памеры $ 75 млн. тэрмінам на 3 гады. Cродкі, як гавораць на заводзе, будуць накіраваны на закупку матэрыялаў і камплектуючых для вытворчасці кар’ерных самазвалаў і іншай тэхнікі БелАЗа.

«Фінансаванне дазволіць павялічыць аб’ёмы вытворчасці прадпрыемства і забяспечыць дадатковыя бюджэтныя паступленнi, — пракаментаваў намеснік старшыні праўлення ЕАБР Генадзь Жужлеў. — Рэалізацыя праекта будзе спрыяць павелічэнню аб’ёмаў узаемнага гандлю Беларусі і Расіі, куды пастаўляецца больш за 60 % прадукцыі прадпрыемства. Пры гэтым у ходзе рэалізацыі праекта каля 40 % матэрыялаў і камплектуючых для БелАЗа будзе набыта ў расійскіх пастаўшчыкоў».

Дарэчы, здзелка не першая ў партнёрскіх адносінах ЕАБР і беларускага аўтазавода. У 2010 годзе банк прадаставіў ААТ «Сібірская вугальная энергетычная кампанія» (СВЭК) крэдыт на набыццё 25 новых самазвалаў БелАЗ грузападымальнасцю да 220 тон.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter