Дзед бабу палюбіў, бо баба на... лыжах

Неад’емнай састаўной часткай здароўя чалавека з’яўляецца пачуццё гумару і добры настрой. Невыпадкова на Беларусі, калі ў чалавека ўсё з рук валіцца, кажуць: “сёння не ў гуморы”. Агульнавядома, што смех доўжыць жыццё. Прыкладна так разважаў вядомы беларускі мастак Сяргей Давідовіч-Зосін, распачынаючы некалькі гадоў назад цыкл гумарыстычных карцін на спартыўную тэму.

На карцінах Давідовіча рознымі відамі спорту займаюцца вясковыя дзядуля з бабуляй. І гэта не толькі творчая фантазія мастака. Тэму майстру падказала само жыццё: спортам у нашай краіне займаюцца многія сталыя людзі. Дарэчы, мастак прызнаецца, што на гэты цыкл карцін яго натхнілі землякі — жыхары Лагойшчыны, хоць спартыўныя старыя — вобразы зборныя.
— І ўсё ж чаму вашы героі — дзед і баба? — пытаюся ў Сяргея Фёдаравіча падчас адкрыцця ў музеі алімпійскага гонару яго выставы з нагоды Года здароўя.
— Ведаеце, на мой погляд, старыя людзі больш цікавыя знешне, больш фактурныя, чым моладзь. Яны цікавяць мастака вопытам пражытага веку, мудрасцю, духоўнасцю. У дзядульках і бабульках я бачу шмат прыгажосці. Я ведаю нямала вясковых пажылых людзей, якія захавалі дабрыню і не страцілі аптымізму. Яны вельмі багатыя духоўна, добрыя, чулыя. І да таго ж, калі б я на сваіх карцінах пасадзіў на ровар маладых хлопца з дзяўчынай, якая ў гэтым была б незвычайнасць?! Гэта натуральна, так і павінна быць. А калі на ровары, на каньках альбо лыжах дзядулька з бабулькай, дык і малады, убачыўшы гэты цыкл карцін, падумае: “Чаму ж я не стаў на лыжы?”.
На карцінах мастака ў выкананні вясковых дзядоў і бабуль — усе асноўныя алімпійскія віды спорту. Мастак кажа, не ўсе работы на гэтую тэму змясціла экспазіцыя. Тым больш што цыкл будзе працягнуты — на падыходзе новая карціна, дзе старыя гуляюць у хакей на траве.
Серыя работ мастака носіць назву “А в Беларуси спорту рад и стар и млад” і асабліва падабаецца прафесійным спартсменам. Трохразовы алімпійскі чэмпіён і сяміразовы чэмпіён свету Аляксандр Мядзведзь нават просіць мастака размясціць гэтую выставу ў Палацы спорту падчас турніру барцоў, што адбудзецца ў бліжэйшы час. А міністр спорту і турызму Аляксандр Грыгараў на адкрыцці выставы адзначыў, што беларускі фальклор і алімпійскія віды спорту — вельмі добрая творчая ідэя, бо 70 працэнтаў членаў зборных каманд былога Савецкага Саюза і сёння 80 працэнтаў зборных Беларусі выйшлі з сельскай мясцовасці. Акрамя таго, для спартсменаў добры настрой — палова перамогі.
Але задорны народны гумар Сяргея Давідовіча знаходзіць водгук у сэрцах не толькі тых, хто абраў спорт сваёй прафесіяй.
— Калі я ўпершыню ўбачыў адну з карцін гэтага цыкла, быў у захапленні. Я так смяяўся! — падзяліўся ўражаннем губернатар Мінскай вобласці Леанід Крупец. — Цяпер я ведаю: самыя здаровыя людзі жывуць у вёсцы!
Член двух творчых саюзаў — мастакоў і пісьменнікаў — Сяргей Давідовіч-Зосін дасягнуў вядомасці ў нашай краіне і за яе межамі. Яго работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Германіі, Грэцыі, Аўстрыі, Польшчы, Літвы, Латвіі, ЗША, Ізраіля, Францыі. Але знаёмы з ім зусім не як з мастаком гумарыстычнага напрамку. Да нядаўніх часоў аматары жывапісу ведалі Давідовіча як аўтара сюжэтных кампазіцый рэлігійна-філасофскай і фальклорна-этнаграфічнай тэматыкі, у творчасці якога асаблівае месца займае тэма чарнобыльскай трагедыі.
— Самі са спортам сябруеце?
— Абавязкова. Ёсць такі лозунг “О спорт, ты маладосць”. А я лічу, што для спорту няма старасці. У здаровым целе здаровы дух, нягледзячы на ўзрост. Я чалавек немалады, і ўжо не хаджу ў спортзалы. Але займаюся зарадкай, абліваюся халоднай вадой, раніца ў мяне доўгія гады ў любое надвор’е пачыналася з прабежкі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter