Дзе знаходзіцца “замуж”? Маёй дачцэ Валі няма яшчэ і пяці гадоў.

 

 

Яна часта ставіць нас у тупік сваімі заўвагамі, пытаннямі і высновамі.
Вось была такая сітуацыя. На стале ляжала газета. Валя села есці і пачала яе чытаць. А бабуля, каб давесці ёй, што адначасова чытаць і спажываць ежу шкодна, сказала: “Калі будзеш чытаць за сталом, то забудзеш тыя літары, што вывучыла”. А малая ёй у адказ: “Не мані, ба! Тата наш так робіць, а вунь які разумны — літары ўсе ведае”.
А неяк наша модніца пафарбавала пазногці фламастэрам. Я пытаюся: “Навошта ты, Валя, гэта зрабіла? Дзецям нельга фарбавацца. Ды і я, бачыш, нічога не падфарбоўваю”. А яна мне даводзіць: “Ага, зараз ты не фарбуешся, а калі была маладая, то яшчэ як фарбавалася!”
Я сумелася, бо мне ж усяго трыццаць гадоў. Але заўвагу ўспрыняла і пачала карыстацца касметыкай...
А аднаго разу бабуля з суседкай абмяркоўвалі вяселле: наша знаёмая выйшла замуж за хлопца з экзатычнай краіны. “Гэта ж трэба, у такі далёкі свет Ліза сабралася”, — такую фразу пачула Валя і  пытаецца ў бабулі: “Скажы, а дзе знаходзіцца той “замуж”? А то я вырасту і не буду ведаць, куды трэба ісці”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter