Дзе ты знік, Вадзянік? Нашы продкі шчыра верылі ў існаванне незвычайных істот, якія верхаводзілі ў лясах, палях і на балотах.

Колькі разоў, блукаючы па лесе альбо прабіраючыся паміж балотнымі “акенцамі”, мы станавіліся сведкамі дзіўных падзей, якія не маглі растлумачыць. Вось пачулася таямнічае бульканне ў яловым гушчары, ці раптам нешта марудна замармытала, цяжка ўздыхнула ў балоце... Зразумела, усяму гэтаму ёсць навуковае тлумачэнне. Але ж у старадаўнія часы незвычайныя прыродныя з’явы звязвалі з існаваннем усемагутных істот: вялікага Бора, уладара лясоў, яго служкі Лесавіка, суровых Вадзяніка і Балатніка. Глупства, бабуліны казкі? Тым не менш гэтыя міфалагічныя вобразы — частка нашай гісторыі і культуры. Праведаем забытых герояў?

Колькі разоў, блукаючы па лесе альбо прабіраючыся паміж балотнымі “акенцамі”, мы станавіліся сведкамі дзіўных падзей, якія не маглі растлумачыць. Вось пачулася таямнічае бульканне ў яловым гушчары, ці раптам нешта марудна замармытала, цяжка ўздыхнула ў балоце... Зразумела, усяму гэтаму ёсць навуковае тлумачэнне. Але ж у старадаўнія часы незвычайныя прыродныя з’явы звязвалі з існаваннем усемагутных істот: вялікага Бора, уладара лясоў, яго служкі Лесавіка, суровых Вадзяніка і Балатніка. Глупства, бабуліны казкі? Тым не менш гэтыя міфалагічныя вобразы — частка нашай гісторыі і культуры. Праведаем забытых герояў?

Балотны жартаўнік

Першы з трох братоў — Балатнік — зусім сівы дзед. Па яго доўгай барадзе поўзаюць разнастайныя кузуркі і п’яўкі. Гразь ды ціна, наадварот, да яго не прыстаюць. Часам на яго целе дзе-нідзе растуць паганкі. Балатнік жыве ў лясным балоце, у самай глыбокай і недасягальнай дрыгве, дзе ніхто яго не патурбуе. Балатнік абыходзіць свае ўладанні, клапатліва аглядае іх. Калі ўбачыць чалавека, радуецца, нібы тое дзіця, пачынае пужаць страшэннымі гукамі, прыцмокваннем. Яму хочацца пагуляць, пажартаваць з небаракам, завесці як мага глыбей у балота, адкуль той можа ніколі не знайсці дарогу дадому.
Вельмі лёгка Балатнік можа ўтапіць чалавека, выбіўшы ў таго
з-пад нагі надзейную апору, вырваўшы палку з рукі ці заляпіўшы вочы шэрым павуціннем. Балатнік — вартаўнік душ людзей, якіх праглынула дрыгва. Калі-нікалі ён дазваляе ім трохі пагуляць па балоце. Тады і з’яўляюцца на дрыгве сінія агеньчыкі.
Балатнік, нягледзячы на свой цяжкі характар, жыве не адзін. У яго ёсць жонка — Балатніца. Згодна з павер’ямі, гэта жанчына, якая патанула ў балоце. Яна заўсёды неверагодна прыгожая і дужа каварная. Псуюць яе толькі ногі з доўгімі пальцамі, паміж якімі нацягнута перапонка — як у жабы. Балатніца жаласна пяе і плача, тым самым залучаючы ахвяру, якую хапае, душыць і топіць у дрыгве.

Вадзяны ваўкалак

Не меншы жартаўнік і Вадзянік — ён, зразумела, жыве ў вадзе. Яму даспадобы чыстыя рэкі і глыбокія азёры, а найбольш аблюбаваныя месцы — каля плацін, пад колам вадзянога млына. У вялікім жываце Вадзяніка плёскаюцца маленькія рыбкі (ну і фантазёры ж былі нашы продкі). Ракі любяць церабіць зялёную бараду і падобныя на водарасці валасы Вадзяніка. Ногі ў яго доўгія, з перапонкамі.
Гэта дзіўная, вельмі магутная міфалагічная істота. Вадзяніку прыпісвалася шмат незвычайных рэчаў. У прыватнасці, яго лічылі пярэваратнем. Ён мог ператварыцца не толькі ў нейкую рыбу ці звера, але і ў неадушаўлёную рэч — бервяно, камень. Мог і ўвогуле разліцца, як лужына.
Згодна з міфамі, Вадзянік быў некалі анёлам, але зрабіў нешта дрэннае. За гэта і быў жорстка пакараны — яго скінулі з небёсаў у ваду. Вадзяніку есці не давай, дазволь толькі парагатаць цёмнай ноччу, папалохаць людзей ды заманіць іх у глыбокі вір.

Налева пойдзеш...

Нарэшце, трэці міфалагічны брат — Лесавік. Звычайна ў яго ператвараецца пасля смерці той чалавек, якога праклялі, бо пры жыцці ён зрабіў шмат дрэннага. Лесавік жыве ў лесе, у самым непралазным гушчары. Асабліва любіць глухія яловыя лясы — за скрыпучыя гукі, якія выдаюць елкі пры павевах ветру.
Лесавік — увасабленне лясной глухамані. Нашы продкі лічылі, што ён — вартаўнік і сапраўдны гаспадар лесу, якому падпарадкоўваюцца ўсе птушкі і звяры, а таксама расліны. Ён можа хутка схавацца ў самай кволай траве, а можа быць вышэй за самае высокае дрэва.
Існуе павер’е, што Лесавік — ляўшун. У яго ўсё звязана з левым: адзежа захінута налева, левы лапаць — на правай назе, а правы — на левай. Левая рука і левая нага даўжэйшыя, левае вока большае. А апранаецца Лесавік часцей за ўсё ў касматую звярыную шкуру.
Гэты вартаўнік лесу — даволі творчая натура. Любіць спяваць пад акампанемент, гучна пляскаючы ў далоні. Калі Лесавік вельмі захопіцца, то ў лесе пачынаецца бура.
Як і браты, ён вельмі любіць пажартаваць. Калі грыбнік ці ягаднік заблукаў у лесе, Лесавік абходзіць яго, пачынае гукаць, заманьваючы ахвяру ў гушчар. Можа напужаць да смерці сваім рогатам і мармытаннем. Яшчэ адзін з найлюбімейшых жартаў Лесавіка — напусціць туману чалавеку ў вочы, пасля чаго небарака пачынае кружыць на адным месцы, адхіляючыся ў левы бок. Аднак Лесавік вельмі паважае людзей, якія любяць лес. Іншым жа ноччу ў лесе лепш не заставацца. А калі такое здарылася, то трэба абавязкова збочыць са сцежкі ці лясной дарогі.
Каб уратавацца ад Лесавіка, свядомыя людзі раюць трымаць у кішэні кавалак ліпавага дрэва. Заблукаўшым у лесе трэба перавярнуць усю адзежу навыварат, пальчаткі і абутак надзець не на тую руку ці нагу — тады Лесавік не прычэпіцца са сваімі жартачкамі.

Царства Бора

Але ж Лесавік — асоба “мясцовага” значэння. На яго можна было паскардзіцца “вышэй” — цару Бору, якому ўсё лясное царства падпарадкоўваецца. Дастаткова пакласці пад рабіну ў лесе запіску. Там яе абавязкова знаходзіў Бор. Характар у яго няпросты, “звярыны” — калі нешта не спадабаецца, завядзе ў дрыгву якую альбо звяроў драпежных нацкуе.
А шырокія палі ды нівы даглядае зусім маленькі дзядок з маршчыністым тварыкам і куртатай бародкай — Палявік. Аднак ён хоць і маленькі, але не слабенькі. Можа напусціць на любога чалавека сонечны ўдар...
Сёння людзі ўжо не палохаюцца шэпту гарэзлівага ветрыку ў скрыжаваннях яловых лапак і не слупянеюць, пачуўшы угуканне савы. Якія там Лесавікі, Балатнікі і Вадзянікі?! Малым на пацеху... Але ж яны працягваюць жыць — у казках і міфах, становяцца нават кінагероямі.
“Быў бы лес, будзе і Лесавік”, — гаворыцца ў народнай прымаўцы. Можа, калі людзі будуць з большай павагай і любоўю адносіцца да прыроды, яны яшчэ спаткаюць усіх тых дзіўных істот, у існаванне якіх верылі нашы далёкія продкі? Хто ведае...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter