Полацк сустракае Дзень беларускага пісьменства

Дзе сафія плыве над дзвіною, нібы карабель...

Ужо не першы раз старажытны і чароўны Полацк сустракае Дзень беларускага пісьменства, які традыцыйна праходзіць у пачатку верасня. У гэтым годзе настрой асаблівы — на радзіме нашага першадрукара Францыска Скарыны мы яшчэ раз узгадаем, што ў 2017-м адзначаецца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.


У сустрэчах на полацкай зямлі прымуць удзел літаратары з дзесяці краін: Расіі, Украіны, Малдовы, Азербайджана, Казахстана, Узбекістана, Літвы, Польшчы, Сербіі, Францыі. І больш за 100 літаратараў з усёй Беларусі. Шмат урачыстых мерапрыемстваў адбудзецца ўжо сёння. А суботняя праграма пачнецца са святочнага шэсця. Апоўдні ў Музеі беларускага кнігадрукавання адкрыецца Міжнародны круглы стол “Дыпламатыя слова: Францыск Скарына ў сусветнай гуманітарнай прасторы”. У гарадскім Палацы культуры пройдзе фінал конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” — у ім прымуць ўдзел больш за 13 тысяч школьнікаў.

А на плошчы імя Францыска Скарыны гасцей і ўдзельнікаў свята чакае фестываль кнігі і прэсы. У прыватнасці, у павільёне выданняў рэдакцыі газеты “Советская Белоруссия”, сярод якіх і “Народная газета”, вас чакае шмат цікавых сустрэч, прэзентацый, конкурсаў, віктарын і прыемных сюрпрызаў — абавязкова завітайце сюды!

Значная падзея святочнай праграмы — цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, якая адбудзецца 3 верасня. Саюз пісьменнікаў таксама прадставіць літаратурна-музычную праграму “Як на свет нарадзіўся Янка” па матывах рок-оперы “Курган”. На галоўнай сцэне выступяць беларускія паэты, артысты, музыканты. А каля гарадскога фантана будзе працаваць творчая пляцоўка “Слова пісьменніка”, дзе жадаючыя змогуць набыць кнігі, атрымаць аўтографы, пагутарыць з літаратарамі.

Гэта толькі маленькая частка запланаваных мерапрыемстваў. Больш падрабязную праграму свята ў Полацку можна знайсці на сайце Міністэрства інфармацыі. І хто яшчэ не даехаў — усе ў старажытны горад! Запішам разам у “полацкі сшытак” новыя старонкі.

pepel@sb.by

Фота БЕЛТА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter