Ёсць праблема: куды падацца маладым акцёрам з Акадэміі мастацтваў пасля размеркавання

Дзе прытулак для акцёра?

У 2013-м, калі яны паступалі, ва ўсіх былі вельмі высокія балы. Яны маглі б ісці на самыя прэстыжныя спецыяльнасці — IT-тэхналогіі, міжнародныя зносіны — і ўжо сёння, атрымаўшы дыплом, без праблем знайсці сабе добрую працу і зарабляць неблагія грошы. Але яны выбралі іншы шлях: прайсці дзевяць колаў пекла, прабачце, тры туры творчага конкурсу, і стаць акцёрамі. Тады тэатральны факультэт Беларускай акадэміі мастацтваў быў іх марай, потым на чатыры гады стаў домам. Сёння ж, развітаўшыся з альма-матар, мала хто задаволены сваім становішчам. Зусім іншым бачыўся ім пачатак іх кар’еры.

Многія мараць стаць студэнтамі Акадэміі мастацтваў, але шчасціць не ўсім

Народны артыст Беларусі Мікалай Кірычэнка толькі-толькі скончыў набор новых студэнтаў у сваю майстэрню. Цяжка ўздыхае: маўляў, гэта заўсёды была справа не з лёгкіх, а тут яшчэ і ўмовы прагляду абітурыентаў змяніліся. Але ўсё гэта толькі кветачкі, ягадкі будуць потым. Бо што было з сёлетнім выпускам — лепш зусім не ўзгадваць:

— Ледзь усіх «прыстроілі», іншага слова не прыдумаеш. З кожным годам размеркаванне ідзе цяжэй і цяжэй: тэатрам не патрэбна моладзь…

«Усіх» — гэта Мікалай Міхайлавіч меў на ўвазе толькі бюджэтнікаў. Пра платнікаў нават не ўзгадваюць: маўляў, з самага пачатку павінны былі разумець, што дзяржава наўрад ці прапануе ім першае гарантаванае месца працы. Тут ледзь дзесяцярых размеркавалі. Зноў жа «размеркавалі» — слова не вельмі дакладнае, большасць размяркоўваліся самі.

Па сутнасці, студэнты яшчэ загадзя ведалі, что з працаўладкаваннем будуць праблемы. Яны штогод назіралі складанасці з размеркаваннем на старэйшых курсах. Сітуацыя не новая, таму, у прынцыпе, усе ведалі, што іх чакае наперадзе. Дакладней, зусім не ведалі, які ж тэатр расчыніць для іх свае дзверы.

— Не турбуйцеся, усім знойдзем месца! — супакойваў дэкан тэатральнага факультэта заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Мішчанчук.

Урэшце, у пачатку года, калі ў акадэмію прышлі заяўкі на размеркаванне, некаторыя дзяўчаты ледзь не страцілі прытомнасць.

Па-першае, маладыя акцёры былі патрэбны толькі ў абласныя тэатры, па-другое — толькі хлопцы. Не сказаць, што тры прыгажуны былі вельмі шчаслівыя ад таго, што ім прыйдзецца ехаць за межы Мінска. Але іншых варыянтаў не было. «Набяромся вопыту, а там будзе бачна» — з такім дэвізам яны і накіраваліся хто ў Магілёў, хто ў Брэст, хто ў Гродна.

А што астатняя «цудоўная сямёрка»? Паліна Дабравольская малюе карціну, праз якую прайшлі амаль усе студэнты:

— Прыходзіш у які-небудзь тэатр і просіш, каб цябе паглядзелі. З ходу адмаўляюць: «Нам не патрэбны людзі». Ледзь на калені не кідаешся: «Вазьміце хоць на чвэрць стаўкі». Не. Ідзеш у наступны тэатр. Тая ж размова.

Але Паліне грэх скардзіцца. Ёй у выніку пашчасціла больш за іншых. У яе сёння некалькі, хай і зусім маленькіх, роляў у спектаклях, а хутка будзе і галоўная ў мюзікле Next to normal, які рыхтуе зараз «Тэрыторыя мюзікла».

Так, яна трапіла ў прыватны тэатр. У марах былі Купалаўскі і РТБД, але сталася інакш. Шкадуе? Не! Тут жа амаль адразу галоўная роля, да таго ж выдатны калектыў і вельмі добрае кіраўніцтва. Ёсць у прыватнікаў і іншая перавага: яны ставяць не тое, што дыктуюць зверху, а тое, што просіць душа.

Але навошта «Тэрыторыі мюзікла» моладзь у штаце? Гэты тэатр некалі задумваўся як пляцоўка для запрошаных артыстаў. Так танней: прыйшоў чалавек у свой выхадны дзень, праспяваў-станцаваў, атрымаў ганарар і «да пабачэння». А тут «цяжар» у выглядзе нявопытнай дзяўчыны.

Студэнты Мікалая КІРЫЧЭНКІ хацелі б іграць на адной сцэне са сваім майстрам, але нікому месца ў Купалаўскім тэатры не знайшлося
— На самай справе першыя акцёры з’явіліся ў нашым штаце яшчэ ў 2013-м, дарэчы, якраз выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Наша кіраўніцтва ўвесь час шукае маладыя таленты: Дзмітрый Якубовіч і Анастасія Грыненка ходзяць па навучальных установах, цікавяцца ў іншых артыстаў пра іх калег. Вось сёлета ўзялі адразу траіх, не хацелася, каб рабяты засталіся на вуліцы, — у намесніка кіраўніка «Тэрыторыі мюзікла» Вольгі Нікалаеўскай ад нас няма ніякіх сакрэтаў.

Траіх? Аказалася, разам з Палінай пашчасціла і яе аднакурсніку Раману Шыцько, а таксама Ксеніі Харашкевіч. Гэта дзяўчына — асобная гісторыя, яна — выпускніца рэжысёрскага аддзялення тэатральнага факультэта. У размове Ксенія расказала, што з размеркаваннем у іх амаль тая ж сітуацыя, што і ў выпускнікоў акцёрскага аддзялення: нявопытную моладзь ніхто не бярэ.

Ксенія аб сваім лёсе паклапацілася загадзя, яна яшчэ год таму пачала абіваць парогі «Тэрыторыі мюзікла», і ў рэшце рэшт маладога рэжысёра размеркавалі туды. Толькі там яна займаецца не пастаноўкамі (тэатру пакуль і адной Анастасіі Грыненка хапае), а выходзіць на сцэну. Добра, што акцёрская адукацыя ў яе ёсць: яшчэ да акадэміі скончыла Магілёўскі каледж мастацтваў.

Дык што мы маем у выніку з сёлетнімі выпускнікамі аддзялення акцёрскага мастацтва (драматычны тэатр і кіно)? Літаральна ў гэтыя дні на сваім першым рабочым месцы павінны з’явіцца ўсе дзесяць чалавек-бюджэтнікаў. Пра пяцярых мы ўзгадалі, яшчэ дваім пашчасціла трапіць у Маладзёжны тэатр, адна дзяўчына з’явіцца ў ТЮГ і адна ў Тэатры-студыі кінаакцёра. Дарэчы, некаторыя прыняты не на поўную стаўку. Але самае незвычайнае месца працы ў Наталлі Горбань, якую прытуліў дзіцячы інтэрактыўны тэатр «Кропка».

Як відаць, сёлета свае плечы падставілі прыватнікі: яны забралі сабе траіх з дзесяці маладых акцёраў. Як будзе ў наступны раз? Чакаць, што тэатры раптам адмовяцца ад заслужаных і народных пенсіянераў і захочуць набраць моладзь? Сумніўна. Хутчэй за ўсё, чарговай дзясятцы ўжо сёння трэба развітацца з марамі пра Купалаўскі або Горкаўскі і загадзя заняцца пошукам першага рабочага месца.

Шукаць падпрацоўку, дарэчы, прыйдзецца і тым, хто ўжо размеркаваўся. На тыя 200—300 рублёў, што яны змогуць зарабляць як маладыя спецыялісты, пражыць цяжка. Ідучы на тэатральны факультэт, яны мараць пра чырвоную ікру, а ім ледзь на хлеб хапае.

Дык ці варта наогул праходзіць дзевяць колаў пекла, каб потым дзiцячыя мары разбіліся аб рэчаіснасць?..

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter