Дзе “Прамень” — там і “Надзея”

У сталіцы Латвіі ўрачыста адсвяткавалі юбілей Рыжскага беларускага таварыства і ансамбля беларускай народнай песні. Віншаванняў было — мора, у тым ліку і спеўна-музычных.Знакавым быў мінулы год у жыцці беларускай дыяспары ў Латвіі. У лютым падпісана грунтоўная праграма супрацоўніцтва паміж міністэрствамі культуры Беларусі і Латвіі. Актывістам помніцца іх паездка ў Беларусь, цёплыя сустрэчы ў Мінску, іншых месцах краіны. Ажывілася прымежнае супрацоўніцтва, а сёлета пачнуцца новыя праекты — з прыцягненнем фінансавых сродкаў Еўрасаюза. Добрыя вынікі даў і Беларуска-Латвійскі форум гарадоў-пабрацімаў, які праходзіў у маі. У гэтых ды іншых справах актыўна ўдзельнічалі нашы суайчыннікі, якія пашыраюць беларускую культуру на латвійскай зямлі і тым самым замацоўваюць станоўчы вобраз Айчыны ў Латвіі. З кожным годам мацнее і Саюз беларусаў Латвіі, і летась ужо святкаваліся яго 10-я ўгодкі: яркія Дні беларускай культуры з тае нагоды прайшлі па ўсіх беларускіх суполках. Пра тое, дарэчы, пісала і наша газета.
У сталіцы Латвіі ўрачыста адсвяткавалі юбілей Рыжскага беларускага таварыства і ансамбля беларускай народнай песні. Віншаванняў было — мора, у тым ліку і спеўна-музычных.

Дарагіх сяброў-­юбіляраў вітаюць беларусы з ЕкабпілсаЗнакавым быў мінулы год у жыцці беларускай дыяспары ў Латвіі. У лютым падпісана грунтоўная праграма супрацоўніцтва паміж міністэрствамі культуры Беларусі і Латвіі. Актывістам помніцца іх паездка ў Беларусь, цёплыя сустрэчы ў Мінску, іншых месцах краіны. Ажывілася прымежнае супрацоўніцтва, а сёлета пачнуцца новыя праекты — з прыцягненнем фінансавых сродкаў Еўрасаюза. Добрыя вынікі даў і Беларуска-Латвійскі форум гарадоў-пабрацімаў, які праходзіў у маі. У гэтых ды іншых справах актыўна ўдзельнічалі нашы суайчыннікі, якія пашыраюць беларускую культуру на латвійскай зямлі і тым самым замацоўваюць станоўчы вобраз Айчыны ў Латвіі. З кожным годам мацнее і Саюз беларусаў Латвіі, і летась ужо святкаваліся яго 10-я ўгодкі: яркія Дні беларускай культуры з тае нагоды прайшлі па ўсіх беларускіх суполках. Пра тое, дарэчы, пісала і наша газета.
У віншаванні сваім верным сябрам, паплечнікам перад Новым годам дэпутат XI Сейма Латвіі Алёна Лазарава яшчэ згадвала і шэраг іншых леташніх імпрэзаў. Гэта, напрыклад, вечырына з нагоды 75-х угодкаў кампазітара Ігара Лучанка ў суполцы “Спатканне” ў Екабпілсе, уручэнне Елгаўскай бібліятэцы экзэмпляраў “Беларуска-латышскага; Латышска-беларускага слоўніка” пад час прэзентацыі ў гонар 90-годдзя аўтара, Мірдзы Абалы. Хораша зладзілі суайчыннікі з суполкі “Уздым” свой “Беларускі Кірмаш” у Даўгаўпілсе, у Дагдзе створаны новы гурт “Аколiца”, а Дагдскае беларускае таварыства “Вербiца” адкрыла нават Беларускі дом. Гурт “Сузор’е” з Рэзэкне адзначыў чарговы юбілей, цікава прайшлі традыцыйныя “Пакроўскія вячоркі” у Прэйлях. А яшчэ былі сустрэча са студэнтамі з Беларусі ў Вентспілсе, урокі беларускай гісторыі ў Елгаве, навагоднія святы ў Краславе і Зілупе…
З шэрагу падзей выдзелім гэтую: у Рызе адзначалі свае юбілеі разам таварыства “Прамень” (20 гадоў з часу рэгістрацыі) і гурт “Надзея” (яму ўжо 25!). На ўрачыстасць сабралася шмат актывістаў беларускіх суполак з усёй Латвіі, шаноўных гасцей, у тым ліку і ў асобе новага Пасла Беларусі у Латвіі Марыны Даўгаполавай. Яна, дарэчы, ладзіла і ўрачысты прыём для суайчыннікаў напярэдадні Новага года.
Двайны ж юбілей адзначалі ў Белай зале Рыжскага латышскага таварыства. Там была разгорнута і арыгінальная выстава з адлюстраваннем этапаў пашырэння як увогуле беларускага руху ў Латвіі, так і станаўлення Саюза, ягонай вядучай суполкі “Прамень” ды ўнікальнага на постсавецкай прасторы гурта “Надзея”. Самадзейныя артысты дасягнулі высокага прафесійнага ўзроўню, іх ведаюць не толькі ў Латвіі і Беларусі — у многіх іншых краінах Еўрасаюза і СНД. І цяпер гурт актыўна ўдзельнічае ў шматлікіх фестывалях, конкурсах, святах песні, а гэта ж — верны шлях да поспеху, узнагарод, прызнання слухачаў. Цяпер, дарэчы, у рэпертуары гурта больш за 200 песень, і нават спецыялісты адзначаюць яго высокі вакальны ўзровень, а таксама непаўторнасць, самабытнасць.
Вядома, у такім паўнавартасным творчым жыцці “Надзеі”, у шматграннай дзейнасці суполкі вялікая заслуга як кіраўніка Саюза беларусаў Латвіі Валянціны Піскуновай, так і лідара суполкі, дэпутата Сейма Алёны Лазаравай. Пра тое не раз казалі, ім аддавалі даніну павагі розныя выступоўцы. Цёпла віншавала юбіляраў і пасол Марына Даўгаполава. Пад апладысменты яна ўручала ганаровыя граматы, падзякі ад дзяржаўных арганізацый Беларусі ўсім кіраўнікам “Праменя” ад часу нараджэння. А былі гэта, нагадаем, Валянціна Кліменка, Алесь Карповіч, Мікалай Буры, Валянціна Піскунова, цяпер на чале Алёна Лазарава. Ушанаваны таксама кіраўнікі, члены гурта “Надзея”, актывісты суполкі “Прамень”.
Віншавалі юбіляраў, уручалі ім падарункі таксама дэпутаты Рыжскай думы, прадстаўнікі мэрыі, кіраўнік “Русского дома” і прадстаўнік пасольства Расіі, дэпутаты Сейма, прадстаўнікі Міністэрства культуры Латвіі, кіраўнік Рускага культурнага таварыства, члены Кансультатыўнага савета нацменшасцяў пры Прэзідэнце Латвіі, прадстаўнікі Рыжскага латышскага таварыства, лідары грамадскіх суполак нацменшасцяў Латвіі… Пералік можна доўжыць, і за кожным віншаваннем — канкрэтныя справы, сумесныя праекты, сяброўскія кантакты.
Арыгінальным атрымаўся і грандыёзны канцэрт. Гэта была незабыўная, вельмі душэўная мазаіка з музыкі, спеваў, вершаў-пасвячэнняў, кветак, сардэчных слоў і падарункаў. Іх прывезлі з розных куткоў Латвіі землякі-беларусы, актывісты рэгіянальных беларускіх суполак, артысты самадзейных гуртоў. Прычым гучалі ў зале як беларуская мова, так і руская, латгальская, латышская. Дарэчы, шматлікія госці адзначалі: магчыма, атмасфера такога разнамоўнага сяброўства, творчасці, высокага дыялогу разнастайных талентаў — гэта і ёсць самы галоўны вынік дзейнасці і “Праменя”, і “Надзеі”.
Асаблівую цеплыню святу надало і тое, што вялі вечарыну вельмі таленавітыя людзі. Мікалай Буры, адзін з заснавальнікаў суполкі, спецыяльна прыехаў на сустрэчу з-за мяжы. Алена Міцкевіч — таксама адна з заснавальніц суполкі і ансамбля. І добрых памочнікаў у іх было нямала. А дэпутат Сейма, старшыня суполкі “Прамень” Алёна Лазарава, як аказалася, ва ўсім таленавітая: разам са сваімі дочкамі Аняй ды Янай яна прыгожа і натхнёна выканала песню “Ручнік” на словы вядомага беларускага паэта з Даўгаўпілса Станіслава Валодзькі.

Рыгор Арэшка

На здымку:
Дарагіх сяброў-­юбіляраў вітаюць беларусы з Екабпілса
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter