Семь чудес земли белыничской - чем еще удивит День письменности?

Дзе ночы белыя і людзі адмысловыя

Праграма свята рэспубліканская, і пад сваю апеку многае ўзялі арганізатары са сталіцы, тым не менш бялыніцкія рупліўцы таксама пастараліся, каб прэзентаваць свой край у лепшым ды ярчэйшым святле. Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Фурсава расказвае пра інтэрактыўную пляцоўку-інсталяцыю «Край белых начэй», дзе ўсе ўстановы культуры і адукацыі прадставяць свае работы, інавацыі, майстроў слова. На творчую кагорту бялыніцкая зямля асабліва багатая. Адсюль паходзяць пісьменнікі Наталля Батракова, Васіль Найдзін, Рыгор Сарока, Мікола Падабед, Рыгор Яўсееў, Янка Шарахоўскі, мастакі Віктар Альшэўскі, Ларыса Журавовіч. У праграме чытанне паэзіі аднаго з першых літаратараў гэтага краю іераманаха Васіля Жудро.

– Нашых таленавітых сыноў не пералічыць. Ганарымся і сваімі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. Найперш гэта сем цудаў, якія таксама будуць прадстаўлены на пляцоўцы «Край белых начэй», — цудатворны абраз Маці Божай Бялыніцкай, гармата часоў Айчыннай вайны 1812 года, гаючая вада ад Фядоры, жывапіс мастака Бялыніцкага-Бірулі, старажытны Запольскі крыж, каскад з сямі азёр, падзевіцкі камень-лекар, —
пералічае Ірына Уладзіміраўна.

Адны з самых значных культурных падзей, прымеркаваных да Дня пісьменства, — адкрыццё Мастацкага музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі і скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай іконе Божай Маці. А яшчэ аднаўленне фрэскі, якая бярэ выток у тамтэйшым славутым манастыры.

У культурным «райдары» — Алея падарожных сталіц, дзе будуць паказаны ўсе гарады, якія некалі прымалі свята пісьменства. Удзельнікі закладуць алею і рушаць касцюміраваным шэсцем да галоўнай сцэны — там распачнецца гала-канцэрт выканаўцаў маладзёжнай і патрыятычнай песні, прысвечанай памяці Героя Савецкага Саюза Л. Лорчанкі. Тутэйшыя артысты пакажуць, на што яны здатныя. І ў гэтым рэчышчы родная зямля не падвяла. Яе выхадцы — акцёры, якія не маюць патрэбы ў прадстаўленні, — Генадзь Аўсяннікаў, Мікола Рагаўцоў, оперны спявак Юрый Гарадзецкі.

Пісьменніцкая кагорта ўшанавала флагмана вытворчасці СПК «Колхоз «Родина», напісала пра яго кнігу і плануе зрабіць семінар у вёсцы Вішаў, дзе знаходзіцца гаспадарка, сустрэцца з яе калектывам, школьнікамі і педагогамі. І, вядома, найвялікшы акцэнт арганізатараў, як мясцовых, так і сталічных, — на абраз Божай Маці Бялыніцкай. Гэта другая ікона па значнасці ў Беларусі, каранаваная, валодае гаючымі ўласцівасцямі, да яе прыхіляюцца католікі і праваслаўныя. Жыхары шчыра вераць, што яна ахоўвае іх і родныя Бялынічы. Размешчана і на гербе, таму рашэнне ўвекавечыць абраз у бронзе стала заканамерным.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter